Знайсці
11.01.2023 / 18:451РусŁacБел

Беларуска ў журы «Залатога глобуса» расказала, як вызначала пераможцаў кінапрэміі, і параіла фільмы для прагляду

Ноччу ў амерыканскім Бэвэрлі-Хілз узнагароджвалі лаўрэатаў «Залатога глобуса». Гэтым разам сярод членаў пашыранага складу журы была беларуская журналістка і кінакрытык Ірэна Кацяловіч. Яна падзялілася сваімі адкрыццямі.

Фота: фэйсбук Ірэны Кацяловіч

«Мяне радуе, што вытрыманы баланс паміж выразна глядацкім і аўтарскім кіно»

«Наша Ніва»: Як вам вынікі прэміі?

Ірэна Кацяловіч: Перш за ўсё я звярнула ўвагу на перамогу «Фабельманаў» Спілберга. Я за іх асабіста не галасавала, але падазравала, што пераможа менавіта гэты канвенцыйны фільм ужо, можна сказаць, класічнага галівудскага рэжысёра з невялікім свавольствам напрыканцы. Надзвычай рада за фільм «Баншы Інішэрына» Марціна Макдонаха, які перамог у катэгорыі «Найлепшы фільм (мюзікл/камедыя)», Колін Фарэл атрымаў узнагароду як найлепшы акцёр за сваю роль у гэтым фільме.

Таксама мае перавагі супалі ў вызначэнні найлепшых жаночых роляў: галасавала за неверагодную Кейт Бланшэт у фільме «Тар», а таксама за Мішэль Еа ў вельмі авангарднай фантастыцы «Усё паўсюль і адразу». У астатніх катэгорыях мой выбар не супаў з пераможцамі, але мяне радуе, што вытрыманы баланс паміж выразна глядацкім і аўтарскім кіно. Думаю, аўтарскае кіно нават пераважае.

«НН»: Хто яшчэ быў вашым фаварытам сярод намінантаў?

ІК: У катэгорыі «Найлепшы драматычны фільм» я галасавала за карціну «Тар», у тым ліку праз неверагодную гульню Кейт Бланшэт. Увогуле, у мяне амаль не было сумненняў, што выберу ў гэтай катэгорыі. Больш разнастайны выбар, з майго снобскага пункту гледжання ў дачыненні да кіно, быў у катэгорыі «Мюзікл/камедыя».

Таксама я знайшла выдатную стужку ў катэгорыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Прагаласавала за, напэўна, адно з фестывальных адкрыццяў апошняга часу — стужку Close («Блізка») маладога бельгійскага рэжысёра Лукаса Донта, які толькі пачынае свой шлях. Гэта вельмі чуллівая гісторыя пра двух маленькіх хлопчыкаў, школьнікаў, пра іх сяброўства і пра тое, як лёгка меркаванне з навакольнага свету і любая заўвага атачэння можа разбурыць нешта вельмі каштоўнае і глыбокае, і як ты потым з гэтым пагаджаешся і жывеш. Прычым гэтая гісторыя паказана вачыма школьнікаў, якіх мы не прызвычаіліся бачыць галоўнымі героямі. У гэтым фільме праца з акцёрамі і пачуццямі галоўных герояў выкананая на такім тонкім узроўні, што я не змагла зрабіць іншага выбару.

У катэгорыі «Анімацыя» я, канешне, падазравала, што пераможа «Пінокіа» Гільерма дэль Тора. Але прагаласавала за цудоўную японскую стужку «Іну-О», рок-оперу ў анімацыі. Таксама не супала ў вызначэнні роляў другога плана, найлепшага рэжысёра і найлепшага сцэнара, але на гэта я асабліва і не разлічвала. Проста магу радавацца за фільм «Баншы Інішэрына».

«НН»: Чым ён вас так захапіў?

ІК: Гэта ва ўсіх сэнсах — у колеры, сцэнары, музыцы, ролях, рэжысуры — проста дасканалая праца. Тут атрымліваецца, як я гэта называю, «музыка цішыні», калі цябе захоплівае не толькі развіццё падзеяў, якое тут таксама вельмі ліхое, бо гэта чорная камедыя, ты сутыкаешся з абсалютна нечаканымі рэакцыямі і нечаканымі целарухамі, ты мусіш уваходзіць у гэтыя правілы гульні і пагаджацца з імі. Гэта свет невялічкай вёсачкі, дзе ёсць два старыя сябры, сувязь паміж якімі разбураецца, бо адзін вырашае больш не працягваць гэтае сяброўства.

Ты ўваходзіш у гэты свет і думаеш: о так, можна і так рэагаваць. У прыватнасці, адразаць свае пальцы, калі твой былы сябар не прытрымліваецца тваіх парадаў адчапіцца ад цябе.

Гэта сапраўды дасканалая гісторыя, дзе табе цікава сачыць за развіццём галоўнага героя, якога сыграў Колін Фарэл, за тым, як ён сябе паводзіць у нечаканай для сябе сітуацыі і раскрываецца так, што можна яго ў адзін момант палюбіць, а ў другі — зненавідзець. Гэта вельмі цікавае супрацьпастаўленне ў кароткі адрэзак часу.

«Каштоўна валодаць стосам эксклюзіўных лінкаў на фільмы, якія б ты проста так не паглядзеў»

«НН»: Як вы аказаліся ў журы?

ІК: Так разумею, што праз шэраг скандалаў мінулых гадоў «Залаты глобус» вырашыў змагацца з недастатковым удзелам у журы людзей розных нацыянальнасцей і катэгорый, тым больш што гэта ў кантэксце амерыканскага грамадства і праблем, якія яго турбуюць. «Залаты глобус» вырашыў павялічыць гэтую разнастайнасць і запрасіць больш за сто дадатковых сяброў журы. Іх паклікалі з усяго свету, і я памятаю, што ў прэс-рэлізе нават распісалі суадносіны колькасці прадстаўнікоў розных расаў.

Дадатковых сябраў журы запрасілі толькі на адзін год, на 80-ты «Залаты глобус». Іх шукалі ў тым ліку сярод аб’яднанняў кінакрытыкаў, і, напэўна, адно з самых буйных такіх аб’яднанняў — гэта FIPRESCI, Міжнародная федэрацыя кінапрэсы, у якую я ўваходжу.

FIPRESCI транслявала гэты пошук новых сябраў журы, на які я адгукнулася. Не памятаю дакладна, што ўключала ў сябе заяўка, але ў выніку я аказалася запрошаная, як і яшчэ прыкладна сто чалавек.

«НН»: Як выглядала галасаванне?

ІК: Паколькі ўсе сябры журы знаходзяцца ў розных краінах, кожны меў акаўнт на адмысловай інтэрнэт-платформе. Трэба было туды зайсці і зрабіць выбар у сваёй катэгорыі, бо частка сяброў журы галасавала ў поўнаметражным кіно, частка — у катэгорыях, звязаных з тэлебачаннем, я галасавала ў поўнаметражным кіно.

Робіш выбар, ставіш птушачкі паўсюль, дзе трэба з нечым пагадзіцца, з усімі мажлівымі правіламі гульні, і табе пампуецца пдф-файл з усімі тваімі абранымі варыянтамі. Гэты файл ты адпраўляеш на адмысловую пошту агенцыі, якая падлічвае галасы. Потым табе дасылаюць адказ, што твой голас атрыманы, і ўсё. Да гэтага трэба яшчэ паўдзельнічаць у вылучэнні намінантаў на «Залаты глобус», тады неабходна было проста ўпісваць назвы фільмаў.

Мы атрымлівалі ад арганізатараў тэхнічныя парады па тым, як галасаваць на платформе, а таксама просьбы і нават дакументы, якія мы падпісвалі, што мы не мусім агучваць свае перавагі і галасы, пакуль не будуць абвешчаныя ўласна пераможцы. Таксама мы не мусілі абмяркоўваць кіно з калегамі, бо гэта тэарэтычна можа на іх паўплываць.

«НН»: Якое ўражанне ў вас пакінуў гэты досвед?

ІК: Каштоўна валодаць стосам эксклюзіўных лінкаў на фільмы, якія б ты проста так не паглядзеў і на якія б не натрапіў на платформах, дзе ўжо зарэгістраваўся. Гэта абсалютна ўнікальная магчымасць у кароткі тэрмін завалодаць вялікай фільматэкай.

З іншага боку, гэта і вялікая праца, бо, калі ты мусіш выставіць кандыдатаў на намінацыі, ты глядзіш як мага больш фільмаў, проста каб выбіраць з як мага большай колькасці. Гэта адбывалася абсалютна хаатычна, бо ты мусіш кіравацца нейкімі гайдамі з прэсы пра тое, што глядзець, а што можна прапусціць, але ты, хутчэй за ўсё, знойдзеш нешта вартае тваёй увагі. Аднак паколькі гаворка ідзе пра сотні фільмаў, ты ў любым разе, здаецца, штосьці прапускаеш.

Яшчэ шкадую, што праз недахоп часу не ўдалося паглядзець яшчэ больш фільмаў. Думаю, калі ты становішся сябрам журы «Залатога глобуса», табе гэтым трэба займацца як працай, ад раніцы да вечара, і тады ты будзеш бліжэй да сатысфакцыі ад гэтага працэсу.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

«Аватар 2: шлях вады», альбо Другое пагружэнне ў Пандору

Топ серыялаў ад журналістаў «Нашай Нівы». Некаторыя з іх дакладна стануць адкрыццём для вас

Агляд фільма «Усёбачнае вока»: ці варта глядзець новую стужку з Крысціянам Бэйлам на Netflix? Забойства, мутацыі і Эдгар Алан По

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Максим Дизайнер/адказаць/
11.01.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера