Знайсці
29.01.2023 / 00:22РусŁacБел

Чаму жанчыны адчуваюць сябе кепска перад месячнымі

Даследчыкі не да канца разумеюць уплыў менструальнага цыкла на імунную сістэму, але эксперты кажуць, што ёсць прычыны, па якіх некаторыя жанчыны могуць адчуваць сябе кепска.

Фота: pixabay

Ці слабее імунная сістэма жанчыны ў пэўны час менструальнага цыкла? І ці праўда, што калі вы захворваеце, то гэта адбываецца амаль заўсёды непасрэдна перад менструацыяй?

Эксперты кажуць, што пакуль недастаткова даных, каб гэта пацвердзіць, але ёсць некаторыя намёкі на тое, што гэта можа быць праўдай.

Новыя даследаванні паказваюць, што падчас крытычных дзён імунная сістэма жанчын можа вагацца, часам узмацняючы сімптомы хранічнага захворвання або нават правакуючы ўзнікненне яго новых сімптомаў, якія некаторыя жанчыны могуць прыняць за прыкметы новай хваробы.

Напрыклад, непасрэдна перад менструацыяй некаторыя жанчыны адзначаюць сімптомы, якія звычайна асацыіруюцца з грыпам, напрыклад, ламота ў целе, недамаганне і нават ліхаманка. Гэты так званы «перыядычны грып» не выклікаецца сапраўдным патагенам, кажа доктар Таранэ Шыразян, гінеколаг у N.Y.U. Langone Health. Такі стан можа быць вынікам імуннай рэакцыі чалавека на натуральны працэс, калі матка пазбаўляецца яйцаклеткі.

Гармоны таксама могуць быць вінаватымі ва ўзнікненні такіх сімптомаў. Непасрэдна перад авуляцыяй узрастае ўзровень лютэінізуючага гармону. Калі пачынаецца менструацыя, яго ўзровень рэзка падае, у выніку чаго жанчына можа адчуваць стомленасць, уздуцце жывата, галаўныя болі і млоснасць. Некаторыя жанчыны праходзяць праз такія агрэсіўныя сімптомы кожны цыкл.

У 2018 годзе ў супрацоўніцтве з мабільным дадаткам для адсочвання менструацый Clue даследчыкі таксама адзначылі, што ў жанчын з некаторымі захворваннямі, напрыклад, з запаленчымі захворваннямі кішэчніка, эпілепсіяй і аўтаімуннымі расстройствамі, сімптомы такіх хвароб часам узмацняліся падчас авуляцыі, стан жанчыны паляпшаўся прыкладна праз тыдзень і зноў пагаршаўся падчас наступнай менструацыі.

Іншыя даследаванні паказалі, што ад 19 да 40 % жанчын, якія пакутуюць ад астмы, адзначаюць больш інтэнсіўныя і частыя прыступы яе непасрэдна перад або падчас месячных.

Некаторыя невялікія даследаванні сведчаць, што жанчыны з рассеяным склерозам і ваўчанкай таксама адчувалі ўзмацненне сімптомаў непасрэдна перад або падчас менструацыі.

Эвалюцыйная функцыя менструальнага цыкла заключаецца ў тым, каб даць жанчынам магчымасць зацяжарыць. Калі апладненне ўсё ж адбываецца, некаторыя часткі імуннай сістэмы прыгнятаюцца, каб арганізм не пазбаўляўся плода.

Падчас менструальнага цыкла яечнікі выдзяляюць эстраген і прагестэрон, якія па-рознаму ўплываюць на імунную сістэму ў залежнасці ад часткі цела. Але эстраген і прагестэрон самі па сабе не могуць быць прычынамі аслаблення імуннай сістэмы, бо ў пацыентаў, якія атрымліваюць дадатковыя дозы гармонаў падчас пэўных медыцынскіх працэдур або, напрыклад, падчас кантролю над зачаццем, праяўлення негатыўных сімптомаў не назіраецца.

Без канчатковых даных навукоўцы не могуць даць дакладных рэкамендацый і прагнозаў наконт шанцаў канкрэтнай жанчыны адчуваць недамаганне ў залежнасці ад цыкла. То-бок дактары не могуць сказаць таксама, ці існуе ўсё ж большая верагоднасць захварэць на прастуду або на іншыя інфекцыйныя хваробы непасрэдна перад або падчас менструацыі, таму што больш падрабязныя даследаванні проста не праводзіліся.

Але дактары раяць не ігнараваць тое, што вы пастаянна адчуваеце сябе дрэнна ў пэўны момант цыкла. Вы можаце прыняць меры, каб абараніць сваё здароўе перад менструацыяй: пераканайцеся, што ваша дыета збалансаваная, вы дастаткова спіце і мыеце рукі не менш за 20 секунд. Кожная жанчына лепш за іншых ведае сваё цела.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера