«Паднімайце бунт». Адказнасць за падзеі ў Бранскай вобласці ўзяў на сябе «Рускі добраахвотніцкі корпус»
Сёння расійскія СМІ і блогеры посцілі супярэчлівую інфармацыю пра баі ў Бранскай вобласці, ДРГ і закладнікаў. Яна ўжо часткова абвергнутая. Цяпер з'явілася заява «Рускага добраахвотніцкага корпуса».
У інтэрнэце з’явілася відэа, на якім двое мужчын з адкрытымі тварамі сцвярджаюць, што яны прадстаўнікі «Расійскага добраахвотніцкага корпуса» і перайшлі мяжу Украіны і Расіі, каб змагацца за свабоду Расіі.
Яны заяўляюць, што не ваююць з мірнымі людзьмі і заклікалі расіян: «Паднімайце бунт».
Відэа запісанае на фоне шыльды ФАПа ў вёсцы Любечаны Бранскай вобласці.
Пуцін у сувязі з сітуацыяй у Бранскай вобласці не паедзе ў Стаўрапольскі край, як было запланавана раней, заявіў яго прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў.
У Пагранічнай службе Украіны і ў Аператыўным камандаванні «Поўнач» УСУ паведамілі, што не валодаюць інфармацыяй пра «ўкраінскія ДРГ» у Бранскай вобласці. Ва УСУ нагадалі пра магчымыя правакацыі для дыскрэдытацыі Сіл абароны Украіны.
«Расійскі добраахвотніцкі корпус» існуе з 2022 года і аб'ядноўвае эмігрантаў з Расіі. Ідэалогія корпуса — расійская нацыяналістычная. Колькасць яго байцоў невядомая.