Знайсці
13.02.2023 / 22:243РусŁacБел

«Злівы» з Раскамнагляда. Майдан ва Украіне і пратэсты ў Казахстане вачыма Масквы

Дзякуючы ўзлому сервераў Раскамнагляда, беларускія «Кіберпартызаны» атрымалі доступ да вялікіх масіваў закрытай інфармацыі, якая ў тым ліку тычыцца Беларусі.

Ілюстрацыя: Соня Уладзімірава / «Медыязона»

Па словах «Кіберпартызанаў», гэтыя таемныя справаздачы з аналізам палітычнай сітуацыі ў рэгіёне і ў свеце робяцца для кіраўніцтва Расіі.

Сярод гэтых даных таксама аказаліся аналітычныя звесткі аб Майдане 2014 года ва Украіне і аб пратэстах у Казахстане ў пачатку 2022 года.

Мы вывучылі гэтыя дакументы і прыводзім для вас самае цікавае.

Казахстан: палітычная барацьба Такаева з Назарбаевым, а не «каляровая рэвалюцыя»

Аналітыкі Раскамнагляда ў сваёй справаздачы аб падзеях у Казахстане ў пачатку мінулага года пішуць, што казахстанскі крызіс «вельмі складана» назваць «каляровай рэвалюцыяй», бо ён не адпавядае яе ключавым прыкметам. Пратэстам у Казахстане было ўласціва, напрыклад:

  • адсутнасць масавай інфармацыйнай падтрымкі заходніх СМІ;
  • адсутнасць публічных і зразумелых публіцы лідараў пратэсту;
  • адсутнасць аб'яднальных сімвалаў і запамінальных лозунгаў (накшталт «Жыве Беларусь!» ці «Слава Украіне!»).

«Разгледжаны ланцуг падзей радыкальна кантрастуе з класічнымі «каляровымі рэвалюцыямі», арганізаванымі з-за мяжы, якія назіраліся раней. Так, у адрозненне ад Украіны, Арменіі, Грузіі, Малдовы, а таксама спроб у Венесуэле і Беларусі, у гэтай сітуацыі адсутнічалі выразныя лідары, лозунгі, каштоўнасныя арыенціры, а таксама масіраваная інфармацыйная і палітычная падтрымка краін калектыўнага Захаду на чале з ЗША», — сказана ў справаздачы Раскамнагляда. 

Апроч гэтага, расійскія аналітыкі ўказваюць на адсутнасць у той момант значных і масава-папулярных апазіцыйных інтэрнэт-рэсурсаў у медыяпрасторы Казахстана і прыводзяць у якасці паспяховага прыкладу Беларусь.

«Улады Казахстана адключылі інтэрнэт у многіх раёнах краіны і тым самым не дазволілі аформіцца ​​«флагманскім» апазіцыйным рэсурсам накшталт беларускага Telegram-канала Nexta, што прывяло да збою ў працы буйных крыніц навін, якія маюць серверы ў Казахстане», — пішуць аналітыкі Раскамнагляда.

Па іх словах, адключэнне інтэрнэту зрабіла асвятленне пратэстаў унутры і па-за краінай максімальна аднабокім у звычайным прапагандысцкім клішэ: «праваахоўнікі супраць тэрарыстаў і марадзёраў». 

Прычым Раскамнагляд падкрэслівае той факт, што толькі вельмі малая і пэўная частка «пратэстоўцаў» (якія, на іх думку, наўрад ці былі звычайнымі пратэстоўцамі) удзельнічала ў захопе адміністрацыйных будынкаў, складоў са зброяй і іншых месцаў. 

«Заклік рэзка прыглушаецца, у краіне адключаны інтэрнэт і інфармацыя падаецца досыць аднабока ў кантэксце барацьбы праваахоўнікаў з марадзёрамі і тэрарыстамі. Пры гэтым адносна мірныя мітынгі відавочна кантрастуюць з гэтым наратывам і губляюцца на фоне астатніх падзей. Амаль адсутнічаюць відэазапісы маштабных мірных пратэстаў, як у Беларусі, Грузіі, Украіне і г. д.», — адзначае Раскамнагляд.

Галоўная ж выснова ў справаздачы ў тым, што крызіс у Казахстане — гэта ўнутраная палітычная барацьба эліт і кланаў за ўладу ў краіне, а таксама прамое супрацьстаянне цяперашняга прэзідэнта Казахстана Такаева і былога кіраўніка краіны Назарбаева. 

Да гэтай высновы расійскіх аналітыкаў падштурхнула некалькі фактаў.

  • Дамоўленасць часткі зацікаўленых эліт з пратэстоўцамі. Казахстанскія сілавікі пры высокай магчымасці спраўляцца з пратэстоўцамі часта здаваліся без бою ці арганізавана пакідалі ключавыя інфраструктурныя аб'екты, напрыклад, аэрапорт Алматы.
  • Свядомае пакіданне шчылін пры адключэнні сувязі і інтэрнэту. Тыя самыя «пратэстоўцы», якія са зброяй (якую ў тым ліку ім падвозілі невядомыя асобы) нападалі і захоплівалі розныя аб'екты, рабілі гэта аж занадта зладжана і сінхронна на вялікай адлегласці адзін ад аднаго, нягледзячы на ​​нібыта поўнае адключэнне інтэрнэту і сувязі ў краіне.
  • Пазбаўленне ад людзей Назарбаева падчас і пасля пратэстаў. 4 студзеня 2022 года ў сувязі з пратэстамі ў якасці саступкі прэзідэнтам Такаевым быў распушчаны ўрад Казахстана, аднак тым самым адтуль было прыбрана мноства давераных асоб Нурсултана Назарбаева. На наступны дзень Такаеў прызначыў сябе кіраўніком Рады бяспекі краіны ў абыход дзейнага на той момант заканадаўства, паводле якога гэты пост пажыццёва павінен быў займаць Назарбаеў. Далей адбылося мноства арыштаў звязаных з Назарбаевым чыноўнікаў і прадстаўнікоў эліт, сярод якіх быў ужо былы кіраўнік КНБ Карым Масімаў.

Раскамнагляд адкрыта параўноўвае гэтыя падзеі з падпалам Рэйхстага ў Веймарскай Рэспубліцы, які ў 1933 годзе справакаваў Гітлер для таго, каб прыбраць сваіх палітычных апанентаў і канчаткова атрымаць уладу ў Германіі.

Акрамя таго, гэтая тэма крызісу, па назіраннях Раскамнагляда, набыла міжнародную цікавасць толькі пасля таго, як Такаеў заклікаў на дапамогу сілы АДКБ, чаго ніколі не адбывалася падчас крызісаў на постсавецкай прасторы. 

Украіна: поўная непадрыхтаванасць Расіі і няздольнасць урада Януковіча супрацьстаяць Майдану

У сваёй іншай справаздачы пра падзеі ва Украіне 2014 года Раскамнагляд называе Майдан «галоўнай страшылкай» улад краін СНД, а перспектыву ўступлення Украіны ў НАТА — «невымернай геапалітычнай і эканамічнай стратай», якая прывядзе да вайны паміж дзвюма дзяржавамі.

Аналітыкі Раскамнагляда лічаць падзеі на Майдане «класічнай каляровай рэвалюцыяй», якую здзейснілі ЗША з мэтай захапіць украінскія рэсурсы і перашкодзіць Еўропе будаваць сумесную будучыню з Расіяй (гаворка ў першую чаргу ідзе пра сумесныя энергетычныя праекты накшталт «Паўночных патокаў»).

Таксама ў віну з'яўлення крызісу ставіцца тое, што значная частка ўкраінскіх эліт «прамяняла эканамічную выгаду на палітычныя інтарэсы» і ўсімі сіламі дапамагала пратэстоўцам.

«У якасці ідэалагічнага драйвера, які спрыяе палярызацыі ўкраінскага грамадства, стала паўсюднае распаўсюджванне ідэі аб неабходнасці еўрапейскай інтэграцыі Украіны і супрацьстаянні сфарміраванай на пачатку XXI стагоддзя ў Расіі палітыкі еўразійскай інтэграцыі. Януковіч і яго асяроддзе памылкова паспадзяваліся на перавагу эканамічных інтарэсаў алігархаў над іх палітычнымі інтарэсамі», — сказана ў справаздачы Раскамнагляда.

Іншымі памылкамі ўрада Януковіча (і расійскага кіраўніцтва, у прыватнасці), на думку Раскамнагляда, з'яўляліся, напрыклад:

  • практычна поўная адсутнасць кантролю над украінскай унутранай ініцыятывай і медыяпрасторай;
  • неадключэнне інтэрнэту, з-за чаго пратэстоўцы свабодна каардынавалі свае дзеянні ў сацсетках (больш за ўсё ў Facebook);
  • адсутнасць рэагавання на шматлікія заходнія НКА, якія масава фінансавалі Майдан;
  • тое, што быў прапушчаны пункт невяртання, калі можна было сілай задушыць пратэст;
  • пасіўнасць прыхільнікаў Януковіча.

«Фактычна ўкраінскія ўлады амаль не кантралявалі сітуацыі ў краіне з пачаткам пратэстаў. Яны страцілі ўпэўненасць і спрабавалі непераканаўчымі праўладнымі мітынгамі з выкарыстаннем «цітушак» стварыць бачнасць масавасці падтрымкі кіраўніцтва краіны, аднак тыя не мелі ніякай матывацыі, акрамя матэрыяльнай. А грамадзяне прарасійскіх рэгіёнаў Украіны аказаліся палітычна пасіўнымі, у адрозненне ад сваіх суайчыннікаў, якія падтрымлівалі Майдан», — піша Раскамнагляд.

Таксама расійскія аналітыкі ўказваюць на такую ​​ж непадрыхтаванасць Расіі да ўкраінскіх пратэстаў, якая да таго моманту не распачала рашучых дзеянняў па працы з украінскім насельніцтвам.

«У той жа час варта канстатаваць, што ўплыў Расіі на грамадскую думку ўнутры Украіны быў вельмі нязначным і неэфектыўным, а больш прыцягальным для палітычна актыўнага насельніцтва краіны аказаўся сфарміраваны вобраз квітнеючай Еўропы», — адзначаюць яны.

На думку Раскамнагляда, ад падобнага зыходу падзей больш за ўсё выйгралі Злучаныя Штаты, бо Расія аказалася пад санкцыямі за ўмяшанне ў справы Украіны, Еўропа значна прытармазіла развіццё сумесных з Расіяй эканамічных праектаў, а Кітай быў змушаны перагледзець свае лагістычныя гандлёвыя маршруты ў Еўропу з-за канфлікту ва Украіне.

Чытайце яшчэ:

Пасол ЗША пры АБСЕ: Рэжым Лукашэнкі павінен быць прыцягнуты да адказнасці за ўнутраныя рэпрэсіі і знешнюю агрэсію 

Зяленскі ў Еўрапарламенце: Перамога Украіны — перамога ўсёй Еўропы 

У Казахстане падпісалі новыя законы: адмяняецца смяротнае пакаранне, сваякам прэзідэнта забаранілі займаць дзяржаўныя пасады 

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
26
Панылы сорам
4
Ха-ха
7
Ого
4
Сумна
9
Абуральна
14
3
стоп рашизм/адказаць/
13.02.2023
Молодцы наши «Кіберпартызаны»! Кстати, обратите внимание на разницу во взглядах/действиях нашего ИТ сектора, и российского. Наши айтишники в подавляющем большинстве поддерживают беларуский народ выступают против зверских режимов и войны, донатят, оказывают всяческую техническую поддержку и тд, а многие так вообще жертвуют всем - семьей, карьерой, деньгами. А вот российский ИТ сектор либо молчит, либо продолжает работать на кремль, путинских олигархов, их корпорации и военный сектор. Да, некоторые айтишники из рф уехали на запад, устроили там свой зад, но никто из них не занимается ничем подобным, как наши ребята и главное так самоорганизованно. Наши же «Кіберпартызаны» шатают режим, взламывают сервера и базы, раскрывая и показывая преступления лукашицкого режима, так еще и взломали оплот российской цензуры - роскомнадзор. А что сделали российские айтишники и хакеры - продолжают работают на кремль, поддерживают войну и рашистов. Как говорится, почувствуйте разницу!
8
Крендель /адказаць/
14.02.2023
стоп рашизм, я бы не был так уверен. 99,99% айтишников ничего не смогут вскрыть . Для этого нужны специальные тулсы и хардвер,а самое главное навыки .Вполне возможно наши "киберпартизаны" являются штатными работниками ГУ РФ (ГРУ). То что они против Луки ещё не значит,что они за нас.
14.02.2023
стоп рашизм, Там просто такие люди, которые в обычное время путина не поддерживали, были против него, но при этом большинство таких все равно поддерживают войну против Украины.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930