Знайсці
11.03.2023 / 20:267РусŁacБел

«Зямля вачыма Канк»: агляд гісторыі чалавецтва ад стэндап-камікесы 

З’явіўся серыял пра гісторыю чалавецтва, які вас узбадзёрыць. Апавядальніца — стэндап-камікеса Дзіяна Морган — штохвіліны задаецца пытаннямі кшталту «што больш важнае ў гісторыі чалавецтва — Рэнесанс або трэк Беёнсэ Single Ladies?».

Фота: Jonathan Browning / Netflix

Візуальна Сunk on Earth цалкам адпавядае класічнай дакументалцы, і, па словах выканаўчага прадзюсара, калі глядзець серыял без гуку, то можна падумаць, што ён насамрэч дакументальны — з прыгожай здымкай славутасцяў кшталту рымскага Калізея і карцін Батычэлі і экспертным выглядам вядучай, якая ніколі не ўсміхаецца (хіба толькі вас крыху здзівіць той момант, што яна есць чыпсы на фоне прыгожай панарамы, што адкрываецца з узгорка).

Насамрэч, гэта мак’юментары, або псеўдадакументалка, і ўвесь яе гумар — у аповедзе вядучай Філамены Канк. Гэта ўяўная асоба, якую іграе брытанская актрыса Дзіяна Морган. Яна выконвае ролю Філамены ўжо каля дзесяці гадоў. Спачатку яна дэбютавала ў якасці недасведчанай рэпарцёркі ў штотыднёвіку Brooker's Weekly Wipe, а затым у серыяле Cunk on Britain, дзе Філамена, узброеная ўрыўкавымі ведамі і ўласнай непрабівальнасцю, даследавала брытанскую гісторыю.

У пяці серыях Сunk on Earth, якія можна паглядзець за 2,5 гадзіны, Філамена расказвае пра лёс чалавецтва — ад наскальных малюнкаў да развіцця штучнага інтэлекту — і ўсё гэта з памылковай інтэрпрэтацыяй фактаў і анахранічнымі сцвярджэннямі, якія ўвесь час разбураюць сур’ёзны тон.

Канк удае з сябе сапраўднага невука, і часам гэтае невуцтва мяжуе з тупасцю. Узроўні яе каментарыяў вагаюцца ад вельмі абсурдных да вельмі дасціпных.

Так, напрыклад, калі Філамена няправільна вымаўляе «Біблія» (бо не ведае гэтага слова), сцвярджае, што «Рэнесанс» — гэта соус, і не разумее, чаму Аўраам Лінкальн не мог выконваць абавязкі прэзідэнта пасля таго, як яму стрэлілі ў галаву, — з’яўляецца ўражанне, што ці брытанскі гумар дужа спецыфічны, ці вядучая распавядае пра жыццё на Зямлі з пункту гледжання чалавека з іншай планеты.

Аднак пры гэтым яна робіць шмат і вельмі дасціпных заўваг. Пра жанчын, якія атрымалі права голасу ў 1920 годзе: «Нарэшце жанчыны маглі выбіраць, які мужчына будзе гаварыць ім, што рабіць». «Старажытныя грэкі вынайшлі шмат з таго, што мы маем дагэтуль, напрыклад, лекі і аліўкі, і мноства рэчаў, якія вымерлі, напрыклад, дэмакратыю і калоны», — жартуе Філамена.

Фота: Jonathan Browning / Netflix

Па меры таго, як вядучая падарожнічае па розных кутках Зямлі, яна бярэ інтэрв'ю ў сапраўдных брытанскіх прафесараў і гісторыкаў — сярод іх знаўца класічнага мастацтва Найджэл Спайві, археолаг Пол Бан, палітолаг Браян Клаас і многія іншыя.

Эксперты ведаюць, што Морган іграе персанажа, але іх інтэрв'ю не прапісаныя па сцэнарыі. У прынцыпе, амаль ніхто з іх не паспявае распавесці ніякіх рэчаў грунтоўна, бо галоўным застаецца камедыйны аповед Філамены, якая задае абсалютна недарэчныя пытанні, а потым бесцырымонна перабівае сваіх суразмоўцаў ці ссоўвае фокус на малазначныя рэчы.

На гэтыя паводзіны даследчыкі рэагуюць па-рознаму: хтосьці холадна маўчыць, нехта здзіўляецца або спрачаецца, але арганічней за ўсіх выглядаюць тыя, хто спрабуе падыграць Філамене і выдаць больш-менш уцямны адказ на яе бессэнсоўнае пытанне.

Недарэчнасць пытанняў Філамены часта заснаваная на тым, што яна ўвесь час змешвае мінулае і сучаснасць. Эпахальныя падзеі і з'явы накшталт крыжовых паходаў і адкрыццяў Леанарда да Вінчы яна параўноўвае з гісторыямі, якія здарыліся з яе былым хлопцам Шонам, сябрам Полам, цёткай Кэрал і іншымі знаёмымі (аднойчы нехта з іх аб'еўся печыва з кетамінам, або трапіў у псіхбальніцу, або замовіў нясмачную ежу ў дастаўцы). «Тады ж не было донараў крыві?» — пытаецца Філамена пра часы Чынгісхана або адзначае: «У Ісуса было ўсяго 12 падпісчыкаў». Часам яна проста змешвае ўсё ў адну кучу — людзей, фільмы і брэнды.

«Ён быў з тых людзей, якія настолькі вядомыя, што людзям дастаткова ведаць толькі іх імя — як Чэрчыль, Пэпсі і Гарфілд», — кажа Філамена пра Галілея.

Шмат у чым гераіня ўвасабляе залежных ад смартфонаў людзей, урыўкава адукаваных, няздольных засяродзіцца, як толькі тэма становіцца занадта складанай ці калі яна проста робіцца хоць крыху нецікавай.

«Гэта было так даўно, — абураецца Канк, адказваючы аднаму з гісторыкаў. — Чаму гэта павінна мяне турбаваць?»

Апафеозам тролінгу сённяшніх трэндаў становіцца фрагмент у пятай серыі, калі Філамена абсалютна непрабіўна заяўляе эксперту, што яе сябар Пол даслаў ёй відэа, у якім выкрываюць існаванне Месяца і ночы. На пярэчанні яна гаворыць з апломбам і непахіснай упэўненасцю: «Вы яшчэ не ведаеце? Проста паглядзіце відэа! Там усё сказана».

У кожнай серыі дыялогі разбаўленыя своеасаблівай «інтэрмедыяй» — бельгійскім тэхнатрэкам з 80-х Pump Up the Jam, які кожны раз падаецца з новымі цітрамі і апісваецца ў іх як дасягненне культуры. Праз агульную ўключанасць трэка ў расповед пра адкрыцці Калумба, Марыі Кюры і Томаса Эдысана, з’яўляецца ўражанне, што ён таксама — адно з дасягненняў такога ж узроўню. Няма ніякага лагічнага тлумачэння, чаму гучыць менавіта гэты трэк, але яго наяўнасць як бы давяршае трыумф поўнай адсутнасці ўсякіх іерархій — серыял ператвараецца ў адну вялізную звалку сэнсаў. Дарэчы, папулярнасць Pump Up the Jam рэзка ўзрасла на стрымінгавых пляцоўках з таго часу, як Сunk on Earth з’явіўся на Netflix.

Вядома, што «Зямля вачыма Канк» — не той серыял, з якога можна атрымаць глыбокія веды з галіны гісторыі, бо яго галоўная мэта — пацешыць гледача. Але менавіта ў ім гісторыя выходзіць з архіваў і музеяў і сутыкаецца лоб у лоб з сучасным светам і сучаснай культурай.

Шмат хто хацеў бы больш даведацца пра нашу цывілізацыю, аднак няма часу паглыбляцца ў сур'ёзныя даследаванні. Так што ў нейкім плане Філамена ўвасабляе кожнага, у каго ў галаве засталіся толькі ўрыўкавыя веды і хто хацеў бы хутка дайсці да сутнасці, пачуўшы яркі і пераканаўчы аповед пра гістарычныя падзеі, які ўтрымае ўвагу без дадатковых высілкаў з вашага боку. Хоць часам Філамена перагінае палку і нават прымушае адчуваць за яе сорам — магчыма, гэта будзе першы серыял пра гісторыю чалавечай цывілізацыі, які вы даглядзіце да канца.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
15
Панылы сорам
7
Ха-ха
1
Ого
2
Сумна
1
Абуральна
1
1
Мікола)))/адказаць/
12.03.2023
)(, гэта такая прафэсія? Чалавек
12.03.2023
Мікола))), Не ведаю ці прафесія, але фемінітыў павінен быць прыдуманы натыхмяст. А калі хто ня згодны, той не разумее важнасць праблемы.
1
Woodoo Cult/адказаць/
12.03.2023
[Рэд. выдалена]
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930