Знайсці
17.02.2023 / 10:311РусŁacБел

«Балі і абдыманкі з Лукашэнкам — не палітыка?» Спыталі ў сумленных спартсменаў, ці варта зняць спартовы бан з Расіі і Беларусі

Самае гарачае пытанне ў беларускім спорце — ці пусцяць беларусаў і расіян на Алімпіяду-2024 хаця б у нейтральным статусе. Пакуль МАК раіць іншым краінам не патрабаваць для краін-агрэсараў бану, мы спыталі ў спартсменаў, якія выступілі супраць Лукашэнкі, як яны ставяцца да дыскусіі вакол Гульняў.

«Ёсць толькі некалькі такіх спартоўцаў, каго можна дапусціць»

Сцяпан Папоў, самбіст, чэмпіён свету і Еўропы

Фота: stepan_fairplay / Instagram

Мяркую, што, пакуль ідзе вайна, да Гульняў нельга дапускаць ні беларусаў, ні расіян, бо прапаганда будзе выкарыстоўваць любыя перамогі як заслугу рэжыму. Нават калі іх дапусцяць да Алімпіяды, рэжым можа палічыць гэта сваёй перамогай, і можа пачацца знаёмая рыторыка: маўляў, мы гэта зрабілі і мы самыя моцныя, будзем змагацца за вялікую Расію і гэтак далей. Таму ні ў якім разе нельга іх дапускаць.

Калі кагосьці і пускаць на Гульні, то толькі тых беларускіх спартоўцаў, якія маюць добрую грамадскую пазіцыю. Чаму менавіта беларусаў? Бо ўжо ёсць прыклад нашага спартовага руху, які з 2020 года выступае супраць гвалту і рэпрэсій, а цяпер і супраць вайны. То варта дапускаць толькі такіх спартоўцаў або тых, хто зможа выказацца так, як выказаліся мы. Але для гэтага трэба дапамога МАК, бо без яго ў нас нічога не атрымаецца ні з бяспечнай падрыхтоўкай, ні з выступам.

Ёсць толькі некалькі такіх спартоўцаў, якіх можна дапусціць. Гэта будзе перамогай для ўсіх нас, беларусаў, бо мы тады будзем асацыявацца не з агрэсарамі, а з тым, што ёсць у спорце моцныя людзі. Такія людзі ставяць рэчы накшталт дакладнай грамадскай пазіцыі і смеласці вышэй за нейкія медалі і іншыя каштоўнасці, і гатовыя пайсці на такі крок, каб не толькі паехаць на Алімпіяду, але ў першую чаргу даказаць вернасць сваім прынцыпам.

«Лукашысты здольныя з любой малазначнай перамогі стварыць культ»

Сямён Букін, гімнаст, артыст Cirque du Soleil

Фота: siamion_cds / Instagram

Ніякага допуску, нават пад нейтральнымі сцягамі.

Чуў нядаўна добры выраз, што белы сцяг расіян трэба будзе пабачыць на полі бою ва Украіне, а не на Алімпіядзе.

А што датычыць беларускіх спартсменаў, то няхай выганяюць з краіны расіян і вывешваюць над палацам дыктатара белы сцяг. Хаця зацятых прыхільнікаў-лукашыстаў гэта не ўратуе, ім — пажыццёвы бан.

Дадам яшчэ ў падтрымку беларускіх спартсменаў, хто не можа выказацца, і такіх хапае. Напрыклад, ёсць тыя, хто не падпісаў ліст супраць гвалту і за сумленныя выбары. Іх — шкада, яны не вінаватыя ў тым, што аказаліся закладнікамі ў гэтай сітуацыя. Але я ўспамінаю закладнікаў рэжыму, якія сядзяць за кратамі, там таксама шмат спартсменаў, і ў мяне адразу знікае спачуванне тым, хто не прыняў ніякага боку.

Маладых спартсменаў крыху шкада, але ім пакуль занадта мала гадоў для Алімпіяды. Хаця на тых жа ж чэмпіянатах Еўропы і свету хтосьці ўжо можа ўдзельнічаць.

Мне ўвогуле смешна, калі кажуць пра «спорт па-за палітыкай». Сцягі, якія выкарыстоўваюцца на спаборніцтвах, — ці не палітыка? А гімны?

Успомніце апошнюю перамогу Сабаленка — Лукашэнка і праўладныя СМІ падносілі гэта як асаблівую заслугу Лукашэнкі, і як яны аблілі брудам беларускіх спартсменаў, якія выступілі супраць нелегітымнага і вымушаныя былі з’ехаць. А тую ж перамогу Сныцінай на Кубку Брытаніі не заўважылі — Сныціну аблілі брудам і не толькі яе, а ўсіх тых, хто супраць рэжыму.

Балі, сустрэчы і абдыманкі Сабаленка з Лукашэнкам, таксама і з іншымі беларускімі спартоўцамі, больш-менш вядомымі, — не палітыка?

Смешна, як апошняе спартовае дасягненне Сабаленка зрабілі культавым. Таму што няма чым ганарыцца, краіна ў багне і трэба хоць нешта паказаць, а тут — Australian Open. Лукашысты здольныя з любой малазначнай перамогі стварыць культ дзеля сваёй выгады. Успомніце перамогу хакейнай зборнай над шведамі ў Солт-Лэйк-Сіці — як 9 мая хутка будуць святкаваць. Я ніколі ў Еўропе, ЗША ці Канадзе не бачыў, каб спартсмены цалаваліся з кіраўнікамі іх дзяржаў ці неяк выкарыстоўваліся палітыкамі.

Ніякага ўдзелу расіян і беларусаў у Алімпіядзе, нават пад нейтральнымі сцягамі. Калі яны скуголяць, што спорт па-за палітыкай, то няхай раскажуць пра гэта ўкраінскім спартсменам, якія са зброяй у руках змагаюцца за сваю краіну і за сваё жыццё, тым украінскім спартсменам, хто ўжо загінуў. Калі кажуць пра нейкае раўнапраўе, якога іх быццам пазбаўляюць, няхай едуць трэніравацца ва Украіну на ўкраінскіх арэнах, зруйнаваных акупантамі.

Расійскія спартсмены чапляюць літары Z на сваё адзенне на спаборніцтвах, у іх на плакатах паўсюль цяпер прысутнічае гэтая свастыка. А ўспомніце вялікі Z-мітынг у Лужніках! Дарэчы, вельмі нагадвае першы вялікі мітынг Гітлера на Zeppelintribune ў Нюрнбергу. Вядомы гімнаст Мікіта Нагорны — твар расійскай юнарміі, патрыятычнага руху на ўзор усімі вядомага Гітлерюгенда. Гэта не палітыка?

Спадзяюся, што ў найбліжэйшы час мы знішчым гэты рэжым. Чым хутчэй мы гэта зробім, тым хутчэй зможам вярнуцца да аднаўлення спорту і ўдзелу спартсменаў у спаборніцтвах пад сапраўдным бел-чырвона-белым беларускім сцягам. Чакаю яго на Алімпіядзе-2028 у Лос-Анджэлесе!

«Хай скажуць: не, мы супраць лініі партыі. Тады паглядзім»

Дзмітрый Шэршань, дзюдаіст, прызёр чэмпіянату Еўропы 

Фота: dima_shershan / Instagram

Дапусціць расійскіх і беларускіх спартсменаў на Алімпіяду магчыма, але з некаторымі ўмовамі. Трэба, каб усе беларусы і расіяне, хто будзе там удзельнічаць, паказалі сваю пазіцыю ў дачыненні да вайны. Пра тое, каб быў сцяг, гімн і герб, гаворкі ўвогуле няма, санкцыі ніхто не адмяняў. Расійскі і беларускі рэжымы люстраныя, яны выкарыстоўваюць спорт не для, напрыклад, аздараўлення нацыі, а ў выразна прапагандысцкіх мэтах, жадаюць за кошт спорту прасоўваць сваю палітыку на сусветным узроўні. Гэтага нельга дапусціць.

Я лічу, што трэба казаць не толькі пра вайну, бо рэжым Лукашэнкі не менш людажэрскі. Трэба прапрацоўваць механізмы, як ім можна паказаць сваю пазіцыю, адзін з варыянтаў — антываенная дэкларацыя ад Фонду спартовай салідарнасці і свабоднага аб’яднання спартсменаў.

Разумею, чаму Украіна гатовая байкатаваць Гульні, калі там будуць расіяне і беларусы, але не хацелася б, каб гэта ўсё скончылася байкотам. Калі на Гульні паедуць расіяне, а ўкраінцы не паедуць, гэта будзе няправільная сітуацыя. Так што самы аптымальны варыянт — гэта калі на Алімпіядзе будуць атлеты з выразнай антываеннай пазіцыяй.

Гэта датычыць і маўчуноў, і тых, хто сістэматычна выступае за рэжым. Яны падтрымліваюць рэжым, а рэжым падтрымлівае вайну, адпаведна яны падтрымліваюць вайну. Хай скажуць: не, мы супраць лініі партыі, мы не ідзём у нагу з Лукашэнкам і Пуціным. Тады паглядзім.

Цяпер разглядаецца магчымасць выступу беларускіх і расійскіх атлетаў, прапрацоўваюцца механізмы, як гэта зрабіць. Але некаторыя беларускія спартсмены, у тым ліку і я, у свой час паўсталі супраць дыктатуры, і мы не маем магчымасці далей выступаць, трэніравацца. Калі мы ўсе ў роўных умовах, калі дзейнічаюць прынцыпы алімпізму, то што з намі рабіць?

Мы выказалі сваю грамадзянскую пазіцыю і за гэта пацярпелі, нас выгналі з краіны, кагосьці пасадзілі, нам давялося заканчваць спартовыя кар’еры. Атрымліваецца, зараз Мірончык-Іванова паедзе на Алімпіяду, а такія ж беларускія атлеты не паедуць? Яна маўчала, выступала за Лукашэнку, і яе могуць дапусціць, а сумленныя людзі застануцца за бортам. Хацелася б пачуць наконт гэтага нейкае меркаванне ад МАК.

«Падаецца так, што любыя перамогі — гэта нібыта выйгрыш самой краіны, а не канкрэтнага чалавека»

Карына Казлоўская, лучніца

Фота: kazlouskaya.karyna / Instagram

Я пастараюся адабрацца на Алімпіяду ад Польшчы, бо адабрацца ад Беларусі ў мяне магчымасці няма. Буду ўдзельнічаць у гэтым годзе ў чэмпіянаце свету, і там будуць разыгрывацца ліцэнзіі, спадзяюся выйграць адну.

Пакуль ідзе вайна, было б неяк зусім не па-чалавечы дапускаць на Алімпіяду ўсіх беларусаў і расіян. Але можна было б стварыць каманду бежанцаў і даць выступіць тым атлетам, якія актыўна выступалі супраць вайны ці рэжыму Лукашэнкі, калі мы кажам пра беларусаў. Проста мы не можам дакладна сказаць, што спорт у нас па-за палітыкай, бо беларускія спартсмены актыўна выкарыстоўваюцца ў прапагандзе, занадта моцна яны там завязаныя. Падаецца так, што любыя перамогі, узнагароды, медалі — гэта нібыта выйгрыш самой краіны, а не канкрэтнага чалавека.

Калі казаць пра актыўных прыхільнікаў рэжыму, то іх нельга пускаць на міжнародныя старты, бо гэта будзе зусім несправядліва. Там мусяць быць тыя, хто актыўна выражае сваю грамадзянскую пазіцыю, паказвае, што ён супраць вайны, магчыма, што ён дапамагае і суперажывае людзям. 

Я іх добра разумею, бо была ў падобнай сітуацыі, але зрабіла выбар і мне давялося з’язджаць. Кожны вырашае сам за сябе, чаго ён хоча.

Хочацца, каб на Гульні трапілі людзі, дастойныя таго, каб прадстаўляць Беларусь. Калі МАК проста так дапусціць расіян і беларусаў, ён адвернецца ад усіх тых спартсменаў, якія трапілі пад санкцыі і рэпрэсіі, якія не заслужылі такога стаўлення да сябе. Калі мы з’ехалі з Беларусі, не кожны здолеў працягнуць сваю кар’еру і далей развівацца ў спартовай сферы, давялося пачынаць усё жыццё нанава.

Таму, калі МАК іх дапусціць, гэта будзе вельмі непрыгожы крок у дачыненні да нас. Мы, вольныя спартсмены, пісалі шмат лістоў і зваротаў туды, я таксама туды пісала, і не было ніводнага адказу. Думаю, МАК проста не цалкам разумее, што адбываецца ва Украіне, і хоча хутчэй закрыць праблему. 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«У нас быў змяіны калектыў». Найлепшая лучніца краіны — пра ад’езд у Польшчу і беларускі спорт

Папоў: Наш вораг — не такі вялікі, гэта ўсё тыя ж 3%, і яно вылезе

«Усё перавернутае з ног на галаву». Славуты беларускі лыжнік Сяргей Далідовіч асеў у Закапаным

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Карл/адказаць/
17.02.2023
Пакуль ідзе вайна, гульняў тых увогуле не павінна быць. Гэта ўсе разумеюць, але ж грошы, грошы...
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера