Знайсці
06.03.2023 / 17:5011РусŁacБел

Уладзімір Познер адчуў сорам за журналістаў, але наўрад ці за расійскіх

Днямі знакаміты яшчэ з далёкіх савецкіх часоў расійскі журналіст 88-гадовы Уладзімір Познер упершыню з пачатку развязанай Расіяй поўнамаштабнай вайны з Украінай публічна выказаўся пра бягучыя падзеі, удзельнічаючы ў ютуб-трансляцыі, арганізаванай арганізацыяй Code Pink. Там ён раскрытыкаваў асвятленне вайны ў СМІ і сказаў, што «калі ёсць пекла, журналісты туды трапяць». Некаторыя падумалі, што гэта ён пра расійскіх прапагандыстаў. Але, як піша расійская служба «Радыё Свабода», агульны кантэкст схіляе да таго, каб думаць інакш.

«Мне сорамна за маю прафесію, мне сорамна за тое, што робяць, за хлусню, якая прадстаўляецца як праўда, за прапаганду ў найгоршым сэнсе гэтага слова. Я не павінен гэтага казаць, але я скажу. Я атэіст, але калі ёсць пекла, то журналісты туды трапяць», — так сказаў Познер.

Аднак «Радыё Свабода» адзначае, што стрым, у якім прыняў удзел Познер, быў адмыслова прысвечаны вайне ва Украіне і насіў яўна праўладны характар. У яго апісанні гаворыцца, што «вайна ва Украіне пачалася ў 2014 годзе, калі Злучаныя Штаты арганізавалі пераварот ва Украіне, каб зрынуць рэжым, пры якім Украіна была нейтральнай краінай, і замяніць яе на антырасійскі і праамерыканскі рэжым, які неадкладна пачаў вайну супраць Данбаса». Гэта акурат тое самае, што нястомна транслююць пуцінскія прапагандысты. Ды і сама арганізацыя Code Pink пазіцыянуе сябе як «фемінісцкая арганізацыя, якая імкнецца да таго, каб пакончыць з войнамі і імперыялізмам ЗША».

Познер на гэтым стрыме каля гадзіны чытаў гістарычную лекцыю аб прычынах, якія, на яго думку, прывялі да вайны ва Украіне, і хоць не адмаўляў адказнасці Пуціна за ўварванне, аднак спрабаваў растлумачыць логіку дзеянняў расійскага прэзідэнта. 

У сваім выступе Познер, хоць і з агаворкамі, па многіх пунктах фактычна або падтрымліваў тэзісы Крамля, ці прынамсі выступаў з іх разуменнем.

Напрыклад, ён сцвярджаў, што Захад даваў абяцанне не пашыраць НАТА (хоць і нефармальнае) і не стрымаў яго, а таксама сцвярджае, што ЗША «пстрыкалі мядзведзя па носе», правакуючы Расію.

Таксама Познер задаецца пытаннем, як бы адрэагавалі ЗША, калі б у Мексіцы да ўлады прыйшоў антыамерыканскі прэзідэнт і паклікаў на дапамогу расійскае войска — люстраная сітуацыя, на яго думку, адбылася ва Украіне. Украінскага прэзідэнта Уладзіміра Зяленскага ён лічыць цалкам залежным ад ЗША.

Пры гэтым Познер не кажа, што падтрымлівае вайну, а толькі заклікае «аналізаваць факты» і зразумець логіку Крамля.

У гэтым кантэксце яго ацэнка журналістаў успрымаецца перш за ўсё як крытыка заходніх СМІ, якія асвятляюць канфлікт з праўкраінскіх пазіцый. Па словах Познера, прадстаўнікі заходніх ліберальных эліт зусім не разумеюць, што адбываецца ў Расіі і Украіне.

Па словах Познера, большасць з тых, з кім ён мае зносіны ў Расіі, выступаюць супраць вайны, але 80% насельніцтва краіны падтрымлівае Пуціна.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Рэзюмэ/адказаць/
07.03.2023
Вось і стухла кансэрва. Падзьмула бздзюхамі...
07.03.2023
Сегодня после развязывания Путиным войны, старые записи позднера звучат особенно фальшиво...
0
Асексуал/адказаць/
04.04.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера