Знайсці
27.01.2023 / 23:03РусŁacБел

«Фабельманы»: аўтабіяграфічная стужка Спілберга, адна з самых кранальных у яго кар'еры

У цэнтры стужкі «Фабельманы», якая атрымала сем намінацый на «Оскар», — гісторыя пра тое, як Стывен Спілберг, будучы яшчэ дзіцем, захапіўся кіно, а таксама сямейная драма яго бацькоў. Па словах кінакрытыкаў, 76-гадовы Спілберг зняў адзін з самых прыгожых, кранальных і цікавых сваіх фільмаў.

Фота: Мэры Вейсмілер Уолес / Universal Pictures and Amblin Entertainment

Дзеянне фільма пачынаецца перад кінатэатрам, калі сямігадовы Сэмі Фабельман збіраецца паглядзець свой першы фільм — «Найвялікшае шоу на Зямлі» 1952 года. Ён баіцца ісці ў цёмную залу, але бацькі запэўніваюць яго, што ўсё будзе добра. Яго бацька Берт, камп’ютарны інжынер, падрабязна тлумачыць сыну працэс кіназдымкі як рух выяў праз праектар — лагічнае тлумачэнне чагосьці чароўнага ад чалавека логікі. У той час як маці Сэмі Міцы кажа, што фільмы — гэта ўвасабленне мары, прастора выдатных магчымасцяў. Гэтыя два погляды на кіно стануць неад'емнай часткай жыцця Сэмі і Стывена Спілберга — стыль будучага рэжысёра будзе ўяўляць сабой спалучэнне гэтых двух пунктаў гледжання.

Калі Сэмі распачынае ўласную «кінавытворчасць» і бацька называе гэта хобі, хлопчык заўсёды паўстае супраць такога стаўлення, як быццам глыбока ўнутры адчувае: кіно — гэта не проста хобі, забаўка, а сутнасць таго, кім ён ёсць насамрэч. Глядач назірае, як Спілберг азіраецца на сваё мінулае і высвятляе, адкуль узялося яго захапленне. Рэжысёр з тонкімі падрабязнасцямі распавядае, як упершыню адчуў тое чарадзейства, якое цяпер стварае для шматмільённай аўдыторыі.

Захапленне кіно дае Сэмі некаторую стабільнасць і нават ілюзію кантролю над тым, што адбываецца, на фоне ўзрушэнняў у сямейным жыцці.

Праца бацькі-інжынера прымушае сям'ю ўвесь час знаходзіцца ў руху: яны пераязджаюць спачатку ў Арызону, а потым у Каліфорнію.

Змены, а таксама клопат пра дзяцей, кладуцца цяжарам на свабодалюбівую маці Сэмі — Міцы. Далікатная, капрызная па характары, бландзінка з трохі эксцэнтрычнай прычоскай, Міцы — былая піяністка, якая закінула кар'еру, каб выхоўваць дзяцей. Маці заклікае Сэмі трымацца сваёй мары пра кіно. Блізкі сябар сям'і, Бэні, таксама абнадзейвае. Але бацька Сэмі хацеў бы, каб сын заняўся чымсьці больш практычным, напрыклад, вылічальнай тэхнікай або інжынерыяй.

Аднойчы да Фабельманаў зазірае сваяк з мастацкага асяроддзя — стрыечны дзядуля Борыс, былы артыст цырка і акцёр нямога кіно. Ён распавядае Сэмі пра кошт жыцця ў мастацтве, папярэджваючы: «Мастацтва дасць табе кароны на нябёсах і лаўры на зямлі, але таксама яно вырве табе сэрца. Мастацтва — гэта не гульня! Мастацтва небяспечнае, як пашча льва. Яно адкусіць табе галаву».

Сэмі любіць здымаць фільмы ў тым ліку таму, што захапляльная праца, злучэнне сцэн уручную, а потым вынік, які можна паказаць сябрам, — усё гэта дапамагае яму перамагчы страхі і няўпэўненасць у сабе. Гэта выглядае на дзіва сумленным прызнаннем, якое зыходзіць ад Спілберга, якога крытыкі часта папракаюць у тым, што ён патурае лёгкай сентыментальнасці і пазбягае складаных пытанняў.

Фота: Мэры Вейсмілер Уолес / Universal Pictures and Amblin Entertainment

Маці Сэмі таемна закаханая ў супрацоўніка і прыяцеля яго бацькі — тупаватага Бэні Лоўі, які ўвесь час прыходзіць да іх на вячэру і ездзіць з Фабельманамі ў адпачынак. Праз камеру Сэмі фіксуе доказы незаконных адносін сваёй маці з Бэні, заўважыўшы, як яны трымаюцца за рукі ў куце кадра; ён выдаляе гэтыя сцэны са свайго фільма і паказвае бацькам толькі ідэальную версію Super-8. «Гэта амаль галавакружная метафара ўласнага кінематаграфічнага бачання Спілберга, яго няпростага ўяўлення пра сямейныя каштоўнасці, патрэбы пераўладкаваць недасканалую рэальнасць. Напраўду захапляльна бачыць, як Спілберг/Фабельман паказвае рэдагаванне галоўным творчым актам: што пакінуць, што выразаць, як уявіць праўду», — піша кінакрытык Пітэр Брэдшоу для The Guardian.

Якім бы драматычным ні быў сямейны партрэт, «Фабельманы» таксама ёсць надзвычай вясёлым фільмам; у яго пераможны і жыццесцвярджальны дух. Спілберг дадае гумару, калі паказвае, як Сэмі здымае сваіх сясцёр у аматарскім вестэрне Gunsmog, а сваіх сяброў — у ваенным фільме; якой неверагоднай забавай гэта становіцца і для псеўдаакцёраў, і для рэжысёра-аматара. У старэйшай школе адбываецца некалькі нават празмерна камічных момантаў, калі Сэмі перажывае першае каханне і мае сутычкі з антысеміцкімі спартоўцамі. Тут можна ўбачыць (як і ў іншых фільмах Спілберга, такіх, як «Дуэль» і «У пошуках страчанага каўчэга»), як хуліганы атрымліваюць адплату.

Сярод прэтэнзій да фільма рэдактарка Mashable Крысці Пучко называе тое, што «ашаламляльная грандыёзнасць фільма выглядае перфарматыўнай». У прыватнасці, персанаж Міцы часта нервуе, а не забаўляе, а яе тэатральныя заявы, са слязьмі і дрыготкай, «выглядаюць як рэзкія рэплікі ў сіткомах». Рэдактарка адзначае, што ў фільме занадта шмат усяго для адной стужкі, але пры гэтым не хапае факусіроўкі.

Стварэнне фільмаў, якія падабаюцца публіцы, — гэта звышздольнасць Стывена Спілберга, а часам і яго самы вялікі недахоп, які штурхае яго да душашчыпальнай сентыментальнасці, піша Карын Джэймс для Бі-бі-сі. Аднак, нягледзячы на гэта, адзначае Карын, выдуманая версія дзяцінства і юнацтва рэжысёра таксама ёсць адным з яго самых строгіх і эмацыйна сумленных фільмаў, у якіх няма забавы дзеля забавы. Чулае пераасэнсаванне сямейнай гісторыі дазваляе рэжысёру бачыць кожнага з яе ўдзельнікаў, у тым ліку самога сябе, ясна і чалавечна.

Чытайце яшчэ:

Абвясцілі намінантаў на «Оскар». Хто прэтэндуе на статуэтку?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера