У Мелітопалі ўзарвалі машыну з яшчэ адным калабарантам
У цэнтры акупаванага расійскімі войскамі Мелітопаля Запарожскай вобласці прагрымеў моцны выбух. Быў падарваны аўтамабіль мясцовага калабаранта Івана Ткача, які арганізоўваў перавозку наймітаў «Вагнера» і УС РФ да лініі фронту ў Запарожскай вобласці, паведамляе «Украінская праўда». Сам Ткач загінуў пры выбуху.
Фота: РІА Мелітопаль
Выбух адбыўся ў двары жылога дзевяціпавярховіка і спачатку СМІ паведамлялі, што забіты быў нейкі «чыноўнік». Што гэта за чыноўнік, называліся розныя версіі.
Урэшце крыніцы «Украінскай праўды» ў СБУ паведамілі, што гаворка ідзе пра Івана Ткача, якога з пачатку верасня 2022 года акупанты прызначылі на пасаду дырэктара «муніцыпальнага ўнітарнага прадпрыемства «Гарадскі транспарт» вайскова-цывільнай адміністрацыі горада Мелітопаль».
У СБУ таксама расказалі, што з пачатку сакавіка 2022 года, то-бок з самага пачатку вайны Ткач ініцыятыўна заняўся арганізацыяй гарадскіх пасажырскіх перавозак. Ён наладзіў транспартныя зносіны з Крымам, Данецкай і Луганскай абласцямі, пра што адкрыта паведамляў у прапагандысцкіх відэа. Пры гэтым ён таксама займаўся арганізацыяй перамяшчэння асабовага складу УС РФ з Данецкай, Херсонскай абласцей і Крыма ў Запарожскую вобласць і назад.





