Знайсці
18.03.2023 / 12:45РусŁacБел

«Сарвалі з будынка ў Мінску афіцыйны сцяг і парвалі палотнішча»: новы палітычны суд

Суд Ленінскага раёна Мінска вынес прысуд жыхарам сталіцы Захару Костку, які з’яўляецца грамадзянінам Расіі, і Станіславу Акаловічу, абвінаваціўшы іх у здзеку з дзяржаўных сімвалаў (арт. 370 Крымінальнага кодэкса). Апроч гэтага, Акаловіча прызналі вінаватым у злосным хуліганстве паводле ч. 1 арт. 339, паведамляе «Вясна».

Справу разглядала суддзя Марына Запаснік.

Згодна з матэрыяламі справы, позна вечарам 26 жніўня 2022 года абвінавачаныя ў нецвярозым стане сарвалі з фасада будынка па вул. Чырвонаармейскай у Мінску дзяржаўны сцяг, пасля чаго публічна, у прысутнасці іншых людзей, парвалі палотнішча. 

Праз некаторы час іх затрымалі і ўзялі пад варту.

Станіслаў Акаловіч у судовым пасяджэнні ўказаў, што віну ва ўчыненні інкрымінаваных злачынстваў прызнае ў поўным аб'ёме, а фактычна сваю віну ў абразе сцяга не прызнаў.

Па эпізодзе хуліганства патлумачыў суду, што, даведаўшыся, што дадому вяртаецца маці, спалохаўся, што апошняя знойдзе ў кватэры бутэльку ад віна, прыняў рашэнне выкінуць яе з акна. Меркаваў, што бутэлька ўпадзе на клумбу, але яна пашкодзіла прыпаркаваны пад акном аўтамабіль.

Захар Костка сваю віну прызнаў у поўным аб'ёме.

Акаловіч патлумачыў суду, што праходзячы нападпітку міма будынка на Чырвонаармейскай, ён заўважыў дзяржаўны сцяг, які прапанаваў сарваць. Костка на яго прапанову адрэагаваў адназначна, а менавіта — падышоў да штандара са сцягам і пачаў зрываць яго. Яму дапамагаў Акаловіч. Надарванае палотнішча скамечылі і забралі з сабой.

Суд, які адбыўся 12 снежня 2022 года, прызначыў Акаловічу па сукупнасці злачынстваў канчатковае пакаранне ў выглядзе абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на два гады, а Захару Костку — арышт на тры месяцы з улікам ранейшага пакарання ў выглядзе арышту па прысудзе суда Першамайскага раёна Мінска ад 11 лістапада 2022 года.

Мера стрымання ў дачыненні да абвінавачаных у выглядзе заключэння пад варту змененая на падпіску аб нявыездзе і належных паводзінах.

Чытайце таксама:

«Ішоў на гэта свядома»: за абразу Лукашэнкі і знявагу дзяржсімвалаў пакаралі жыхара Баранавіч

За абразу Лукашэнкі і дзяржсімвалаў «афганца» з Баранавіч асудзілі на тры гады «хіміі»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера