Ілья Міронаў паскардзіўся на «Жёлтые сливы»
Гомельскі валанцёр Ілья Міронаў паскардзіўся ў Міністэрства інфармацыі на прапагандысцкі праўладны паблік «Жёлтые сливы», ягоную скаргу зарэгістравалі. Пра гэта аўтар звароту даведаўся з адмысловага паведамлення на свой мабільны тэлефон, піша сайт «Штодзень».
Ілья Міронаў звярнуўся ў Мінінфармацыі па прычыне таго, што ў канцы лістапада 2022 года прапагандысты апублікавалі матэрыял паклёпніцкага характару, у якім у якасці ілюстрацыі выкарыстоўваліся скрыншоты асабістай старонкі валанцёра «УКантакце». Тэкст суправаджаўся зневажальнымі каментарыямі ў адрас Ільі Міронава.
У прыватнасці, невядомы аўтар выкарыстоўваў у дачыненні да актывіста словы «падла», «дармаед», «дэгенерат», «графаман»…
«Вывучыўшы гэты тэлеграм-канал, можна зрабіць выснову пра тое, што пацярпелым ад аўтара канала стаў не толькі я. У гэтым канале пастаянна публікуюцца паведамленні з абразамі ў адрас людзей, якіх аўтар аб’ядноўвае ў групу «змагары». Аўтар дыскрэдытуе і ставіць у прыніжальнае становішча пэўную сацыяльную групу грамадзян, тым самым здзяйсняе дзеянні, скіраваныя на распальванне варажнечы, нянавісці і прыніжэнне групы асоб па прыкмеце прыналежнасці да пэўнай сацыяльнай групы», — зазначае аўтар скаргі.
Ілья Міронаў бачыць у фармаце падачы інфармацыі на праўладным канале прыкметы здзяйснення крымінальнага злачынства, прадугледжанага артыкулам 130 КК Беларусі (распальванне варажнечы), за які прадугледжана пакаранне да 5 гадоў турмы. Таксама, на яго думку, дзеянні аўтараў канала можна кваліфікаваць на аснове арт. 1 Закона «Аб супрацьдзеянні экстрэмізму».
Ілья Міронаў патрабуе выдаліць паведамленне, якое абражае яго і іншых беларусаў, а таксама вынесці пісьмовае папярэджанне аўтару тэлеграм-канала «Жёлтые сливы».
Раней Ілья Міронаў падаў скаргу ў Следчы камітэт на адыёзнага прапагандыста Рыгора Азаронка, а таксама патрабаваў завесці крымінальную справу на начальніка ізалятара ў Гомелі.
Ілья Міронаў правёў год за кратамі, а ўжо пасля таго двойчы адбываў адміністрацыйныя арышты.
Чытайце таксама:
Былы палітвязень падаў заяву ў СК на прапагандыста Азаронка. Патрабуе завесці справу за распальванне варожасці
Ілья Міронаў патрабуе завесці крымінальную справу на начальніка ізалятара ў Гомелі
«Нават бомж, які сядзеў са мной, выкінуў ежу, якую выдалі ў ІЧУ». Ілья Міронаў распавёў пра 12 сутак арышту





