Літоўскія аўтаперавозчыкі просяць павялічыць колькасць мытнікаў на мяжы з Беларуссю
Чэргі грузавікоў у пунктах пропуску на беларуска-літоўскай мяжы працягваюць расці. Нацыянальная асацыяцыя аўтаперавозчыкаў Літвы прапанавала шлях да вырашэння праблемы.
Па апошніх звестках за сераду, час чакання на памежным пункце «Шальчынінкай» («Салечнікі») складае прыкладна 41 гадзіну, што на 20 гадзін больш, чым на мінулым тыдні. Самы працяглы час чакання — каля 47 гадзін — на памежным пункце «Мядзінінкай» («Меднікі»).
Па словах генеральнага сакратара Нацыянальнай асацыяцыі аўтаперавозчыкаў Літвы «Лінава», яшчэ на мінулым тыдні яны звярнуліся ў Міністэрства фінансаў і камунікацый, а таксама ў Памежную службу Літвы з прапановай накіраваць мабільныя групы экспертаў і павялічыць персанал.
Нагадаем, што сітуацыя на мяжы абвастрылася пасля таго, як Польшча прыпыніла работу пункта пропуску «Баброўнікі» на мяжы з Беларуссю. Зараз грузаперавозчыкі з Беларусі ў Польшчу могуць патрапіць толькі праз адзін пункт пропуску.
На гэта Беларусь увяла абмежаванні на ўезд фур з польскімі нумарамі, а Польшча ў адказ абмежавала рух беларускіх грузавікоў і перавозчыкаў, якія не зарэгістраваныя ў краінах ЕС і Еўрапейскай асацыяцыі свабоднага гандлю.





