Знайсці
28.03.2023 / 10:282РусŁacБел

«Ашаламляльна». На «М@RT.Кантакт» упершыню перамог беларускамоўны спектакль

«Ашаламляльная сцэнаграфія, усё склалася», — казалі гледачы пра спектакль «Пачупкi», які стаў пераможцам на міжнародным фестывалі «М@RT.Кантакт». Ён у Магілёве адбыўся 16-ты раз. На яго прыехалі тэатральныя калектывы толькі з чатырох краін. «Тэатральны шырспажыў», — абураюцца некаторыя прывазнымі спектаклямі.

На адкрыцці фестывалю «М@RT.Кантакт», 2023 год

Галоўным прызам фэсту — «Залатой маскай» — узнагародзілі спектакль «Пачупкі» Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі (РТБД). Ніколі раней беларускамоўныя спектаклі на «М@RT.Кантакце» не перамагалі.

Пастаноўку РТБД у гутарках з «Нашай Нівай» адзначалі і гледачы.

«Ашаламляльная сцэнаграфія, зладжаная праца акцёраў, пластыка, галасы, музычнае афармленне. Усё склалася», — каментуе ўбачанае адзін з гледачоў.

«Пачупкі» стварыў рэжысёр Яўген Карняг. Гэта спектакль-роздум на тэму нараджэння дзіцяці. 

«Жыццё чалавека вызначаюць тры ключавыя этапы — народзіны, шлюб і смерць. Спектакль «Пачупкі» з’яўляецца працягам гісторыі «Шлюбу з ветрам», другім крокам пагружэння рэжысёра Карняга, кампазітара Аверкавай і РТБД у беларускую культуру», — адзначаецца ў прэзентацыі спектакля.

Фрагмент спектакля «Пачупкі». Фота: rtbd.by

З 18-ці спектакляў сёлетняга фестывалю чатыры былі на беларускай мове — больш, чым раней. Акрамя «Пачупак», паказалі яшчэ «Локіса» ў пастаноўцы Алега Жугжды з Гродзенскага абласнога тэатра лялек, а таксама «Магілу льва» і «Мікітаў лапаць» Магілёўскага тэатра лялек.

Гледачы цёпла адгукаліся аб дэтэктыве «Локіс». Яго журы адзначыла спецыяльным прызам.

У спектаклі гаворка пра доследы галоўнага героя праўдзівасці літоўскіх легендаў аб людзях, здольных ператварацца ў мядзведзяў. Гродзенскія акцёры зрабілі з сюжэта навелы Праспэра Мэрымэ дэтэктыў.

Фрагмент спектакля «Локіс» на фестывалі «М@RT.Кантакт», 2023 год. Фота: mycity.by

Сярэбраную маску журы аддало спектаклю «Марыя Сцюарт» Пецярбургскага камернага тэатра «ТОК».

Прыз глядацкіх сімпатый дастаўся спектаклю «Людзі Ламанчы» Арлоўскага дзяржаўнага тэатра для дзяцей і моладзі «Вольная прастора».

Фестываль ад заснавання задумваўся як моладзевы тэатральны форум з наватарскімі спектаклямі тэатраў розных краін. Гэтай ідэі арганізатары стараюцца трымаюцца дагэтуль, хоць апошнія два гады на мерапрыемствае больш сціплы спіс удзельнікаў.

Першы «М@RT.Кантакт» правялі ў 2006 годзе з ініцыятывы Магілёўскага драматычнага тэатра, які падтрымала ўпраўленне культуры Магілёўскага аблвыканкама.

На адкрыцці 16-га фестывалю «М@RT.Кантакт»

Сёлета геаграфія ўдзельнікаў абмежавалася Беларуссю, Расіяй, Казахстанам і Балгарыяй. 3 20 па 27 сакавіка было паказана 18 спектакляў, 9 з іх — беларускія, 6 расійскіх пастановак, 2 казахскія і 1 балгарская.

На ранейшыя фестывалі з'язджаліся тэатральныя калектывы з дзясятка краін.

Сёлетні «М@RT.Кантакт» другі запар, у якім не ўдзельнічалі тэатры з Украіны. Раней украінцы ўзбагачалі фэст смелымі для беларускай рэчаіснасці пастаноўкамі.

Ад 2014 года тэатральная публіка не хавала сваёй прыхільнасці ды захаплення ігрою ўкраінскіх акцёраў. Іх спектаклі праходзілі з аншлагам, а па заканчэнні гучала «Слава Укране».

Фрагмент спектакля «Баль генія». Фота: mogilevnews.by

Дзевяць гадоў таму цёпла віталі магілёўцы Львоўскі тэатр «Воскресіння», які за два месяцы да прыезду ў Магілёў выступаў у Кіеве на Майдане. Сваю пастаноўку «Баль генія» ўкраінцы паказалі на плошчы перад магілёўскай ратушай. Праз год пад воклічы «Слава Украіне» і працяглыя авацыі прайшоў спектакль «Матухна Кураж і яе дзеці» кіеўскага тэатра «Кураж».

У 2018 годзе на фестывалі Кіеўскі тэатр «Залатыя вароты» паказаў шыкоўную пастаноўку «Тата, ты мяне любіў?» паводле твора беларускага драматурга Дзмітрыя Багаслаўскага. Спектакль быў сустрэты ў Магілёве авацыямі.

Фрагмент спектакля «Тата, ты мяне любіў?»

У 2019-м рэжысёр Стас Жыркоў з беларускімі акцёрамі паказаў спектакль па кнізе Андруся Горвата «Радзіва «Прудок» — «Гэтамы». Зала доўга не адпускала са сцэны выканаўцаў.

Гледачы адзначаюць, што фестывальныя спектаклі былі з аншлагам. Яны кажуць, што стаміліся ад дэпрэсіўнага жыцця, напоўненага няпэўнасцю і страхам заўтрашняга дня. У пастаноўках жа хацелі ўгледзець надзею на іншае, а ў дыялогах акцёраў пачуць тое, што не наважваюцца сказаць самі.

У тэатральным асяроддзі ж перакананыя: тое, што сёлетні «Март-кантакт» быў праведзены на належным узроўні, заслуга рэжысёра-пастаноўшчыка магілёўскага тэатра Камілы Хусаінавай.

У 2018 годзе на фестывалі яна паказала свой спектакль «Жоўты пясочак», пастаўлены паводле апавядання Васіля Быкава. Тады пастаноўка зрабіла фурор на фэсце. 

Тэатралы разам з тым адзначаюць, што апошнія два гады пры адборы ўдзельнікаў дамінуе ідэалагічная ўстаноўка, згодна з якой якасць спектакляў другарадная. На першым плане — колькасць тэатраў і краіны, якія іх прадстаўляюць.

Такі падыход прыдумалі пасля пратэстаў 2020 года. Тады Магілёўскі тэатр зазнаў чыстку. Супрацоўнікі і акцёры, што выступілі за правядзенне новых выбараў, былі заўважаныя на пратэстах, а таксама настойвалі на ўвядзенні каранціну падчас пандэміі, былі звольненыя. Страціў пасаду і шматгадовы дырэктар Андрэй Новікаў, які дапусціў, на думку ўлады, вальнадумства падначаленых.

На адкрыцці фэстывалю «М@RT.Кантакт». 2023 год

Інстынкт непрымання

Нямала магілёўскіх аматараў сцэнічнага мастацтва гаворыць, што палітычны крызіс 2020 года, гвалт, рэпрэсіі, у тым ліку супраць дзеячаў мастацтва, а затым вайна ва Украіне прывялі да непрымання таго, што арганізуе ўлада. Гэта тычыцца і фестывалю «Март-кантакт».

Рамонт вуліцы ў дні правядзення фестывалю «Март-кантакт», 2023 год

Як аргумент «своеасаблівага» стаўлення да яго гучыць тое, што побач з тэатрам за тыдзень да адкрыцця сталі рамантаваць вуліцу. Будаўнічая тэхніка стала сімвалам фэсту.

«Раней краін-удзельніц было шмат, каля 20-ці, у тым ліку Германія, Ізраіль. Мне падаецца, што самым удалым быў 2012 год. Тады яшчэ Латушка быў міністрам культуры. Я нават з працы ўцякала на спектаклі, а калегі страхавалі. Дагэтуль памятаю ўражанні ад пастаноўкі ізраільскага тэатра «Пантаміма», — згадвае заўсёдніца фэстаў.

На думку яшчэ адной суразмоўніцы, найлепшыя фестывалі былі ў 2017 і 2018 гадах. Тады ўдзельнічалі тэатры з Германіі, Польшчы, Украіны, Чэхіі, Швецыі. На фэст збіраліся найлепшыя тэатральныя калектывы з Беларусі. Не было, як цяпер, насцярожанага стаўлення да расіян.

Заўсёдніца фестывалю згадвае, што грузінскія акцёры прывозілі на яго дзіўныя па сіле эмоцый і майстэрству спектаклі.

«Але гэта ўсё ў мінулым», — адзначае яна. Жанчына перакананая, што Беларусь на доўгія гады апынулася на ўскрайку цывілізацыі з адназначнай рэпутацыяй.

«Тыя, хто прыязджае да нас з-за мяжы, прывозяць тэатральны шырспажыў, пашляціну, якую падаюць як наватарства. Усцяж кан’юктура. А цэны на спектаклі кусачыя. Нават і тут на нас адыгрываюцца», — падсумоўвае яна.

Рамонт вуліцы схавалі такой агароджай

Тыя, хто працягвае хадзіць на пастаноўкі фэсту, больш аптымістычна настроеныя. Яны лічаць, што трэба перажыць цяжкія «часы выпрабаванняў».

«Нельга на ўсё махаць рукой. Так мы можам незаўважна забыць і махнуць рукой на сябе, — адзначае адзін з такіх. — Трэба падтрымліваць тое, што ёсць, што засталося. Сёлета на фэсце было найбольш за ўсе яго часы спектакляў на беларускай мове. Гэта парадавала».

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ
Чытайце таксама:
У Нацыянальны акадэмічны тэатр імя Янкі Купалы набралі акцёраў з Расіі
Мінкульт акрэсліў, што трэба зрабіць артыстам з чорных спісаў для вяртання на сцэну
Беларуса прызначылі галоўным запрошаным дырыжорам у тэатр на Сіцыліі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Нейкi сюр/адказаць/
28.03.2023
Да гэта жэ настаяшчая мягкая беларусизацыя! Назло збеглым! Хай вяртаюцца у БССР! 
2
Язэп/адказаць/
29.03.2023
Гэта не беларускі тэатр.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера