Знайсці
18.03.2023 / 12:12РусŁacБел

Выстава рэпрэсаваных мастакоў адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі

У Варшаве адкрылася выстава карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў пад назвай «Вітанкі з Беларусі». Усе сямнаццаць творцаў-удзельнікаў вымушана пакінулі Радзіму, большасць з іх адбылі турэмныя тэрміны. Таксама паказалі малюнкі Паўла Севярынца, які па сённяшні дзень знаходзіцца ў турме, піша Reform.by.

Інсталяцыя з творам Антона Радзівонава. «Вясна на сэрцы».

У Варшаве адкрылася выстава карцін рэпрэсаваных беларускіх мастакоў пад назвай «Вітанкі з Беларусі». Усе сямнаццаць творцаў-удзельнікаў вымушана пакінулі Радзіму, большасць з іх адбылі турэмныя тэрміны. Таксама паказалі малюнкі Паўла Севярынца, які па сённяшні дзень знаходзіцца ў турме.

Віктар Сяргей. Тлеючы позірк. 2022. Фота: reform.by.

На выставе згадалі і іншых зняволеных мастакоў — Алеся Пушкіна і Генадзя Драздова. А Павел Латушка падчас свайго выступу на вернісажы нагадаў пра вельмі пазітыўную падзею, што здарылася якраз у дзень адкрыцця: Міжнародны крымінальны суд у Гаазе выдаў ордар на арышт Уладзіміра Пуціна.

«Для мяне, як для палітыка, як для дыпламата і юрыста, які вучыўся міжнароднаму праву, гэта азначае, што дарога адкрытая… Дарога адкрытая таксама і для Аляксандра Лукашэнкі. Мы будзем змагацца, каб ён быў прыцягнуты да адказнасці… у тым ліку і за злачынствы супраць нашай беларускай культуры», — сказаў палітык.

Перформанс на адкрыцці выставы «Вітанкі з Беларусі». Фота: reform.by.

Варта адзначыць, што фармат выставы — не зусім класічны. Вольная развеска, палотны без рам, творы рознага ўзроўню, адабраныя не паводле мастацкіх крытэрыяў, а паводле палітычных. Мастацтва на сценах Музея вольнай Беларусі з’яўляецца працягам актывісцкіх практык, якія пачаліся на вуліцах беларускіх гарадоў у 2020-я. Ясны пасыл, шчырае жаданне выказацца, вольная форма — мы памятаем, якая хваля крэатыву тады паўстала! Частка тагачасных артэфактаў захоўваецца ў Музеі вольнай Беларусі.

Зміцер Шапавалаў. Бітва пад Палонкай. 2013. Фота: reform.by.

Экспазіцыя мела некалькі сэнсавых вузлоў.

У цэнтры размясцілі два сталы, адзін сімвалічна належаў чалавеку, што быў пазбаўлены працы ці вымушаны пакінуць радзіму, другі паказваў побыт палітвязня: цыгарэта, запалкі, лыжка, кубак, лісты. Там жа ляжаў малюнак Уладзіслава Макавецкага, зроблены ў турме. Куратарка выставы Вольга Шніп агучыла просьбу мастака дамаляваць выяву.

Інсталяцыя з белай і чорнай тканіны сімвалізавала два бакі нашага жыцця, якія мастацтва здольнае з’яднаць і прымірыць: бо ў чорным ёсць пробліскі белага, а ў белым ёсць кветкі, птушкі і творчасць.

Інсталяцыя «Стол палітзняволенага» на выставе «Вітанкі з Беларусі». Фота: reform.by.

Адзін з самых кранальных аб’ектаў на выставе — інсталяцыя з турэмных малюнкаў Касі Будзько, а побач — швейная машынка як сімвал турэмнай працы, якую яна выконвала.

Каля ўваходу ў экспазіцыю да сцяны галерэі прымацавалі аркушыкі паперы з драматычнымі гісторыямі мастакоў.

Інсталяцыя з турэмных малюнкаў Касі Будзько. Фота: reform.by.

Пасля адкрыцця адбыўся дабрачынны аўкцыён, сабраныя сродкі пойдуць на падтрымку рэпрэсаваных мастакоў і арт-рэзідэнцыі «Дом Творцаў», якая з’яўляецца адным з арганізатараў выставы.

Выстава адкрылася ў Музеі вольнай Беларусі па адрасе Foksal, 11.

Чытайце таксама:

На «Беларусьфільме» зробяць новую экранізацыю «Чорнага замка Альшанскага». З расійскім рэжысёрам і расійскімі акцёрамі

Польскія спецслужбы адмянілі канцэрт Маргарыты Ляўчук у Варшаве

На фінскім кінафестывалі перамог беларускі дакументаліст

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера