«Леапард 2» і Т-72: чый снарад больш магутны
Ва Украіну прыбылі першыя нямецкія танкі «Леапард 2». Вайсковы эксперт Алег Жданаў параўноўвае снарады нямецкага баявога танка (120 мм) са снарадамі, якія выкарыстоўвае танк, што знаходзіцца на ўзбраенні ў расійскай арміі (125 мм).
«Леапард 2». Фота: Вікіпедыя
У сваім відэастрыме эксперт выказаў думку, што, нягледзячы на розніцу ў дыяметры на карысць Т-72, снарад нямецкага танка больш магутны. Прычына гэтага ў больш высокай якасці выбуховых рэчываў, якія выкарыстоўваюцца на Захадзе. Да таго ж корпус снарада зроблены са сталі больш высокай якасці. У выніку сценкі ў снарадаў заходняй вытворчасці больш тонкія, што дазваляе туды змясціць больш выбуховага рэчыва.
У снарада савецкай (постсавецкай) вытворчасці больш тоўстыя сценкі. Там выкарыстоўваецца вугляродзістая сталь. Яна павінна быць крохкай, каб разлятацца на вялікую колькасць асколкаў. Але ў гэтым снарадзе меней выбуховага рэчыва.
Другі аспект — порах, які выкарыстоўваецца пры выстрале. Нямецкі танк выкарыстоўвае гатункі пораху лепшыя па сваім складзе ў параўнанні з тымі, што выкарыстоўваюць для танка Т-72. Гэты порах больш сінтэтычны і лепшы, таму адпаведна і далёкасць прамога стрэлу большая. А гэта асноўны паказчык агнявых магчымасцей гарматы танка. Страляць неабходна хутка і трапна.
Эксперт дадаў, што па такой тэхнічнай характарыстыцы, як стабілізацыя ствала ў ходзе стрэлаў, «Леапард 2» нашмат лепшы ў параўнанні з Т-72, што таксама вельмі важна, бо ад гэтага залежыць дакладнасць.
Чытаць яшчэ:
Эксперт патлумачыў, што лепшае: расійскія БМП ці «Брэдлі»





