Прэм'ер-міністр Грузіі абвінаваціў знешнія сілы ў спробах уцягнуць яго краіну ў вайну з Расіяй. Згадаў і Зяленскага
Паводле слоў Іраклія Гарыбашвілі, уцягванне Грузіі ва ўзброены канфлікт з Расіяй было запланаванае пэўнымі знешнімі сіламі значна раней, чым пачалася вайна ва Украіне.
«Ва Украіне чакаецца яшчэ большая эскалацыя ваенных дзеянняў, і многія знешнія сілы зацікаўленыя ў адкрыцці на тэрыторыі Грузіі «другога фронту». Інакш як растлумачыць, што прэзідэнт Украіны Зяленскі падчас ваенных дзеянняў у сваёй краіне знаходзіць час для звароту да некалькіх тысяч удзельнікаў «дэструктыўнай акцыі» у Грузіі», — заявіў Гарыбашвілі ў інтэрв'ю тэлекампаніі «Імедзі».
Гарыбашвілі запэўніў, што цяпер улады Грузіі поўнасцю кантралююць сітуацыю і «не дапусцяць ніякіх дэструктыўных дзеянняў».
Раней парламент Грузіі адклікаў законапраект «аб замежных агентах», які выклікаў масавыя пратэсты.