Знайсці
22.03.2023 / 20:12РусŁacБел

Як правільна абразаць гартэнзію. І чым яна можа быць карысная, акрамя хараства

Хіба не памылімся, калі скажам, што ў палісадніках беларусаў адной са старажылаў з'яўляецца гартэнзія. Але мала хто ведае, што гэта расліна не толькі прыгожая, але і лекавая.

Гартэнзія. Фота: Wikimedia Commons

На мове кветак гартэнзія азначае «ўзгадай пра мяне» і з'яўляецца сімвалам сціпласці, шчырасці і надзеі. Родам яна з паўднёва-ўсходняй Азіі. Дзякуючы сваім дэкаратыўным якасцям і працягламу перыяду цвіцення, гэты куст набыў папулярнасць практычна ва ўсім свеце. Сёння існуе шмат розных відаў гартэнзіі, якія адрозніваюцца як памерамі, так і колерам.

Сваю сучасную назву гэта расліна атрымала ад двух грэчаскіх слоў: hydor — вада, aggeion — сасуд. Гартэнзія вельмі любіць ваду.

Кветкі яе сабраныя ў суквецці. Раней яны былі двух відаў. У сярэдзіне суквецця размяшчаліся дробныя, якія пладаносілі. Па баках — бясплодныя. У сучасных сартах кветкі ў суквецці практычна ўсе стэрыльныя і буйныя. Пасля таго, як гартэнзія адцвіце, на ёй застаюцца плады — каробачкі з дробным шматлікім насеннем.

Які сорт выбраць

Сёння ў продажы можна знайсці звыш дзясятка відаў гартэнзій, сярод якіх як добра знаёмыя, так і новыя. Яны адрозніваюцца не толькі вышынёй куста, але і афарбоўкай, формай суквеццяў, а таксама перыядам цвіцення. Пры набыцці не палянуйцеся пацікавіцца, наколькі выбраны вамі сорт марозаўстойлівы.

Усе сарты расліны можна аб'яднаць у тры: гартэнзія дрэвападобная, мяцёлчатая і буйналіставая.

Неспрактыкаваныя садаводы звычайна аддаюць перавагу буйналіставой гартэнзіі, бо яна мае буйныя шарападобныя суквецці. Але гэты від самы капрызны і менш за ўсё прызвычаены да маразоў, таму патрабуе добрага ўкрыцця на зіму.

Гартэнзія буйналіставая. Фота: Wikimedia Commons

Самай непатрабавальнай і зімаўстойлівай з'яўляецца мяцёлчатая гартэнзія.

Дзе пасадзіць

Гэтая кветка любіць сонечныя месцы. Пры гэтым трэба сачыць, каб расліна была абароненая ад ветру. Зямля павінна быць урадлівай. І, як ужо згадвалася, неабходны добры паліў.

Абрэзка

Самым галоўным у вырошчванні гартэнзіі з'яўляецца абрэзка. Без яе куст можа ніколі не зацвісці. Гэта робіцца з надыходам вясны ў час набухання пупышак. Пажадана абрэзку правесці да актыўнага руху соку і ў пагодны дзень. Калі ж вы спазніліся, то лепш дачакацца першых лістоў. У першы год жыцця адразаюць толькі слабыя і пашкоджаныя парасткі. На наступны год — усе мінулагоднія парасткі.

Агульныя падыходы пры абрэзцы наступныя: прарэджванне, выдаленне слабых і падмерзлых галінак, абрэзка парасткаў, якія растуць у сярэдзіне куста. Пры неабходнасці — падвязка да апоры.

Частку работ можна правесці ўвосень, калі тэмпература паветра 5—10 градусаў. У гэты час выдаляюць старыя і пашкоджаныя галінкі, а таксама тыя, што растуць у сярэдзіне куста. Ні ў якім разе не чапаюць маладых парасткаў.

У залежнасці ад таго, што вам больш падабаецца (напрыклад, ранняе цвіценне ці памер кветак), вясною абрэзка можа праводзіцца трыма спосабамі:

На ўзроўні 2—3 пупышкі. У гэтым выпадку куст зацвіце пазней, але дасць максімальна вялікія суквецці.

На ўзроўні 3—5 пупышкі. Гартэнзія пачне багата цвісці ў звычайны тэрмін. Памер суквеццяў будзе ад сярэдняга да вялікага.

Выдаленне зверху ад 3 да 5-ці міжвузелляў. Такім чынам вы атрымаеце ранняе цвіценне і большую колькасць суквеццяў. Пры гэтым яны будуць меншых памераў, чым звычайна.

Гартэнзія дрэвападобная. Фота: Wikimedia Commons

Дрэвападобная і мяцёлчатая гартэнзіі цвітуць на парастках бягучага года. А вось буйналіставая — на мінулагодніх. Таму калі першыя дзве можна абрэзаць дастаткова нізка, то з апошняй так лепш не рабіць. У яе выдаляюць толькі старыя ссохлыя суквецці і парасткі, якія дрэнна перанеслі зіму.

Як зрабіць з гартэнзіі сапраўднае дрэва

Для стварэння штамбавай расліны лепш за ўсё падыходзіць мяцёлчатая гартэнзія. Трэба выбраць самы моцны парастак, які будзе весці кветку ўверх. З часам з яго сфарміруецца моцны ствол. Для атрымання пажаданага эфекту неабходна рэгулярна выдаляць усе парасткі. Для апоры расліну падвязваюць да калка.

Кожны год у пачатку вегетацыйнага перыяду ўкарочваюць галоўны атожылак да найбольш развітай пупышкі. Фарміраванне кроны пачынаюць толькі тады, калі расліна дасягне жаданай вышыні.

Для таго, каб штамб не зламаўся ад моцнага ветру ці снегападу, гартэнзію лепш садзіць каля сцяны, агароджы ці стварыць для яе трывалую апору.

Як размножыць

Гартэнзію лёгка размножыць тымі парасткамі, што выдалены пры абрэзцы.

Для дрэвавіднай гартэнзіі лепш падыдзе стварэнне адводка. Для гэтага адну з галінак нахіляюць да зямлі і прысыпаюць. Толькі трэба не забывацца паліваць.

Акрамя гэтага, можна падзяліць куст.

Як падрыхтаваць да зімоўкі

Як ужо мы адзначалі, найбольшай увагі патрабуе буйналіставая гартэнзія. Яе падрыхтоўку да зімоўкі пачынаюць загадзя. Яшчэ ў верасні паступова выдаляюць усе лісты з ніжняй паловы куста. Гэта паслужыць стымулам для таго, каб парасткі адраўнелі і такім чынам вырасла іх марозаўстойлівасць.

Пры пагрозе першых замаразкаў неабходна выдаліць астатнія лісты і зрэзаць усе суквецці. Пажадана нахіліць галінкі да зямлі і чым-небудзь замацаваць. А калі ўсталююцца стабільна адмоўныя тэмпературы, расліну неабходна ўкрыць лапнікам і спецыяльным матэрыялам. А каб яго не знесла ветрам — прыціснуць камянямі.

Дрэвападобная гартэнзія больш зімаўстойлівая ў параўнанні з буйналіставою, але ў халодныя бясснежныя зімы можа падмярзаць. Аднак дзякуючы таму, што яна цвіце на парастках бягучага года, гэта не ўплывае на дэкаратыўнасць расліны ў наступным сезоне.

Спецыяльнай падрыхтоўкі да зімы такая гартэнзія не патрабуе, за выключэннем выдалення суквеццяў позняй восенню. Можна ўцяпліць каранёвую сістэму дрэвападобных гартэнзій торфам, перагноем ці апалай лістотай.

Гартэнзія мяцёлчатая. Фота: Wikimedia commons

Мяцёлчатая гартэнзія добра пераносіць маразы, таму падрыхтоўка да зімы можа быць самай мінімальнай. Каб снег не паламаў далікатныя парасткі, пасля наступлення марозных дзён неабходна зрэзаць з куста ўсе суквецці вострым секатарам, захопліваючы частку парастка крыху ніжэй асновы мяцёлкі.

Каранёвую сістэму пасаджаных у бягучым годзе маладых кусцікаў лепш прыкрыць любым мульчыруючым матэрыялам пластом не менш за 10—15 см.

Для гэтага добра падыдзе лісце, ігліца, торф ці перагной. Старайцеся прыкрыць толькі зямлю, не дакранаючыся да парасткаў.

Лекавыя ўласцівасці

Гартэнзія здаўна шырока выкарыстоўваецца ў народнай медыцыне. На ёй робяць адвары, настоі і настойкі. 

Рэчывы, атрыманыя з карэння гартэнзіі, стагоддзямі выкарыстоўваліся і працягваюць выкарыстоўвацца ў традыцыйнай кітайскай медыцыне ў якасці ачышчальнага сродку пры інфекцыйна-запаленчых захворваннях мочавыдзяляльных органаў, падагры, схільнасці да ўтварэння камянёў у мочавыдзяляльных шляхах і нырках, затрымцы вадкасці ў арганізме. 

Таксама прэпараты з высушаных каранёў і кветак гартэнзіі выкарыстоўваюцца ў кітайскай медыцыне пры хваробах сэрца, малярыі, дыспепсіі, ангіне і танзіліце.

Гарбата, прыгатаваная з гартэнзіі, дапамагае пры цукровым дыябеце, непрыемным паху з рота, праблемах скуры (ад акнэ да старых шрамаў), болях падчас менструацыі і пры наяўнасці перадменструальнага балявога сіндрому, павышанай ацёчнасці, стаматыце, фарынгіце, парушэннях, звязаных з дрэннай згусальнасцю крыві, аўтаімунных захворваннях і захворваннях прастаты. Такую гарбату карысна піць пры прастудзе, зніжаным імунітэце і авітамінозе.

Як прыгатаваць гарбату

Для гарбаты лепш за ўсё падыходзіць лісце расліны. Яго збіраюць у канцы лета і сушаць на сонцы ці ў спецыяльнай сушылцы. Затым крышаць і перакладаюць у мяшэчкі з натуральных тканін. Сыравіна можа захоўвацца на працягу 2—3 гадоў.

Для прыгатаваня гарбаты 1 чайную лыжку здробленага і высушанага лісця заліваюць 1 шклянкай кіпню. Затым 20 хвілін настойваюць і працэджваюць. Гатовы напой рэкамендуецца піць 2—3 разы ў суткі да ежы. Для паляпшэння смакавых якасцей пры заварцы можна дадаць мяту ці іншыя травы, а таксама цэдру ці мякаць цытрусавых.

Такім чынам, як бачым, беларусы не памыліліся з выбарам гэтай расліны для свайго саду. Яна не толькі доўга і прыгожа цвіце, але можа і шмат якія хваробы вылечыць. А яшчэ зрэзаную кветку можна падарыць у надзеі, што пра вас будуць згадваць.

Чытайце яшчэ:

Воцатнае дрэва і «помста суседа». Гэтая расліна ўваходзіць у моду ў Беларусі, бо яна і прыгожая, і практычная

«Хадземце ў сад? Я пакажу вас ружам…» Сапраўдны шэдэўр жанчына стварыла на лецішчы пад Маладзечнам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
123
45678910
11121314151617
18192021222324
252627282930