Знайсці
31.01.2023 / 21:575РусŁacБел

Сужэнцы сышлі з менеджарскіх пасад, з’ехалі на Шчучыншчыну, сталі там чабанамі і гаспадарамі аграсядзібы

Данат і Алена жывуць на хутары, гадуюць авечак і развіваюць аграсядзібны бізнес. Яны кінулі гарадское жыццё, каб атрымліваць асалоду ад цішыні, адчуваць свабоду, харчавацца экалагічна чыстымі прадуктамі. Realt.by з’ездзіў да іх на Шчучыншчыну.

— Вы на аграсядзібе «Чары» — далёка-далёка ад цывілізацыі. Тут класна, значна круцей, чым у горадзе! — сустрэў журналістаў гаспадар.

Донат успамінае, што раней ён жыў у Гродне, працаваў у юрыдычнай і камерцыйнай сферах. Разам з жонкай яны паспелі паездзіць па свеце і паглядзець розныя краіны: напрыклад, каля года муж і жонка пражылі ў Тайландзе.

— У выніку радзіма прыцягнула сюды. Першы ўчастак на гэтым хутары мы набылі 15 гадоў таму. Ездзілі сюды адпачываць, пячы шашлыкі, касіць траву. З часам дакупілі яшчэ некалькі ўчасткаў з дамамі. У выніку чатыры гады таму вырашылі пакінуць офіс, гарадское жыццё, пазбавіцца стрэсаў і нуды, цалкам пераехаць на хутар. Сёння наша тэрыторыя — гэта сем гектараў зямлі з пяццю дамамі, пладовымі дрэвамі і пашамі для жывёл. Топ-менеджары ператварыліся ў чабаноў, — усміхаецца Данат.

 

Мясцовыя жыхары расказалі мужу і жонцы, што хутар раней называўся Батракі, а яго гаспадаром быў чалавек на імя Бедны Уладэк.

— Магчыма, ён і стварыў увесь тутэйшы антураж. Тут пасаджаны векавыя ліпы, якія заспелі жыццё трох пакаленняў. Шмат у чым з-за іх мы выкупілі пакінутыя ўчасткі: не хацелася, каб нехта спілаваў дрэвы, бо для некаторых людзей гэта проста дровы, — кажа Данат.

Кухонныя тумбы зрабілі з цэглы ад старой печкі

Дамы зараз знаходзяцца на розных этапах рэстаўрацыі. Адзін з іх Данат і Алена ўладкавалі для свайго жыцця, яшчэ адзін ператварылі ў аграсядзібу. Менавіта там журналістаў пасадзілі за стол, напаілі травяным чаем і пачаставалі свежым яблычным пірагом.

Дом 1950-х гадоў пабудовы купілі за 500 даляраў. Так ён выглядаў да рэстаўрацыі.

Унутры перабудавалі практычна ўсё, залілі новы падмурак. Пакінулі толькі драўляныя сцены, якія ўцяплілі і пафарбавалі. Канструкцыя дома і натуральныя матэрыялы забяспечваюць натуральную вентыляцыю.

Дом светлы, з вялікімі вокнамі. Кухня, гасцёўня, лазня і санвузел на першым паверсе, спальныя месцы — на другім. Гарышча і столі няма: толькі дах.

— Калісьці тут былі бэлькі, але яшчэ да нашай пакупкі дома іх скралі. Мы вырашылі не рабіць новыя, не мантаваць столь, а пакінуць максімум прасторы. Пад дах паклалі 300 міліметраў уцяпляльніка, адштукавалі OSB-плітамі, пафарбавалі іх водаэмульсійнай фарбай — атрымаўся «эфект марозу на акне», — паказвае Данат. — Адзіны мінус: з-за адсутнасці гарышча летам тут можа быць горача.

Для ацяплення ў хаце ўсталяваныя два катла — электрычны і цвёрдапаліўны, які працуе на дровах. Сістэма труб змантаваная пад ухілам: гарачая вада падымаецца ўгару, халодная цячэ ўніз. Калі адключыцца электрычнасць, перастануць працаваць электрычны кацёл і помпа. У гэтым выпадку можна распаліць цвёрдапаліўны кацёл: ён нагрэе ваду ў трубах і ў хаце па-ранейшаму будзе цеплыня.

Данат успамінае, што падчас рамонту яны не выкінулі нічога. Напрыклад, лесвіцу зрабілі з засохлых дрэў, якія раслі на ўчастку. Разабралі старую печ — і з гэтай цэглы з дапамогай мясцовага рабочага зрабілі сцяну ў доме, кухонныя тумбы.

 

Захавалі дубовыя 70-гадовыя дзверы, старую мэблю — драўляную шафу з узорным замком, размаляваны куфар.

Пры аздабленні парыльні не выкарыстоўвалі вагонку. Замест гэтага ўзялі пяць гатункаў дрэва — асіну, хвою, бярозу, алешыну і ліпу. Частка дошак заставалася ад старой хаты, частку купілі ў лясгасе. Калі тэмпература ў парыльні павялічваецца, адчуваецца пах смалы. Тут вельмі добра дыхаецца. Стыль аздаблення аўтарскі — завецца «лясун».

— У гэтым доме мы ўжо год прымаем гасцей. У многіх вёска асацыюецца з брудам, цяжкай працай, адсутнасцю камфорту. Мы ж змаглі стварыць камфортныя ўмовы для сябе і для тых, хто сюды прыязджае. Цішыня, адсутнасць суседзяў, уласныя прадукты, свабода — вось ад чаго мы атрымліваем асалоду на кожны дзень, — кажа гаспадар.

Данат і Алена ўсё робяць самі: стрыгуць авечак, косяць сена, даглядаюць зямлю і дамы. У нечым звяртаюцца па дапамогу да мясцовых. Напрыклад, запрашаюць на ўчастак будаўнікоў, набываюць малако і хлеб у людзей з суседніх вёсак.

«Нараджэнне ягнятаў — гэта вялікі цуд»

У садзе — каля ста яблынь. На ўчастку расце трава: гэта пашы для авечак і магчымасць нарыхтаваць сена на зіму. Данат паказаў атару. Ён памятае кожную ўлюбёнку па імені, ласкава звяртаецца да іх і прапануе зерне. Самая смелая авечка — Пенелопа — падыходзіць да вядра. Астатнія з асцярогай глядзяць: яны не абвыклі да гасцей з камерай.

Бараны самі падыходзяць да Даната, дазваляюць іх пагладзіць. Даўганогі Ласяш — гонар міні-фермы.

Данат паказвае нам вышкі, набітыя сенам, расказвае пра радзільню для авечак. Рэч у тым, што менавіта цяпер, зімой, жывёлы чакаюць прыплоду. Ягняты звычайна нараджаюцца па адным, але бываюць і двайняты, і трайняты.

— Перыяд зʼяўлення ягнят — адзін з самых цікавых у годзе. Я лічу, што нараджэнне малых — гэта вялікі цуд, — кажа Данат.

 

Побач з хутарам — лес, возера з рыбай. Да найбліжэйшай вёскі — каля паўгадзіны пешшу. Калі дарогу замяце, то дабірацца давядзецца на лыжах, а калі вясной будзе шмат вады, трэба будзе перачакаць бездарожжа на хутары.

— Часам мы самі выклікаем трактар для расчысткі дарогі. Можна зрабіць так. А можна паляжаць на печцы, папіць гарбаты і адпачыць ад працы, — дзеліцца рэцэптам шчасця Данат.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Донат/адказаць/
31.01.2023
чыста беларускае имя Донат)))

кожнаму у хату - па Данату
1
У пошуках…/адказаць/
01.02.2023
Абу, шукайце - у кожнага яно сваё і завецца па-свойму
1
антивася/адказаць/
01.02.2023
и по барану
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера