Знайсці
02.02.2023 / 19:0115РусŁacБел

«Не даць згуртаваць вакол сябе «вінцікаў». Чаму Васкрасенскаму і Базанаву не забаронены ўезд у Еўрасаюз?

Пару тыдняў таму ў Кракаве заўважылі машыну Юрыя Васкрасенскага, а днямі каля крамы ў польскай Бяла-Падлясцы сфатаграфавалі старшыню АБФФ Уладзіміра Базанава. Многіх гэта абурыла: звычайным беларусам складана атрымаць шэнген, а звязаныя з рэжымам персоны спакойна ездзяць у Еўропу. Прадстаўнік Аб’яднанага пераходнага кабінета па транзіце ўлады Павел Латушка расказаў «Нашай Ніве», хто трапляе пад санкцыі ЕС, які існуе механізм па ўключэнні ў такі спіс і колькі асобаў ў яго было прапанавана Кабінетам. 

Юрый Васкрасенскі і Уладзімір Базанаў каля польскай крамы. Скрыншот БТ і фота «Трыбуны»

Персанальныя санкцыі звычайна ўводзяць у адносінах да палітыкаў і дзяржслужачых, якія выкарыстоўваюць свае ўладныя інструменты для незаконных дзеянняў, парушаючы міжнароднае і нацыянальнае права. А таксама тых, хто дапамагае ўладам фінансаваць рэпрэсіўную палітыку, так званых «кашалькоў рэжыму». У ЕС такімі займаецца Еўрапейская служба знешніх дзеянняў.

«Асоба Васкрасенскага не з’яўляецца той фігурай, якой варта прысвячаць час і звяртаць вялікую ўвагу. Тым не менш, разумеючы, што наша грамадства вельмі крытычна ставіцца да дзеянняў падобных да Васкрасенскага асобаў, мы ініцыявалі ўключэнне яго ў санкцыйны спіс Еўрапейскага саюза і Польшчы для накладання персанальных абмежаванняў.

Рашэнне аб накладанні на тых ці іншых асобаў персанальных санкцый адносіцца да выключнай кампетэнцыі і права асобных краін, наднацыянальных органаў ці міжнародных арганізацый.

Беларускія дэмакратычныя сілы могуць толькі прапаноўваць тых ці іншых асобаў для ўключэння ў санкцыйныя спісы, даваць абгрунтаванне», — кажа Павел Латушка.

Фота: Офіс Ціханоўскай

Еўрапейскія вандроўкі Юрыя Васкрасенскага выклікалі шквал абурэння ў сацыяльных сетках. Як чалавека, які, як многія лічаць, быў правакатарам, засланым у шэрагі апазіцыі, а пасля іграў ролю «апазіцыі», у тым ліку засядаў у так званым «Усебеларускім народным сходзе», могуць пускаць у Еўрасаюз?

Меркаванне дэмакратычных сілаў у гэтым пытанні адназначнае: людзі, якія дапамагаюць рэжыму, не павінны мець права карыстацца дабротамі і магчымасцямі, якія даюць краіны ЕС. 

«Гэта амаральна ў адносінах да тых, хто вымушаны зараз нявінна знаходзіцца ў месцах зняволення і штодня падвяргацца катаванням з боку рэжыму, — лічыць Павел Латушка. —

Вядома, на сёння персанальны санкцыйны спіс як ЕС, так і іншых дэмакратычных краін не адлюстроўвае ўсёй той масы асоб, якія вінаватыя ў фальсіфікацыі выбараў, збіцці і катаваннях беларусаў, незаконных прысудах, спрыянні расійскай агрэсіі супраць Украіны, распальванні нянавісці і варожасці паміж народамі, распаўсюджванні лжывай інфармацыі.

Найперш туды ўключаныя вышэйшыя службовыя асобы, адказныя за гэтыя дзеянні, найбольш адыёзныя прапагандысты і так званыя «кашалькі рэжыму», — кажа ён. 

У гэтым падыходзе ёсць пэўная логіка. 

«Санкцыі супраць тых жа «кашалькоў» ці службовых асоб, якія непасрэдна аддаюць каманды, маюць прыярытэт у параўнанні з персанальнымі абмежаваннямі ў дачыненні да «вінцікаў» сістэмы», — кажа Павел Латушка.

Больш за тое, ён лічыць контрпрадуктыўнымі санкцыі супраць «вінцікаў».

«Санкцыі не будуць мець патрэбнага эфекту, а толькі дадуць нагоду рэжыму згуртаваць вакол сябе як мага больш гэтых самых «вінцікаў», — тлумачыць Латушка. 

Фота: Офіс Ціханоўскай

У Еўрапейскім саюзе санкцыі ўводзяцца шляхам прыняцця пастановы. Пастановы, якія тычацца санкцый у дачыненні да Беларусі, прымаліся ў першую чаргу Радай ЕС.

За апошнія некалькі месяцаў Кабінет накіраваў прапановы па санкцыях упаўнаважаным органам Славеніі, Вялікабрытаніі, ЗША, Чэхіі, Польшчы, Эстоніі, Швецыі, Швейцарыі, Латвіі, Еўрапейскага саюза. 

«У агульнай колькасці намі было прапанавана ўвядзенне персанальных санкцый у адносінах да 340 фізічных асоб, а таксама ўнесеныя прапановы па накладанні эканамічных санкцый у дачыненні да 13 прадпрыемстваў.

Варта адзначыць, што за гэты час ужо было прынята шэраг рашэнняў санкцыйнага характару ў адносінах да прадстаўнікоў рыжыму Лукашэнкі. Так, нацыянальныя санкцыі ўвяла ў лістападзе 2022 года Польшча. Там за гэтую палітыку адказвае Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы. 

У гэтым жа месяцы санкцыі ў дачыненні да фізічных асоб і кампаній з Беларусі ўвяла Канада. Таксама нядаўна дадатковыя санкцыі ўвялі ЗША, якія дабавілі яшчэ крыху больш за два дзясяткі чалавек у свой персанальны спіс», — пералічвае Павел Латушка. 

Цяпер рыхтуецца новы пакет санкцый у дачыненні да Беларусі з боку Еўрапейскага саюза, які тычыцца саўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў агрэсіі Расіі супраць Украіны.

«Па нашых падліках, на сёння толькі ў рамках ЕС персанальнымі санкцыямі ахоплена каля 200 асобаў. З улікам нацыянальных санкцый іх колькасць пашыраецца і будзе расці.

Гэта невялікая колькасць ў параўнанні з тысячамі палітзняволеных», — кажа ён. 

Калі ёсць важкія падставы, то ў спісы могуць уключыць не толькі высокіх чыноўнікаў. Так, у санкцыйным спісе ЕС ёсць рэктары ВНУ, адказныя за палітычна матываваныя выключэнні студэнтаў і звальненні выкладчыкаў — Міхаіл Баразна (Акадэмія мастацтваў), Сяргей Рубніковіч (Мінскі медуніверсітэт), Аляксандр Бахановіч (Брэсцкі тэхнічны ўніверсітэт). 

Павел Латушка адзначае, што Кабінет у пытанні з санкцыямі сутыкаецца з бюракратычнымі перашкодамі. 

«Неафіцыйна нам кажуць аб лімітах на накладанне персанальных санкцый, бо гэта звязана з апрацоўкай дакументаў, падрыхтоўкай абгрунтавання. Пад кожнае прозвішча, пад кожную кампанію павінна быць пакладзена якаснае факталагічнае і прававое абгрунтаванне ўвядзення тых ці іншых санкцый», — тлумачыць палітык. 

Чытайце таксама: 

Ціханоўская разам з членамі Кабінета сустрэлася з міністрам унутраных спраў Польшчы

«Не магу нават уявіць». Ці могуць беларускія спецслужбы выкрасці апанентаў улады з-за мяжы?

Латушка: Ніякіх адказаў на мае пытанні з нагоды завочнага суда не было

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Woodoo Cult /адказаць/
04.02.2023
НАУ, в том числе и на латушку по этой причине?
0
Woodoo Cult /адказаць/
04.02.2023
[Рэд. выдалена]
0
Ян Норман /адказаць/
05.02.2023
Абу, Дык захад у гэтых справах наогул "касы".Было б інакш-ужо даўно быў бы састаўлены спіс з 1000 прыкарытных асобаў,плюс 9000 іх бліжэйшых сваякоў.І гэтым 10 000 чалавек,поўнасьцю  абрублены усе стасункі з Захадам (візы,маёмасць,навучэнне,рахункі).А не тое як цяпер:Міністэрства санкцый імітуе кіпучую дзейнасць у час па тры кроплі.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера