Знайсці
27.01.2023 / 14:20РусŁacБел

Алесь Пушкін у турме хоча намаляваць партрэт Тарашкевіча

Жонка мастака распавяла «Народнай Волі» пра апошнія навіны ад мужа.

Як вядома, Алесь Пушкін знаходзіцца за кратамі з сакавіка 2021 года. Паводле Генпракуратуры, мастак «здзейсніў дзеянні, накіраваныя напрапаганду нацызму і дзейнасці беларускіх калабарацыянісцкіх арганізацый«. Маецца на ўвазе размяшчэнне на выставе ў Гродне партрэта ўдзельніка пасляваеннага беларускага антысавецкага руху Яўгена Жыхара.

30 сакавіка 2022 суд прызнаў Пушкіна вінаватым і прызначыў яму 5 гадоў зняволення ў калоніі строгага рэжыму.

Пазней ён быў этапаваны ў папраўчую калонію №22, але ў лістападзе мінулага года суд пастанавіў перавесці Алеся Пушкіна на турэмны рэжым тэрмінам на паўтара года. Цяпер мастак знаходзіцца ў Гродзенскай турме №1.

— Лісты ад Алеся прыходзяць рэдка, — кажа Яніна Пушкіна, жонка мастака. — Паколькі ён знаходзіцца на строгім рэжыме, то яму не дазволеныя перадачы. Вось муж і піша, што ў такіх умовах вельмі хочацца з’есці што-небудзь смачнае, але сітуацыя не дазваляе атрымаць такую асалоду.

Алесь паведаміў, напрыклад, што скідваюцца грашыма, купляюць у мясцовым буфеце цыбулю, разразаюць яе і частуюцца штодзень. Гэта, наколькі я зразумела, у іх адзіны вітамінны прадукт — палова цыбуліны на дзень. Увогуле, за месяц можна купіць у буфеце нешта з прадуктаў на 32 рублі.

— Пра здароўе нічога не паведамляе?

— Напісаў, што не можа есці свежы турэмны хлеб, бо яшчэ раней, калі служыў у Афганістане, перахварэў на хваробу Боткіна. Таму той хлеб ужывае толькі ў падсушаным выглядзе.

— Нейкія кнігі ў турме Алесь, напэўна ж, чытае…

— Мы выпісалі яму газету «Літаратура і мастацтва», а таксама часопіс «Мастацтва». Знаёміцца з апошнімі навінамі ў галіне культуры, паведаміў, што ў яго з’явілася вялікае жаданне намаляваць партрэт лаўрэата Дзяржаўнай прэміі, тэатральнага рэжысёра Валерыя Маслюка, якому ў сакавіку гэтага года споўнілася б 70 год.

Таксама хацеў бы намаляваць партрэт аўтара першай беларускай граматыкі Браніслава Тарашкевіча, які ў свой час таксама сядзеў у Гродзенскай турме. Таму папрасіў мяне, каб даслала яму фота гэтых асоб.

— Мяркуеце, Алесю дазволяць у турме маляваць партрэты?

— Вось гэта я дакладна не ведаю. Але зраблю так, як муж прасіў…

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
3
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
3
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930