Знайсці
07.02.2023 / 17:184РусŁacБел

«Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла». Новыя сведчанні здзекаў са зняволеных у наваполацкай калоніі

У наваполацкай папраўчай калоніі №1 цяпер утрымліваюцца прынамсі 74 палітычныя зняволеныя, сярод якіх — адзін з прэтэндэнтаў у кандыдаты на пасаду прэзідэнта ў 2020 годзе, палітзняволены Віктар Бабарыка. Гэтая папраўчая ўстанова адметная сваімі жорсткімі ўмовамі для зняволеных. Былыя палітвязні распавялі «Вясне» пра тое, як у калоніі здзекуюцца са зняволеных паводле загаду начальніка калоніі Андрэя Пальчыка і як адміністрацыя хавае наступствы жорсткага абыходжання і катаванняў.

Малюнак Вольгі Пранкевіч

«Усё гэтае пекла, што тут адбываецца, — толькі праз Пальчыка і яго схільнасці»

Згодна з інфармацыяй праваабаронцаў, у 2021 годзе 58-гадовага зняволенага Мікалая Хрола моцна збілі супрацоўнікі наваполацкай калоніі №1 — яму зламалі ключыцу і не лячылі.

«Ключыца не так зраслася і костка ўпіраецца ў горла, месцамі падгнівае, правая рука часткова непрацаздольная. Яго так прымушалі цягаць бярвенне і іншае», — дзеляцца відавочцы.

Некалькі месяцаў таму Хрола адправілі ў памяшканне камернага тыпу (ПКТ). Паводле асуджаных, зроблена гэта, каб схаваць наступствы здзекаў:

«Спрабуюць максімальна ўсё ўтаіць. Таму што замяшаны сам начальнік [Андрэй Пальчык]. Праз такі самы выпадак цяпер ідзе следства над адным іх супрацоўнікам. Начальнік у шаленстве — пад ім хістаецца крэсла, яшчэ і калегі яму паддаюць, таму што ён жыцця ні вязням, ні супрацоўнікам не дае. Меры ён прыняў цяпер драконаўскія. Усё гэтае пекла, што тут адбываецца, — толькі праз Пальчыка і яго схільнасці».

Мікалай — грамадзянін Расійскай Федэрацыі, таму пасля адбывання пакарання яго чакае дэпартацыя. Паводле якога артыкула Крымінальнага кодэкса ён быў асуджаны — інфармацыі няма. Вядома, што Хрол пісаў скаргу на збіццё, якая змагла выйсці за межы калоніі, але з праверкай па гэтым факце так і не прыйшлі. Пры гэтым у зняволенага нават ёсць заключэнне медыка-рэабілітацыйнай экспертнай камісіі.

6 лютага ў судзе Наваполацка адбыўся суд па замене Хролу рэжыму ўтрымання. Хутчэй за ўсё, суд прыняў рашэнне перавесці яго на турэмны рэжым, таму на працягу некалькіх дзён вязня этапуюць з калоніі ў адну з «крытых» турмаў.

Былы палітзняволены Вадзім Хіжнякоў, які адбываў тэрмін у ПК №1, пацвердзіў, што сляды пабояў адміністрацыя намагаецца схаваць:

«Траўмы ў выніку гвалту хаваюцца і людзей з імі ізалююць. У большасці выпадкаў такія траўмы і наносяцца ў ШІЗА, каб не было сведак. У такіх выпадках чалавека могуць трымаць 30 і больш сутак, нават 120 (!), каб усё загаілася. Тады, вядома, нейкія лекі і дапамогу даюць, каб не памёр… Хоць ходзіць там прымаўка: зняволенага спісаць лягчэй за вартавога сабаку…

Пасля звычайна такіх пераводзяць у ПКТ, каб не расказалі нічога, бо з ПКТ выходзяць у зону адзінкі, галоўным чынам — вызваляюцца ці ў турму».

«Быў збіты асабіста Пальчыкам дубінкай да крывацёку з прамой кішкі» 

Збіццё ў наваполацкай калоніі — частая практыка. Былыя зняволеныя сцвярджаюць, што за гэта адказвае начальнік Андрэй Пальчык. Ён або ўдзельнічае ў гэтым асабіста, або аддае адпаведныя загады. Хіжнякоў адзначае, што Пальчык жорсткі да ўсіх зняволеных, не толькі да палітычных.

Начальнік калоніі №1 Андрэй Пальчык

Так, напрыклад, Вадзім расказаў пра жорсткае збіццё 20-гадовага хлопца, асуджанага не паводле палітычнага артыкулу:

«20-гадовы Давід Ліпертарыяні быў збіты асабіста Пальчыкам дубінкай да крывацёку з прамой кішкі. Пасля гэтага парэзаў сабе жывот. Прыйшлося шпіталізаваць, але выставілі ўсё так, быццам сілу ўжылі да яго ў адказ на напад. Распачалі супраць яго справу. Але справу закрылі, атрымаўшы ад яго абяцанне маўчаць. Цяпер пераведзены на турэмны рэжым».

А палітзняволенага юрыста Ігара Пыж'янава ў ШІЗА збілі так, што ён не мог ані сядзець, ані ляжаць:

«Ігара Пыж'янава «вывозілі на раскрутку», то-бок хацелі распачаць новую справу. Ён пачаў галадоўку. Яго пасадзілі за гэта ў ШІЗА, дзе прабыў 30 сутак. Выйшаў адтуль як цень, але працягваў галадаць. Дзесьці ў верасні-кастрычніку я дазнаўся, што ён зноў у ШІЗА. Чуваць было яго голас. Ён патрабаваў лекара. Лекара не клікалі. Ён пачаў крычаць гучней і абурацца. Тады яго збілі. Усе мы чулі яго нечалавечыя крыкі і нават гукі ўдараў. Пасля дайшла інфармацыя, што ён не можа ані сядзець, ані ляжаць, а толькі стаіць. Потым яго пачалі накачваць абязбольвальнымі і транквілізатарамі. Аднаго разу атрымалася задаць яму некалькі пытанняў у прагулачным дворыку праз сцяну, але ён дрэнна іх разумеў, адказваў не да месца і затарможана». 

22-гадовы Уладзіслаў Мароз, асуджаны за «хуліганства», з ШІЗА патрапіў у рэанімацыю:

«Каля ста сутак сядзеў у ШІЗА. Сустрэў там і Новы год-2022, і дзень нараджэння. У асабліва халоднай камеры. Былі абмаражэнні скуры, апёкі ад батарэі, праблемы з ныркамі. Але з яго здзекаваліся, пакуль не атрымаў запаленне. Пасля гэтага быў адпраўлены ў рэанімацыю ў Наваполацк. Пасля вяртання зноў патрапіў у ШІЗА і пасля ў ПКТ, дзе быў Пальчыкам незаконна пазбаўлены атаваркі за нібы сапсаванае люстэрка».

Вядома, што адміністрацыя калоніі заблакавала асабісты рахунак, на якім захоўваюцца грошы Уладзіслава і дзякуючы якому ён можа расплачвацца падчас атаваркі. Цяпер з яго спісваюць грошы за «псаванне люстэрка» — нібы ён пакінуў на ім дзве драпіны. За іх адміністрацыя выставіла Марозу рахунак у 300 рублёў. Але зняволеныя адзначаюць, што драпіны засталіся ад анучы, якую выдалі самі супрацоўнікі.

«Ім дазволена караць дысцыплінарна, у 99% выпадкаў — без нагоды» 

«Пальчык — садыст і самадур. Ставіцца ён да ўсіх жорстка, я б не сказаў, што ў чымсьці адрозніваецца [да палітычных] стаўленне.

Некалькі супрацоўнікаў дапушчаныя да экзекуцый, але ўсе пра гэта ведаюць. Сярод астатніх таксама ёсць мярзотнікі, але без каманды самастойна не рызыкуюць пераходзіць мяжу. Яны па дробязі могуць «расцягнуць» без фанатызму, але ім дазволена караць дысцыплінарна, у 99% выпадкаў — без нагоды, а таму што трэба…

Мяне «расцягвалі» на зоне адзін раз, але без фанатызму. Дзесьці 40 хвілінаў пастаяў у паўшпагаце. Але мне гэта няцяжка з прычыны добрай формы, таму ім нецікава было. Біць — не білі. Толькі Пальчык пагражаў гемароем, сухотамі і ўперад нагамі».

Былы палітзняволены Вадзім Хіжнякоў

Нядаўна ад былога зняволенага стала вядома, што супраць аднаго з супрацоўнікаў распачалі крымінальную справу:

«Быў выпадак, калі начальнік аддзялення атрадаў 1-3 Пятроў ударыў асуджанага так, што ў яго адкрыўся ўнутраны крывацёк. Гэты асуджаны выйшаў на волю і напісаў заяву. На начальніка аддзялення завялі крымінальную справу. Пасля гэтага ў калоніі трохі супакоіліся».

Аднак, як адзначае Хіжнякоў, да пакарання вінаватых справа звычайна не даходзіць:

«Звычайна супольнымі высілкамі Пальчыка, СК, пракуратуры і віцебскага УДВП такія выпадкі замінаюцца: зняволенага проста запалохваюць, і ён ад усяго адмаўляецца. Але я ведаю, што былі заявы ад тых, хто вызваліўся. Тады праводзяць праверку, вінаватага адпраўляюць у адпачынак на час разгляду, але потым усё замінаюць».

Якія метады здзекаў выкарыстоўваюць у калоніі?

«Большасць палітвязняў робяцца «злоснымі парушальнікамі рэжыму ўтрымання» (злоснікамі), таму за любое парушэнне — ШІЗА. Амаль усе прайшлі і праходзяць праз гэта, плюс пазбаўленне спатканняў і перадач.

ШІЗА — гэта катаванне знясіленнем арганізма, а не толькі холадам. Раней зняволеныя так і называлі яго — КИЧО (КИЧА) — «камера истощения человеческого организма».

Мне пашанцавала, і я адбыў там толькі 11 сутак перад ПКТ. Але іх я запомню на ўсё жыццё. Гэта было акурат у канцы кастрычніка — лістападзе 2021 года. Хоць ужо мусіла быць ацяпленне, але ў ШІЗА паводле загаду Пальчыка яго не ўключылі. На вуліцы ўдзень блізка да нуля, а ўначы ніжэй за нуль. Акно заўсёды адчыненае і адчыненыя дзверы з калідора ў дворыкі — «для праветрывання». Бесперапынны скразняк. А мне асабліва «пашчасціла»: я апынуўся там па-летняму, то бок без тэрмабялізны. Гэта была «жэсць», хоць я і загартаваны! Трое сутак я наогул не спаў. Потым проста вырубаўся. Не захварэў праз стрэс. Але калі выйшаў, то адразу зваліла хвароба. Там жа яшчэ і «пайка» меншая, а цяпер і спецадзенне выдаюць, як балахон: без каўняра і з тонкай сінтэтыкі.

У ПКТ трохі лягчэй, бо на ноч выдаюць пасцель і матрац. Але, каб туды трапіць, трэба прайсці праз шматлікія дзясяткі сутак ШІЗА. Большасць туды трапляюць змучанымі і схуднелымі, і ПКТ здаецца раем. Але і там не выходзіць аднавіцца, бо порцыя «пайкі» таксама ўрэзаная. І хоць ёсць доступ да сваіх прадуктаў раз ці два на тыдзень, але праз месяц там няма чаго ўжо браць, а звычайна яны саджаюць у ПКТ, калі табе вось-вось належыць пасылка, ці яе пазбаўляюць, каб ты быў «пусты». А атаварка на адну базавую велічыню па шалёных цэнах. Людзі штукамі цукеркі і печыва раскладваюць на месяц. А аўсяныя камякі — лыжкамі. Як тут адновішся? Пасылкі забароненыя. Нават медыцынскія Пальчык забараняе. Вітамінныя таксама. Дарэчы, калі забалеў зуб, то паводле загаду Пальчыка — толькі выдаленне дазволена на ПКТ. Ніякага лячэння!

Акрамя таго, з ПКТ ёсць вялікая рызыка патрапіць у ШІЗА, варта толькі трапіць на заметку. У такім разе ў тэрмін у ПКТ (6 месяцаў) суткі ў ШІЗА не ўваходзяць! Таму можна бясконца там сядзець.

Адначасова са мной у ПКТ былі Дзмітрый Кубараў, Уладзіслаў Карэцкі, Дзяніс Урад, Мікалай Ісаенка, Ігар Пыж'янаў, Жэня Зашчытаў, Павел Галяк, Эдзік Пальчыс, Алег Рубец, Якаў Якаўцаў. А праз ШІЗА за гэты час прайшлі, мяркую, усе астатнія, за рэдкім выключэннем».

Пра нечалавечыя ўмовы ўтрымання ў ШІЗА «Радыё Свабода» распавёў і былы палітзняволены Аляксандр Кабанаў:

«Я ўскрываў сабе рукі, бо разумеў, што магу вярнуцца поўным інвалідам, калі гэта ўсё працягнецца трошку больш. Мяне спрабавалі замарозіць. Пасадзілі ў лістападзе ў камеру без ацяплення, паклалі на нарах пад самым акном, якое адчынілі; адчынілі вентыляцыю. Нібыта спаць я магу, ёсць нары, але няма ні падушкі, ні коўдры, нічога. Камера ўся ў плітцы, ледзяная камера, пара ідзе з роту. Каб там пратрымацца, трэба ўвесь час адціскацца, прысядаць; ніколі не сядзіш на месцы, увесь час у руху. Рухаешся суткі, але на другія сілы цябе пакідаюць. Разумееш, што трэба паспаць. Але калі ты ляжаш, то адмарозіш сабе нейкія органы ці нешта яшчэ. А сядзець так трэба не адзін дзень, а дзесяць.

Ніхто не б’е, не пагражае, цябе проста трымаюць у лядоўні гэтай. У такім выпадку выйсце адно — выехаць у лякарню. Даць зразумець адміністрацыі, што ты будзеш сябе крамсаць. Калі прыйшоў супрацоўнік, то ўся камера была ў крыві. Мяне павезлі ў лякарню ў Наваполацк, наклалі 68 швоў. Потым мяне перавялі ў «нармальную» камеру (ну як нармальную — у ШІЗА ўсе камеры халодныя)».

Медыкаменты знікаюць, а лекары ігнаруюць скаргі зняволеных

Таксама зняволеныя скардзяцца, што ў калоніі не аказваюць медыцынскую дапамогу. Згодна з іх словамі, знікаюць медыкаменты, а дактары ігнаруюць скаргі зняволеных.

Вадзім Хіжнякоў расказвае, што неабходная медыцынская дапамога зняволеным аказваецца, калі гэта траўма, атрыманая на вытворчасці.

«Калі проста па скаргах, то гледзячы каму. Палітычным дапамогу атрымаць значна цяжэй: прадузятасць плюс 6-дзённая праца, а з «промкі» трапіць у санчастку вельмі цяжка. Начальнік медчасткі свайго меркавання не мае: хоць і адносіцца да Мінздароўя, але выконвае ўсе загады Пальчыка».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Уже прокляты/адказаць/
07.02.2023
Всё это ждёт семейство лукашенок до десятого колена.
Невозможно обойти и уйти от таких последствии (судьбы), когда тебя и твою фамилию проклинает весь Народ Беларуси.
0
Woodoo Cult/адказаць/
11.02.2023
Этот Андрей Пальчик на двадцарик должен заехать. Как минимум. Не забудем.
0
семен/адказаць/
16.05.2023
читаю про эти ужасы которые творит администрация колонии,при советской власти такое не вытворяли,асейчас просто жах.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера