Знайсці
25.03.2023 / 15:471РусŁacБел

Беларускі фільм «Радзіма» ўзяў гран-пры на Капенгагенскім кінафестывалі

Стужка «Радзіма» (Motherland) беларускіх аўтараў Аляксандра Міхалковіча і Ганны Бадзяка атрымала галоўныя прыз Dox:Award на Капенгагенскім міжнародным фестывалі дакументальнага кіно CPH:DOX. У гэтай «змрочнай і манументальнай» карціне пра Беларусь ідзе гаворка пра тое, «як карупцыя і жорсткая ваенная культура штурхаюць маладых людзей выбіраць чый-небудзь бок», піша Reform.by.

Падчас урачыстай цырымоніі ўзнагароджання рэжысёраў фільма «Радзіма» Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча на Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Капенгагене. CPH:DOX. Фота: cphdox.dk.

Журы аднаго з найбуйнейшых форумаў дакументальнага кіно ў свеце абгрунтавала свой выбар фільма-пераможцы наступным чынам:

«Гэты кінематаграфічны і змястоўны фільм не спяшаўся раскрываць складанасць жыцця ў рамках рэпрэсіўнай і несправядлівай сістэмы. Ён ставіць пад сумнеў ідэю індывідуальнага выбару ў загнаным у кут грамадстве. Назва фільма — гэта спосаб вярнуць уладу жанчынам, якія знаходзяцца на пярэднім краі гэтай барацьбы. [Таму] узнагарода дастаецца фільму «Радзіма» Ганны Бадзякі і Аляксандра Міхалковіча».

Карціна пазначаная як прадукт трох краін — Швецыі, Украіны і Нарвегіі. Але Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч — аўтары з Беларусі, і ў прыватнасці, вядомыя і беларускаму гледачу сваёй сумеснай працай 2018 года — дакументальнай стужкай «Мая бабуля з Марса», якая распавядала пра жыццё бабулі Аляксандра Міхалковіча ў Крыме пасля 2014 года. І ў гэтым фільме кінематаграфісты схапілі час і яго вастрыню.

Анатацыя да «Радзімы» гучыць так:

«Святлана страціла свайго сына, якога знайшлі мёртвым, калі ён служыў у войску. Пакуль яна спрабуе праліць святло на культуру гвалту і здзекаў у беларускіх Узброеных сілах, групе маладых сяброў з тэхна-андэграўнду неўзабаве самім пагражае прызыў у войска. Яны ходзяць на рэйв-вечарыны ў майках і круглых сонцаахоўных акулярах, але праз імгненне вечарынка можа скончыцца — прынамсі, датуль, пакуль на вуліцах не ўспыхнуць масавыя пратэсты пасля нядаўняга «пераабрання» дыктатара-прэзідэнта і прыхільніка Пуціна Аляксандра Лукашэнкі. Пробліск надзеі і абяцанне пераменаў, якія толькі прымушаюць жорсткасць аўтарытарнага грамадства праявіцца ў поўную сілу».

«Беларускія рэжысёры Ганна Бадзяка і Аляксандр Міхалковіч, — гаворыцца ў апісанні да поўнаметражнага дакументальнага фільма. — Стварылі маштабны фільм, які выходзіць далёка за межы краіны і аналізуе постсавецкі стан з пункту гледжання, які рэдка можна ўбачыць: з пункту гледжання моладзі. Сцэна, дзе зняволеных вызваляюць пасярод ночы пасля дэманстрацыі, ашаламляе сваёй маўклівай эмацыйнай насычанасцю. Дзякуючы выдатнай аператарскай працы і глыбокаму веданню культуры, «Радзіма» — адзін з тых рэдкіх фільмаў, якім удаецца захаваць вырашальны момант у гісторыі, пакуль яна яшчэ разгортваецца».

Карціну можна ўбачыць у кінатэатрах Капенгагена 27 і 29 сакавіка.

Варта адзначыць, што беларуская прысутнасць на фестывалі CPH:DOX не вычэрпвалася ўдзелам у конкурсе працы Ганны Бадзяка і Аляксандра Міхалковіча, таксама ў рамках індустрыяльнай часткі форуму ў ім прымалі ўдзел беларускі рэжысёр Максім Швед і прадзюсарка, заснавальніца і дырэктарка фестывалю Паўночных і Балтыйскіх краін «Паўночнае ззянне» Воля Чайкоўская.

Фестывальная праграма CPH: DOX вар’іруецца ад работ буйных міжнародных рэжысёраў да новых талентаў, ад захапляльных прэм’ер да эксперыментальных кіна- і відэапрац на сумежжы кінематографа і візуальнага мастацтва. Праграма выходзіць за традыцыйныя рамкі і прапануе новыя погляды на скрыжаванне кінематографа і медыямастацтва. Капенгагенскі міжнародны фестываль дакументальнага кіно быў заснаваны ў 2003 годзе. Апошні праходзіць з 15 па 26 сакавіка.

Чытайце таксама:

Алесь Чумакоў выканаў па-беларуску вядомую польскую песню пра Гомель

Мінкульт адмяніў кінафестываль «Нефільтраванае кіно» за два дні да пачатку

Канцэрты Маргарыты Ляўчук у Варшаве і Гданьску не адбудуцца. Прычына вельмі сур'ёзная

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Anatol Starkou/адказаць/
26.03.2023
І ніводнага бчб каментара да Важкай Падзеі бчб кіно.

Гэта таму, што прывыкаюць бел-чырвлона-белыя, што па цотным дням ім Захад, падкупляючы, дае Нобелеўкі, а па нецотным гран-пры ды іншыя прэміі.
Гнілы, дзікі, ні разу недэмакратычны Захад, кожнаму з вас, бчб, дасць па пяць Нобелевак і па дзесяць гран-пры + бочку мёду і яшчык пячэння, калі вы знішчыце Беларусь на плошчы ў Мінску падобна так, як украінцы знішчылі пасля майдану-2014 у Кіеве сваю Неньку. І толькі таму дасць і ў рот паложа мёд і пячэнькі, каб вы той разбуральнай плошчай захавалі некранутай цывілізацыю Захада, яго гніласць, дзікасць і недэмакратычнасць.  
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера