Знайсці
16.02.2023 / 20:506РусŁacБел

Воцатнае дрэва і «помста суседа». Гэтая расліна ўваходзіць у моду ў Беларусі, бо яна і прыгожая, і практычная

Апошнім часам у садах ды кветніках беларусаў усё часцей можна заўважыць дэкаратыўную расліну, лісце якой афарбоўваецца ў дзіўныя колеры. Яна можа выглядаць як куст ці невялікае дрэва 3-10 метраў у вышыню. У першыя гады расце вельмі хутка, аднак пазней рост запавольваецца.

Фота: 7dach.ru

Гэта расліна мае розныя назвы — сумах аленярогі, сумах пушысты, сумах воцатны, воцатнае дрэва, сумах кароткавалосы. Лацінская яе назва — Rhus typhina, а родам яна з усходняй часткі Паўночнай Амерыкі (пераважна паўднёва-усходняя Канада і паўночны ўсход ЗША).

Маладыя галіны і ліставыя хвасткі гэтай расліны пакрываюць аксамітныя валасінкі. Вясной сумах радуе сваімі кветкамі, сабранымі ў густыя конусападобныя мяцёлкі 10-20 см даўжыні і 4-6 см у дыяметры, якія маюць амарантавы колер.

Кветкі меданосныя, даюць шмат пылку і нектару. Лісце расліны падобнае да папараці, дасягае 50-60 см даўжыні. Яно вельмі прыкметнае восенню сваім чырвона-карычневым колерам.

Рэкамендаваныя сарты

Сумах хутка распаўсюджваецца дзякуючы карнявым атожылкам. Калі вы не хочаце, каб расліна захапіла ваш сад, варта звярнуць увагу на такія сарты, як Dissecta і Tiger Eye. Сорт Dissecta вылучаецца разгалістай кронай і нахіленым ствалом. Яго лісце восенню робіцца аранжавым.

Сорт Tiger Eye — па сутнасці мутант папярэдняга сорту. Але ён значна ніжэйшы — да 2 метраў. Лісце ў Tiger Eye на працягу сезона мяняе колер са светла-зялёнага на жоўты. Восенню ён робіцца пунсовым, а крона мае форму парасона.

Догляд

Дрэўцы не патрабуюць ні абрэзкі, ні ўрадлівай глебы. Яны ідэальна падыходзяць для садоў, устойлівыя да хвароб і шкоднікаў.

Фота: @jardin-nature

Для росту сумаху патрэбна сонечнае месца. Ён добра расце на розных глебах, але найлепш для яго падыходзяць пясчаныя водапранікальныя глебы ад слабакіслых да шчолачных. Пры гэтым расліна не любіць вільготную глебу, устойлівая да засухі, высокіх тэмператур паветра і да маразоў. Толькі хіба моцныя вятры могуць сумах паваліць.

Абрэзкі дрэва не патрабуе, а вось выдаляць каранёвыя атожылкі даводзіцца рэгулярна. У іншым выпадку сумах вельмі хутка захопіць участак і перабярэцца на суседні (нездарма яго называюць «помстай суседа»).

Звычайна размнажэнне расліны адбываецца каранёвымі атожылкамі. Але можна выкарыстаць і каранёвыя чаранкі. Іх бяруць у лютым з вельмі добра развітых каранёў.

Фота: gardenia.net

Чаранкі дзеляць на кавалкі прыкладна 2,5 см даўжыні і садзяць у прыгатаваную сумесь з торфу і пяску ў прапорцыі 1:1. Расаду змяшчаюць у цёплы парнік з тэмпературай каля 20 градусаў.

На пастаяннае месца, якое знаходзіцца на сонечным баку, укаранёны чаранок можна высаджваць у сакавіку-красавіку.

Прыдасца ў гаспадарцы

Воцатнае дрэва не з’яўляецца моцна небяспечным відам для чалавека, але сок пры прыёме ўнутр ці калі трапіць на слізістыя абалонкі можа выклікаць атручэнне, а пры кантакце са скурай — лёгкае смыленне. Таму трэба быць асцярожным, пры падрыхтоўцы расады выкарыстоўваць пальчаткі.

Сумах воцатны мае высокую дэкаратыўную вартасць дзякуючы свайму лісцю і суквеццям.

Восенню гэтая расліна афарбоўвае сад у жоўты, пунсовы, аранжавы і чырвоны колеры. Зімой жа вока цешаць інтэнсіўна-чырвоныя і вялізныя галоўкі пладоў, якія даюць ежу птушкам.

У гаспадарцы таксама выкарыстоўваюць смалу гэтай расліны. Яе здабываць праз надрэзы ў кары. Смала мае вельмі высокую трываласць і яе выкарыстоўваюць для вытворчасці лаку для цямнення дрэва.

Фота: observation.org

Насенне сумаха ўтрымлівае алей, які пры хатняй тэмпературы застывае і выкарыстоўваецца для вырабу свечак.

Дзякуючы развітой каранёвай сістэме і здольнасці расці на пясчаных глебах, расліна выкарыстоўваецца для ўмацавання схілаў.

На сумах рэкамендуецца звярнуць увагу тым, хто толькі пачынае закладаць свой сад. Гэтая расліна ў першыя гады жыцця дае прырост да 50 см. Недахоп — яе нядоўгі час жыцця, максімум 30 гадоў.

Сумах як спецыя

У Егіпце, Сірыі, Ліване плады сумаха — важная прыправа. Іх выкарыстоўваюць замест лімона, на смак яны такія ж кіслыя.

У Турцыі і Іране сумах дадаюць у рыс для надання апетытнага паху і чырвонага адцення. Гэтая спецыя абавязкова прысутнічае ва ўсходнім хумусе.

Плады можна сушыць, варыць ці здрабняць. Пасля замочвання на паўгадзіны ў гарачай ці ў халоднай вадзе атрымліваецца кіславаты напой. Толькі не рэкамендуецца плады кіпяціць, бо яны выдзяляюць танінавую кіслату, а адвар атрымліваецца даўкім на смак.

Каб захаваць уласцівасці пладоў, іх трэба захоўваць у шчыльна закрытай ёмістасці ў цёплым і сухім месцы.

Акрамя таго, сок гэтай расліны дадаюць у салаты і марынады, а парашок — у курынае рагу і запяканкі з агародніны.

Лекавыя ўласцівасці

Пра лекавыя ўласцівасці сумаха ведалі яшчэ індзейцы. У Сярэднявеччы яго шырока выкарыстоўвалі лекары на Блізкім Усходзе. Кара прымянялася як антысептык ці мацавальны сродак. Карэнне выкарыстоўвалі як мачагонны сродак ці каб выклікаць ваніты.

Лісце, кветкі, плады і кару выкарыстоўвалі як вяжучы сродак. Лісце ўжывалі для лячэння астмы, дыярэі. Плады жавалі як сродак супраць начнога нетрымання, а таксама для паляпшэння апетыту. Адвар з кветак выкарыстоўваўся пры болях у жываце.

Такім чынам, сумах ідэальна падыходзіць для сада беларуса.

Да яго асноўных пераваг, такіх як высокая дэкаратыўнасць і лёгкае вырошчванне, неабходна дадаць шматлікія спосабы выкарыстання карэння, кары, лісця, кветак і пладоў. А што яшчэ трэба практычнаму беларусу?

Ах, забыліся, яшчэ і суседу нашкодзіць. З гэтым сумах таксама справіцца.:)

Чытайце таксама:

«Не ведаеш — не бяры, першае правіла траўніка». Якая на смак беларуская гарбата? 

Чаму краі лісця ў вазонах жоўкнуць і сохнуць

«Бансай прыйшлося закапаць на лецішчы ў бацькоў». Як беларусы з’язджалі за мяжу без любімых раслін

«Хадземце ў сад? Я пакажу вас ружам…» Сапраўдны шэдэўр жанчына стварыла на лецішчы пад Маладзечнам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
відьмаявідьма/адказаць/
17.02.2023
"Ах, забыліся, яшчэ і суседу нашкодзіць. З гэтым сумах таксама справіцца.:)"
інвазіўны від. як клён. як баршчавік

0
Прахожы/адказаць/
17.02.2023
Расліна вельмі агрэсіўная, скора не будзем ведаць, як ад яе пазбавіцца.
5
Максим Дизайнер/адказаць/
17.02.2023
Очень актуально для местных краев, если у соседа корова не сдохла.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера