Знайсці
26.03.2023 / 14:322РусŁacБел

«Прылятае коптар з запіскай «Ідзі за мной!» Украінскія вайскоўцы з дапамогаю дрона вывелі жанчыну з-пад абстрэлу пад Ізюмам

Улетку 2022 года ўкраінскія вайскоўцы змаглі дыстанцыйна вывесці жанчыну з-пад расійскага абстрэлу. Гісторыя адбылася непадалёк ад Ізюма, які на той момант быў акупаваны расійскімі войскамі, піша «Настоящее время».

Выратаваць з дапамогаю дрона Валерыю Панамарову змаглі байцы 93-й брыгады «Халодны Яр». Скрын відэа

Жанчыну, якую выратаваў квадракоптар, клічуць Валерыя Панамарова, да вайны яна жыла ў Данецкай вобласці. Неўзабаве пасля пачатку вайны яна разам з мужам выехала з Кіева на машыне ў бок Бахмута, каб эвакуяваць бацькоў мужа. Ні мабільнай сувязі, ні навігатара ў мужа і жонкі не было.

У Харкаўскай вобласці, пад Ізюмам (горад тады быў акупаваны расійскімі войскамі), па іх аўтамабілі пачалі страляць расіяне. Муж быў паранены, а Валерыя, паводле яе слоў, апынуўшыся пад абстрэлам, проста не ведала, што ёй рабіць.

«Я пачала даставаць рэчы і перавязваць яго: швэдрамі, джынсамі, каб спыніць неяк крывацёк, — распавядае Панамарова. — Потым я ўжо ўбачыла, што яму ў галаву патрапілі. Ён страціў прытомнасць, а потым ачуняў: пытаўся, дзе мы, што здарылася».

Непадалёк ад месца расстрэлу ў гэты час пралятаў квадракоптар украінскіх вайскоўцаў. З яго дапамогай УСУ ўбачылі, што расійскія вайскоўцы, якія адкрылі агонь па аўтамабілі, ужо рушылі ў бок машыны. Яны вырашылі паспрабаваць дыстанцыйна дапамагчы людзям выбрацца з небяспечнага месца.

«Квадракоптар прыляцеў, ён мне нешта паказваў, але я не разумела, — распавядае Валерыя. — Я паказвала на Андрэя, стаяла на каленях і крычала «Ратуйце!» Потым коптар паляцеў і прыляцеў з запіскай на ўкраінскай: «Ідзі за мной».

Валерыя даверылася і пайшла за коптарам, спадзеючыся з яго дапамогай прывесці дапамогу да параненага мужа. Яна прыгадвае, што, пакуль яна ішла, навокал гучалі выбухі. Але аператар дрона змог правесці жанчыну пад абстрэламі так, каб абысці ўсе міны, якія ляжалі на дарозе.

Праз некалькі хвілін Валерыя дабралася да пазіцый украінскіх вайскоўцаў.

У гэты час расійскія вайскоўцы ўжо падышлі да яе мужа Андрэя. Мужчына быў без прытомнасці праз страту крыві, і менавіта гэта яго і выратавала: расіяне падумалі, што Андрэй ужо мёртвы, і скінулі яго ў яму ля дарогі. Там ён праляжаў больш за суткі.

«Я прачнуўся ад таго, што дождж лье і мне холадна. Я ўбачыў сваю машыну расстраляную і папоўз туды, — распавядае Андрэй Багамаз. — Выкінуў усё з багажніка, лёг у багажнік і ляжаў. Колькі я там ляжаў, я не ведаю».

Андрэй узгадвае, што, калі ён апрытомнеў, то ноччу змог дайсці да пазіцый украінскіх вайскоўцаў: проста накіраваўся ў той бок, адкуль прыехаў. Там яго адразу перадалі медыкам.

«Пакуль яшчэ швы не знялі, пласціну толькі паставілі ў галаву. Астатнія асколкі яшчэ пакуль не вымалі, каб глыбока не рэзаць. А тыя, што блізка падыходзяць, іх потым выдаляюць», — распавядае Андрэй.

Увосень мінулага года, калі сам горад Ізюм і яго ўскраіны ў Харкаўскай вобласці былі дэакупаваны, украінскія паліцыянты знайшлі расстраляны аўтамабіль мужа і жонкі: ён стаяў прама пасярод дарогі.

Следчым удалося аднавіць дэталі гэтай гісторыі. Яны лічаць, што агонь па сямейнай пары, якая ехала ў грамадзянскім аўтамабілі, адкрыў 26-гадовы жыхар Масквы Клім Каржаеў, старшы лейтэнант, камандзір мотастралковай роты УС РФ. Украінская паліцыя апублікавала перахоп тэлефоннай размовы вайскоўца са сваёй жонкай: ён адбыўся ў дзень расстрэлу.

«А я людзей, чалавека сёння забіў», — прызнаецца вайсковец у гэтай размове.

«Ты забіў? Якога, хахла?» — пытае яго жонка.

«Ды хто яго ведае, — адказвае вайсковец. — Карацей, машына ехала, я як п***ануў з БМП. Жанчына выжыла, мужык — не».

На Каржаева ва Украіне завялі справу: за спробу забойства яму пагражае да 15 гадоў турмы.

«Нашы калегі за мяжой абавязаны гэтую асобу арыштаваць і перадаць кампетэнтным органам нашай дзяржавы, — заўважае пракурор Харкаўскай вобласці Аляксандр Фільчакоў. — Гэта значыць перадаць яго нам для наступнага асуджэння».

Аб гісторыі выратавання пры дапамозе дрона зняў дакументальны фільм «Ідзі за мной» украінскі кінарэжысёр Любамір Лявіцкі. У ім гаворыцца, што выратавальную аперацыю змаглі правесці байцы 93-й брыгады «Халодны Яр».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
105
Панылы сорам
2
Ха-ха
1
Ого
3
Сумна
8
Абуральна
3
0
Жертва аборта/адказаць/
26.03.2023
Карацей, машына ехала, я як п***ануў з БМП © Типичный русский. Просто так решил пострелять по рандомной машине с людьми из БМП. И это явно он не один такой.
0
Бакунин/адказаць/
26.03.2023
Жертва аборта, и жена его такое лайно. все они нелюди. 
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930