Знайсці
01.03.2023 / 16:421РусŁacБел

Рыгор Барадулін: вялікая спадчына вялікага беларуса. Новае ВІДЭА на ютуб-канале Андрэя Хадановіча

Новы герой відэа на ютуб-канале Андрэя Хадановіча — народны паэт Беларусі Рыгор Барадулін. Гаворка пра літаратара, які ўвасабляе сабой беларускую мову і культуру. 24 лютага дзядзьку Рыгору споўнілася б 88 гадоў.

Сёння паэт расказвае:

  • як Барадулін збіраў народныя беларускія праклёны;
  • што такое пахвала ад паэта і як гэта адгукалася на яго сябрах;

  • як выглядаюць вобразы бацькі і маці ў паэзіі Барадуліна;

  • чаму творы класіка добра кладуцца на музыку;

  • як французскі паэт Гіём Апалінэр з'явіўся ў вершах Барадуліна і прычым тут алкаголь;

  • за што Барадуліна вылучылі на Нобелеўскую прэмію;

  • як Хадановіч ставіўся да верша «Трэба дома бываць часцей» і што змянілася ў 2020 годзе.

Вось некалькі думак з відэа:

Барадулін — творца, якому заўсёды балела, каб Беларусь размаўляла па-беларуску, які з болем успрымаў наступствы каланізацыі, саветызацыі, абрусення, і як мог, часам злой сатырай ашчэрваўся і адбрэхваўся ад гэтага ўсяго.

Мы ўсмак наеліся эрзацу
I наслужыліся панам.
На мове роднай
Агрызацца —
Адно,
Што засталося нам!

Заўсёды з пэўнай насцярожанасцю ставіўся да верша «Трэба дома бываць часцей». З вялікай павагай, але без асаблівай персанальнай любові. Можа быць, таму што адносіў сябе да іншага пакалення беларусаў, для якіх вяртанне дадому — гэта вяртанне ў шматпавярховы горад. Але штосьці ёкнула падчас восеньскіх пратэстаў 2020 года, калі людзі, яшчэ ўчора незнаёмыя між сабой, пачалі выходзіць на падворкі і ў скверы заварыць гарбату і каву, запрашаць да сябе музыкаў, лектараў і нават паэтаў. Яшчэ мацней забалела і прабівае на слёзы, калі пачынаем быць раскіданыя па свеце. Знакаміты верш Барадуліна можа зрабіцца сімвалам таго, як мы носім у сабе Беларусь. І ўсё, што робім у Літве, у Польшчы, у Грузіі, урэшце, мае на мэце наша вяртанне дадому.

За месяц да смерці ў лютым 2014-га Рыгор Барадулін прысвяціў кароткі верш свайму ўкраінскаму сябру і калегу Дмытру Паўлычку. Прысвяціў, бо захопніцкая вайна Расіі супраць Украіны пачалася не ў 2022-м, а яшчэ ў 2014 годзе. Сімвалічна, што 24 лютага, дзень пачатку новага вітка вайны, супадае з днём народзінаў Рыгора Барадуліна.

Сплыве па Дняпры
Набрыдзь,
Навалач,
Хлюсь.
Майдан празь вякі
Прывітае быліна.
Не схіліць чало
Спадарыня Беларусь,
Незалежная, як жыццё,
Нэнька Украіна.

У часы наступлення цемры, у часы знішчэння ўсяго беларускага трымаемся сваіх літаратурных зорак, якія пакінулі пасля сябе вялікую беларускую спадчыну. Глядзім разам новае відэа Андрэя Хадановіча пра народнага паэта Рыгора Барадуліна, ставім падабайкі, каментуем і дзелімся з сябрамі і сяброўкамі.

Глядзіце таксама:

Дон Жуан — салодкагалосы спакуснік ці цынічны монстр? Новае ВІДЭА на ютуб-канале Андрэя Хадановіча

Андрэю Хадановічу — 50! Паэзія, якая заўжды дае надзею. Новае ВІДЭА на ягоным аўтарскім ютуб-канале

Сяргей Пясецкі: літаратурны геній і кантрабандыст на мяжы падзеленай Беларусі. Новае ВІДЭА на канале Андрэя Хадановіча

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Anatol Starkou/адказаць/
02.03.2023
СЫН ЗЯМЛІ
.
З зоркай босымі йшлі нацянькі,
Бо спазніцца баяліся дужа: У дзень паэта народнага,
Дружа,
Дзе ступалі - цвілі васількі.
.
Іх збіралі ў жывыя радкі
Вершаў і эпіграм ледзь калючых...
Толькі як згаварыцца,
Калі
Перадаць веку пах іх гаючы,
Пераспелы сланечнік, скажы!
.
“Услед за сонцам брысці вам шчэ доўга...”
.
Cын Зямлі
беларускай дарогай
зоркай вечнаю йшоў нацянькі…
.
P.S. © Anatol Starkou
February 23, 2012 at 10:41pm
.
Верш быў напісаны да 77-годзя народнага паэта Рыгора Барадуліна. Ў вершы выкарастаны матывы некаторых яго твораў і яго выказ.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера