Знайсці
25.03.2023 / 09:163РусŁacБел

«Супрацоўнік МЗС згубіў чаравік, уцякаючы ад міліцыі». Якімі былі Дні Волі ў розныя гады

Пра святкаванне гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі згадваюць палітыкі і артысты. «У Купалаўскім скверы здымачную групу БТ закідалі снежкамі, а потым гэты «тэлеканал» распавядаў пра ледзьве не «зверствы» раз'юшанага натоўпу».

Дзень Волі 1996 год. Фота: vytoki.net

Дзень Волі ў 1992-м амаль як афіцыйнае свята

Музыка Лявон Вольскі адзначаў Дзень Волі, здаецца, усё жыццё. Першы раз — у далёкім юнацтве.

«Мы круціліся побач з беларускаарыентаванымі моладзевымі арганізацыямі — «Майстроўняй», «Талакой» — там і даведаліся пра гэты дзень і пачалі адзначаць», — згадвае ён.

Сёлета гадавіну БНР музыка Лявон Вольскі адзначыць традыцыйна — канцэртам, але не ў Беларусі, а ў Вільні. На радзіме ж святочныя рок-канцэрты ладзіліся на Дзень Волі падчас кароткага перыяду дэмакратыі на пачатку 1990-х. Тады Вольскі быў лідарам гурта «Мроя».

Гурт «Мроя» ў пачатку 1990-х. Фота: lavonvolski.com

«Гэта было амаль афіцыйнае свята, аднаго разу гралі на сцэне опернага тэатра (здаецца, у 92-м), і ўсё гэта транслявала БТ», — расказвае музыка.

Як дэмакратыя скончылася, на Дзень Волі сталі праводзіць мітынгі і шэсці.

«Мы там таксама ўдзельнічалі, а потым адзначалі свята ў кавярні ці дома з сябрамі», — кажа Вольскі.

Рокмену Дні Волі 2006 і 2019 гадоў запомніліся найбольш.

«Згадваецца 2006 год, калі ў Купалаўскім скверы здымачную групу БТ закідалі снежкамі, а потым гэты «тэлеканал» распавядаў пра ледзьве не «зверствы» раз'юшанага натоўпу, учыненыя да прадстаўнікоў прэсы, няшчасных сумленных беларускіх журналістаў», — згадвае музыка.

Дзень Волі ў 2019 годзе. Лявон Вольскі (на пярэднім плане стаіць бокам), Ігар Варашкевіч з гурта «Крама» (справа), Павел Аракелян (у глыбіні здымка).

У 2019-м Лявон Вольскі з калегамі-музыкамі вырашылі на Дзень Волі пайграць для народу ў цэнтры Мінска — на скрыжаванні Камсамольскай і Рэвалюцыйнай.

«Не паспеўшы дастаць з кейсаў гітары, дружна паехалі ў Цэнтральны РУУС, дзе нас пратрымалі тры гадзіны на дварэ і гадзіну ўнутры, а потым (такі быў яшчэ вегетарыянскі час) адпусцілі», — успамінае Лявон Вольскі.

У 1996-м патрабавалі жывога эфіру для апазіцыі

Намеснік кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка пра Дзень абвяшчэння незалежнасці БНР даведаўся падлеткам ад захопленага гісторыяй бацькі. Той лічыў гэты дзень найгалоўнейшай падзеяй гісторыі Беларусі і даводзіў сыну, што 25 сакавіка мусіць быць нацыянальным святам.

Бацькі Паўла Латушкі: бацька Павел і маці Валянціна (справа). Фота: сямейны альбом Латушкаў

Па словах палітыка, яго бацькі былі заўсёднікамі мітынгаў і шэсцяў, на якія хадзілі са сваёй рэліквіяй — бел-чырвона-белым сцягам.

«У нашай сям’і захоўваліся нават паштоўкі, якімі Беларускі народны фронт віншаваў майго бацьку з 25 сакавіка. Калі ўваходзіш у кватэру, то можна было пабачыць на люстры налепку з надпісам «25 сакавіка — Дзень БНР» і герб «Пагоня». Таму кожны дзень мы вярталіся да гэтай важнай гістарычнай падзеі. Бацька сам вырабіў з дрэва «Пагоню», і яна таксама была ў кватэры», — згадвае Павел Латушка.

Палітыку найбольш запомніўся Дзень Волі 1996 года. У той час ён быў аташэ дагаворна-прававога ўпраўлення Міністэрства замежных спраў.

З сябрам Уладзімірам, супрацоўнікам гэтага ж упраўлення, ён быў сярод маніфестантаў, якія патрабавалі для апазіцыі жывога эфіру на тэлебачанні. Вялікая грамада людзей сабралася ля аточанага міліцыяй тэлецэнтра на вуліцы Камуністычнай.

«Я памятаю, як кідалі снежкі ў міліцыю. А пазней пачаўся хапун. Мы беглі па праспекце Незалежнасці ад міліцыі са шчытамі, якая выхоплівала з натоўпу людзей без разбору. І ў гэты момант мой сябра згубіў чаравік і, скачучы на адной назе, стараўся яго абуць. А я яму крычаў кідаць гэты чаравік, бо нас заграбуць і мы наўрад ці будзем працаваць, дзе працуем. Зразумела, трапіўшы ў міліцыю, то былі б звольненыя», — згадвае палітык.

Павел Латушка кажа, што на апазіцыйных імпрэзах ён бачыў нямала калег па дыпламатычным корпусе. Пра важнасць Дня Волі гаварыў з начальнікам упраўлення Амерыкі МЗС Андрэем Дапкюнасам.

«Гэта быў той час, калі ўнучаты пляменнік Янкі Купалы быў абсалютна прадэмакратычных, прабеларускіх поглядаў, але сёння ён ужо служыць рэжыму ў Вене і яго бачылі на нядаўнім саміце АБСЕ ў Варшаве, — адзначае палітык. — Мой сябар Валодзя, які згубіў быў чаравік, цяпер намеснік амбасадара ў Азербайджане і забыўся, за што мы хадзілі на мітынгі. Людзі, на жаль, мяняюцца і часам выбіраюць заможнае жыццё дыпламата, але не барацьбу за волю і незалежнасць краіны».

У 2000-м праваабаронцы маглі адбіць ад міліцыі ўдзельнікаў

Спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў пра Дзень Волі даведаўся ў старэйшых класах школы праз зацікаўленасць гісторыяй, чытанне газет. 

Андрэй Ягораў. Фота: сацыяльныя сеткі

«Дзень Волі часцей за ўсё святкавалі ў сяброўскім коле, — кажа палітык. — Можна было пабачыцца з тымі, каго даўно не бачыў, прайсціся вуліцамі пад сцягамі, завітаць пасля ў кавярню. Звычайна на Дзень Волі ў Мінску збіралася масавая акцыя. І часта я быў сярод яе ўдзельнікаў».

Андрэю Ягораву найбольш запомнілася святкаванне Дня Волі ў 2000 годзе. Тады яго першы раз затрымалі, і тую падзею ён называе «змагарскай» гісторыяй.

«25 сакавіка 2000 года мы пайшлі на акцыю на плошчу Якуба Коласа. Я быў валанцёрам «Вясны», а «Вясна», як праваабарончая арганізацыя, маніторыла ўсе масавыя акцыі, — расказвае ён. — Часам можна было нават выцягнуць кагосьці з затрыманых, бо на бэйджы праваабаронцаў і незалежнай прэсы яшчэ звярталі ўвагу, але далёка не заўсёды, канешне. У той дзень якраз не звярталі і міліцыя хапала ўсіх без разбору».

Андрэй Ягораў прабыў двое сутак на Акрэсціна, а суд нечакана яго апраўдаў.

«Нічога асаблівага, канешне, але запомнілася», — адзначае ён.

Напружаны, трывожны Дзень Волі 2006-га

Аляксандр Мілінкевіч дзень БНР лічыць галоўным святам незалежнасці краіны. Ён перакананы: калі Беларусь стане вольнай, яно такім будзе афіцыйна, паводле дзяржаўнага закона.

Аляксандр Мілінкевіч, 1997 год. Фота: 3sektar.by

«У маёй Гародні на пачатку 90-х першыя святкаванні арганізоўвалі дэмакратычныя, як тады казалі — «нефармальныя», арганізацыі, якія паўсталі падчас перабудовы разам з гарадской уладай. Уладу прадстаўляў я, як намеснік мэра. Слова мэр адпавядае рэчаіснасці, бо кіраўніцтва гарвыканкама абіраў гарадскі Савет дэпутатаў, якія ў сваю чаргу былі абраныя на рэальных, практычна свабодных выбарах», — кажа палітык.

Мілінкевіч заўважае, што сёння нават цяжка ўявіць, але на пачатку незалежнасці фармаваліся асновы мясцовага самакіравання.

«Мы ў сваіх рашэннях не былі залежнымі ні ад прэм’ера Вячаслава Кебіча, ні ад старшыні Вярхоўнага Савета Станіслава Шушкевіча, які, дарэчы, у 1993 годзе таксама браў удзел у святкаванні Дня Волі ў Мінску», — адзначае Мілінкевіч.

Самым памятным для яго быў Дзень Волі 2006 года. Тады 25 сакавіка быў напружаным і трывожным.

«Толькі тыдзень прайшоў пасля выбараў прэзідэнта, дзе я быў адзіным кандыдатам ад аб’яднанай апазіцыі. У дзень галасавання на плошчу Незалежнасці выйшла па ацэнцы саміх сілавікоў больш за 30 тысяч грамадзян, нягледзячы на пагрозы рэжыму разглядаць удзельнікаў «плошчы» як тэрарыстаў», — напамінае палітык.

Дзень Волі, 2006 год. Фота: belapan.com

У 2006-м Дзень Волі адзначаўся праз два дні пасля жорсткага разгону намётавага гарадка і затрымання ўдзельнікаў.

«Нягледзячы на гэта, у цэнтр Мінска выйшлі тысячы мінчукоў. Плошча Незалежнасці была ачэплена, і на мітынг у сквер Янкі Купалы прыйшлося прарывацца скрозь кардоны міліцыі і «ціхароў». Дзень Волі адбыўся і быў вельмі эмацыянальным, запамінальным. Мы ганарыліся тым, што перамаглі страх і адстаялі сваю годнасць», — падкрэслівае суразмоўца.

Аляксандра Мілінкевіча тады арыштавалі ў рэдакцыі газеты «Белорусский рынок», куды ён наведаўся даць інтэрв’ю аб падзеях.

У 2018-м чыноўнікі гатовыя былі на «Жыве Беларусь!» адказаць «Жыве!»

Палітык Анатоль Лябедзька з 2000 па 2018 гады быў сярод арганізатараў мітынгаў і шэсцяў да Дня Волі. Ён кажа, што выбар, як адзначаць гэтую важную гістарычную дату, быў заўжды абмежаваны: альбо ў аўтазаку, у РУУС, на Акрэсціна, альбо на цэнтральных вуліцах і плошчах Мінска.

Дзень Волі ў 2018 годзе

«Быць арганізатарам Дня Волі — гэта адказнасць, але і адчуванне вялікага свята. Гэта былі розныя гады, розныя сцэнары, але штогод мы святкавалі яго ў Мінску і гэта было файна», — кажа Анатоль Лябедзька.

Найбольш памятны для палітыка быў 100-гадовы юбілей Дня абвяшчэння незалежнасці БНР, і ён цешыцца, што быў сярод арганізатараў таго Дня Волі ды выступаў на ім.

«Тады было адчуванне сапраўднага свята, — згадвае ён. — Быў дазвол. Было 40—50 тысяч чалавек, якія прыйшлі святкаваць сем’ямі, з дзеткамі».

Па словах палітыка, улада дазволіла адзначыць юбілейны Дзень Волі з разлікам, што на ўрачыстасць прыйдзе невялікая купка актывістаў, але выйшла іначай. Працэс узгаднення з уладай праграмы святкавання быў цікавым.

«Тады мы пабачылі зусім іншых чыноўнікаў. У іх свяціліся твары. Яны прыходзілі на перамовы, пачытаўшы нешта пра БНР, каб адчуваць сябе ў тэме. Гэта быў добры пасыл, што будзе ў новай Беларусі. Чыноўнікі, якія цяпер ля Лукашэнкі, будуць гнуткімі і ім самім будзе цікава расшыраць межы гісторыі, бо Лукашэнка — гэта 1994 год, у найлепшым выпадку — Айчынная вайна. Тады і перамовы з уладай былі класныя. Чым чыноўнікі былі ніжэй, тым большая была іхняя зацікаўленасць. Яны хацелі, каб свята адбылося, і прыхільна ставіліся. І калі б ім сказаць «Жыве Беларусь», то яны б адказалі «Жыве!», — расказвае Анатоль Лябедзька.

2017 год. Анатоль Лябедзька, Віталь Рымашэўскі і Юрась Губарэвіч на волі. Фота: «Новы час»

Запомніўся Анатолю Лябедзьку і Дзень Волі — 2017. Пасля 15 дзён арышту, праведзеных у Маладзечне за «Марш недармаедаў», палітыка адпусцілі ўвечары 25 сакавіка.

«Вось такія былі палярныя Дні Волі, якія засталіся ў памяці назаўсёды», — падсумоўвае палітык.

2021-ы: дэпрэсіўны, але з надзеяй Дзень Волі

Актрыса Купалаўскага тэатра Валянціна Гарцуева пра існаванне Дня Волі даведалася ад бацькоў: рэжысёра Аляксандра Гарцуева і актрысы Зоі Белахвосцік. Ад сярэдзіны 1990-х яны бралі дачку на шэсці.

Па словах Гарцуевай, наведванне 25 сакавіка Курапат было сямейнай традыцыяй, бо тэма масавых сталінскіх рэпрэсій была блізкая сям’і.

«Наш сваяк Антон Васільевіч Баліцкі, наркам асветы БССР, які ўзначальваў секцыю беларускай мовы Акадэміі навук, быў расстраляны ў 1937 годзе разам з многімі літаратарамі, таму мы ішлі ў Курапаты», — тлумачыць яна.

Валянціна Гарцуева была на юбілейным, прыгожым і афіцыйна дазволеным 100-гадовым святкаванні Дня Волі, але ёй запомніўся 2021 год.

На Кастрычніцкую плошчу Мінска 25 сакавіка выйшла з бел-чырвона-белым сцягам Ніна Багінская. Дзень Волі адзначалі невялікімі маніфестацыямі і ў спальных раёнах сталіцы, а таксама ў іншых гарадах Беларусі. Фота: «Радыё Свабода»

«Гэта быў дэпрэсіўны Дзень Волі, і яго, мне здаецца, усе чакалі. Увесь Мінск быў заблакаваны амапаўцамі. І мы не здолелі выйсці на заклікі. Мне не хацелася прымаць тую рэчаіснасць, але ўжо, відаць, надышоў момант яе прыняцця. Я спадзяюся і веру, што надыдзе час, калі мы ў вольнай Беларусі збяромся і адзначым Дзень Волі так грандыёзна, светла, як ніхто ў гэтым свеце гэтага не бачыў і не чуў…»

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Чытайце таксама:

Гэта легендарнае фота з пратэстаў вы дакладна бачылі. Вялікае інтэрв’ю з яго аўтарам, якога эвакуявалі з Беларусі. «Павінен быў здымаць 9 жніўня вяселле сілавіка»

«Распавядаем як бы тэт-а-тэт, як сусед суседу, што адбываецца, як і навошта». Ва Украіне з'явіўся сайт пра Беларусь і беларусаў

Ці праўда, што беларусы носяць у сабе «гены рабства», а ўкраінцы вальналюбцы ад прыроды?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
27
Панылы сорам
3
Ха-ха
2
Ого
1
Сумна
3
Абуральна
4
25.03.2023
105 гадоў !!!!
Са сьвятам беларусы
25.03.2023
у невероятных все эти годы все было хорошо, ведь сажали всяких бнфовских нациков, они ведь несли чушь про врагов в москве и диктатуру в рб

а в 2023 для невероятных и их лидеров эти люди по-прежнему враги похуже режима

0
Справка/адказаць/
25.03.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
майчэрвеньліпень
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12
3456789
10111213141516
17181920212223
24252627282930