Знайсці
10.01.2023 / 09:063РусŁacБел

Прабабуля і ўнучка ў адным мінскім СІЗА з розніцай у 80 гадоў. Гісторыя прабабулі Марыны Золатавай

Галоўны рэдактар Tut.by Марына Золатава знаходзіцца ў мінскім СІЗА-1 ужо больш за 600 дзён. Падчас Другой сусветнай вайны там жа была ў зняволенні яе прабабуля — Алена Мікалаева.

Марына Золатава ў судзе. Фота: БелТА

У Мінску 9 студзеня пачалі судзіць кіраўнікоў найбуйнейшага незалежнага інтэрнэт-медыя Беларусі — гендырэктара Людмілу Чэкіну і галоўнага рэдактара Марыну Золатаву. Абедзве знаходзяцца ў СІЗА на Валадарскага з мая 2021 года, калі ў адзін дзень партал быў разгромлены, а па справе аб нявыплаце падаткаў былі затрыманыя 15 чалавек.

Марына Золатава не першая жанчына ў сям'і, якая праз сваю працу і перакананні трапляе на «Валадарку» — самае вядомае СІЗА ў Беларусі, размешчанае ў cтарым замку ў цэнтры Мінска. У гады Другой сусветнай вайны там знаходзілася яе прабабуля. Доктар Алена Мікалаева правяла ў замку ў час акупацыі Мінска некалькі месяцаў, Марына Золатава ў мірны час — ужо больш за паўтара года. Deutsche Welle расказвае гісторыю дзвюх беларусак, якія з розніцай у 80 гадоў былі зняволеныя ў адным мінскім СІЗА.

Алена Мікалаева: у гады вайны была галоўным доктарам бальніцы для сірот

Ужо падчас вучобы ва ўніверсітэце Алена Мікалаева працавала доктарам па барацьбе з эпідэміямі тыфу і халеры. А пасля заканчэння ВНУ ўдзельнічала ў стварэнні кафедры нармальнай фізіялогіі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. На сайце БДМУ апублікаваная кароткая біяграфія доктара: у 1937 атрымала ступень кандыдата медыцынскіх навук, у гады вайны ўзначальвала бальніцу для сірот, удзельнічала ў партызанскім і падпольным руху, у гэты ж час былі згубленыя яе напрацоўкі для доктарскай дысертацыі. Пасля вайны Алена Мікалаева была загадчыцай кафедры медуніверсітэта, напісала больш за 50 навуковых прац.

На сайце мемарыяльнага комплексу гісторыі Халакоста «Яд Вашэм» пра Алену Мікалаеву распавядае Давід Таўбкін, чые родныя ў гады вайны жылі ў Беларусі. Сям'ю адправілі ў мінскае гета, і калі стала зразумела, што рыхтуецца знішчэнне яго жыхароў, маці хлопчыка звярнулася да Алены Мікалаевай.

«Алена Іванаўна лічылася адным з найлепшых дактароў у Мінску (…), пагадзілася дапамагчы, хоць разумела, на якую рызыку ідзе, таму што за хаванне яўрэйскага дзіцяці ёй пагражала смяротная небяспека, — распавядае ў сваіх успамінах Давід Таўбкін. — Мяне змясцілі ў палату і аформілі медыцынскую картку на імя Віктара Савіцкага, беларуса. Алена Іванаўна патлумачыла, каб я добра запомніў легенду пра беларускае паходжанне і ні пры якіх абставінах і праверках не прызнаваўся, што я яўрэй».

У бальніцы Давід Таўбкін правёў больш за месяц — часам яго падчас інспекцый і праверак пераводзілі ў інфекцыйны ізалятар. «Ніхто на мяне і іншых, хто хаваўся, не данёс — мне думаецца, дзякуючы аўтарытэту, якім карысталася Алена Іванаўна сярод персаналу, і той маральнай абстаноўцы, якую ёй удалося там стварыць», — піша ён.

Праз некаторы час хлопчыка адправілі ў дзіцячы дом, але пасля некалькіх месяцаў зноў вярнулі ў бальніцу: «Я не быў хворы, думаю, маімі перасоўваннямі кіравала Алена Іванаўна Мікалаева, калі даведалася, што ў дзіцячы дом павінна прыехаць камісія і мне пагражае небяспека выкрыцця. Працуючы ў шпіталі, Алена Іванаўна хавала многіх яўрэйскіх дзяцей».

Па звестках Таўбкіна, Мікалаева таксама перадавала лекі партызанам. Родныя жанчыны кажуць, што яе папярэдзілі аб падрыхтоўцы арышту, яна спрабавала з'ехаць з Мінска, аднак была затрыманая і трапіла ў замак на вул. Валадарскага. Праз некалькі месяцаў яе адправілі на прымусовыя работы ў Нямеччыну. У Мінск Алена Мікалаева вярнулася толькі ў 1945 годзе. Яна пражыла 95 гадоў.

Прабабуля ганарылася б праўнучкай

«Подзвіг Марынінай прабабулі для нашай сям'і святы, як і подзвіг народа, які перамог фашызм, — кажа муж Марыны Золатавай Васіль Кішкурна. — Не сумняваюся, што прабабуля Алена ганарылася б сваёй праўнучкай».

Васіль распавядае, што Марына «заўсёды была ярка праяўленнай грамадскай актывісткай». Золатава прыйшла ў беларускую журналістыку яшчэ студэнткай, у 19 гадоў. Ужо ў 2004 стала галоўным рэдактарам Tut.by, які ў той момант быў хутчэй агрэгатарам навін, а не папулярным нацыянальным СМІ.

У апошнія ж гады працы на партале выходзіла да 200 матэрыялаў у дзень, была арганізавана свая відэаслужба, а сацсеткі былі лідарамі сярод беларускіх медыя па колькасці падпісчыкаў. Вялікая заслуга Tut.by была ў тым, што пры такіх ахопах і колькасці публікацый ён змог выйграць канкурэнцыю з расійскімі СМІ, якія доўгі час у Беларусі заставаліся больш папулярнымі за мясцовыя.

Адна з калегаў Марыны распавядае, што галоўны рэдактар Tut.by заўсёды лічыла: важна гаварыць пра ўсё, што адбываецца ў краіне, шукаць мясцовых герояў, весці грамадскія дыскусіі, яна верыла, што толькі ад саміх людзей залежыць, якім будзе жыццё ў Беларусі.

Праз месяц пасля затрымання Марына Золатава напісала ў лісце калегам пра сваю прабабулю. «Першае, што я падумала, калі мы сюды (у СІЗА) патрапілі, што мая прабабуля падчас акупацыі сядзела вось тут у падвале на Валадарцы. І калі нас вядуць на прагулку па склепе, я ўспамінаю яе апавяданні і думаю: ці не той гэта склеп? Яна цудам пазбегла смерці, яе павінны былі расстраляць. Потым забралі ў палон. Але яна вярнулася дадому, і мы вернемся».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
нацысцкія гета зараз можна смела называць лукашыцкімі/адказаць/
10.01.2023
“Подзвіг Марынінай прабабулі для нашай сям'і святы, як і подзвіг народа, які перамог фашызм”. - фашызм зноў прыйшоў да нас, але гэтым разам з усходу у выглядзе саўкова-бальшавіцка-калгасна-імперскага тэрору супраць усяго беларускага!
0
Усё так/адказаць/
10.01.2023
нацысцкія гета зараз можна смела называць лукашыцкімі, але навошта столькі прыметнікаў, калі можна напісаць аднаслоўна і дакладна -- "расейскага"? 
0
Woodoo Cult /адказаць/
13.01.2023
[Рэд. выдалена]
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера