Знайсці
28.12.2022 / 09:314РусŁacБел

«Хараство, створанае і пакінутае нам гэтай пісьменніцай, — найлепшы лек»

Міхась Скобла піша ў «Народнай волі» пра пісьменніцу Алену Васілевіч.

Той далёкі ўжо снежаньскі вечар помніцца мне вельмі добра і пры згадцы сагравае душу нягаснучым цяпельцам. З паэтам Васілём Жуковічам мы сустрэліся на люднай Нямізе і зайшлі ў кветкавую краму, што паблізу Петрапаўлаўскай царквы. З-за снапоў чырвоных руж, што цярпліва чакалі пакупнікоў, засланяючы прылавак, прадавачка на нашу просьбу дапамагчы падабраць букет, будзённа пацікавілася, колькі ж гадоў імянінніцы. Мы з Васілём Аляксеевічам трохі сумеліся, неяк не хацелася называць той узрост… Кажу — узрост маладзіцы. Бо і напраўду, слова гэта прызабытае падыходзіць і для маладога, і для больш сталага веку.

І вось мы з прыгожым букетам руж «для маладзіцы» ідзём на дзень нараджэння да пісьменніцы Алены Васілевіч. Мы яе любім і паважаем, але ўсё ж трохі хвалюемся: як нас сустрэне імянінніца, якой споўнілася ні многа ні мала — 96 гадоў! Ці ўдасца пасядзець разам за бяседным сталом, ці хоць бы паразмаўляць?

Нашы хваляванні аказаліся дарэмнымі — дзверы адчыніў сын Уладзімір (выдатны фалькларыст і этнограф), але ў святліцы гасцей прывячала сама Алена Сымонаўна. Так, на вазочку, але — бадзёрая, усмешлівая, абаяльная! Віншаванні ўспрымала з гумарам, для ўсіх знаходзіла дасціпнае прыветлівае слоўка. А калі прагучалі абавязковыя тосты, імянінніца па-маладому прапанавала замест празмерных здравіц на свой адрас… чытаць вершы. З памяці. І — сама павяла рэй у неспадзеўнай паэтычнай эстафеце. 

Злёгку захмялелыя, мы напружвалі памяць, каб не асароміцца перад гаспадыняй, якая ўпэўнена чытала паэтаў Срэбнага веку і ўплятала ў наш застольны паэтычны вянок поруч з вершамі Багдановіча, Стральцова, Пысіна, Караткевіча, Вярцінскага, Мацяш, Янішчыц, Галубовіча то бездакорныя радкі Буніна, то ўрачыстыя, як арганныя фугі, радкі Ахматавай. І дагэтуль мне помніцца — з голасу Алены Сымонаўны — ахматаўскае, нібы адрасаванае ў будучыя стагоддзі, чатырохрадкоўе: «Ржавеет золото и истлевает сталь, / крошится мрамор — к смерти все готово. / Всего прочнее на земле печаль / и долговечней — царственное слово».

Свой дзень нараджэння Алена Васілевіч ператварыла ў паэтычную вечарыну! Слухаючы яе, гледзячы на яе, ніяк не думалася пра тыя 96 — яны здаваліся проста памылкай у пашпарце. І, мне падаецца, маладзіла Алену Сымонаўну менавіта паэзія. Хоць усё жыццё яна пісала толькі прозу. Праўда, проза яе, асабліва найбольш вядомая тэтралогія пра Ганьку, была падсвечаная паэзіяй дзяцінства.

Пасля выхаду ў свет першай аповесці «Расці, Ганька» юныя чытачы адразу завалілі выдавецтва пісьмамі — а што сталася з Ганькай далей? Давялося пісьменніцы сядаць за працяг — аповесць «Доля знойдзе цябе». Потым гісторыя з чытацкімі водгукамі паўтарылася. І Алена Васілевіч напісала трэцюю частку — «Новы свет». Аднак чытачы ізноў запатрабавалі працягу. Хоцькі-няхоцькі пісьменніца мусіла сесці за чацвёртую аповесць — «Пачакай, затрымайся».

Хто з сучасных беларускіх пісьменнікаў можа пахваліцца такім «чытацкім заказам»? Тая «Ганька» шмат разоў перавыдавалася, апошняе выданне пабачыла свет сёлета.

Гэткі ж зайздросны лёс меў і пераказаны Аленай Васілевіч па-беларуску «Рабінзон Круза» — адна з улюбёных кніг майго маленства. Яна і сёння стаіць на пачэсным месцы ў маім кнігазборы — з цудоўнымі малюнкамі Мікалая Казлова, у трывалай палатняна-калянкоравай вокладцы, наклад — ажно 115.000 асобнікаў! Разоў сем таго «Рабінзона» перавыдавалі, а ўсё было мала… 

Адпрэчыўшы сціпласць, пахвалюся — з прыгаданага дня нараджэння я панёс пад пахай — як найвялікшую каштоўнасць — якраз таго «Рабінзона» з дарагім для мяне надпісам: «Няхай векапомны Рабінзон Круза ў бібліятэцы Міхася Скоблы гаворыць са сваімі суседзямі-кнігамі на беларускай мове. Алена Васілевіч. 22.12.2018».

«Гаворыць» у добрай сябрыне там не толькі «Круза». Я і мае сямейнікі часта «запрашаем на гутарку» і другія кнігі Алены Сымонаўны — «Мыс Добрай надзеі», «Элегія», «Адно імгненне»… А найчасцей просіцца да рук зборнік апавяданняў і эсэ «Люблю, хвалююся — жыву». У гэтай назве — уся сутнасць Алены Васілевіч. На ўсё вартае ўвагі ў беларускай літаратуры яна адгукалася спагадлівым словам — і на ўгодкі старэйшых, і на дэбютныя зборнікі маладзейшых. Усіх любіла, за ўсіх хвалявалася. Колькі Аленай Сымонаўнай было патрачана душэўнай цеплыні — на другіх, колькі ахвяравана любові — тым, каму яе не хапала, колькі дадзена ўрокаў літаратурнага майстэрства — пачаткоўцам! Шмат, вельмі шмат. Таму і сёння перачытваеш знаёмыя ўжо тэксты і — нібы грэешся каля агменю.

Алена Васілевіч умела адным каларытным мазком даць партрэт цэлай эпохі.

Вось яна апісвае савецкі лагер, дзе сярод «ворагаў народа» — схопленае дзесьці ў асяцінскіх гарах шаснаццацігадовае дзяўчо. Па-руску ледзь гаворыць і на пытанне «а цябе за што сюды?», насупіўшыся, адказвае: «Празнык тансувал бустам Сталін». Аказваецца, у нейкім паднебным ауле на кастрычніцкія святы ў клубе былі танцы, дзяўчаці не хапіла пары, і яно пайшло вальсаваць з невялікім гіпсавым бюстам правадыра… Адзін эпізод — а як шмат у ім сказана пра той жахлівы час!

Апошнія гадоў пятнаццаць кнігі Алены Васілевіч амаль не выходзілі. Рукапісы найстарэйшай пісьменніцы планеты (так!) пыліліся ў выдавецтве, якое яна іранічна называла «бяздоннай літаратурнай брацкай магілай». І тут жа для самасуцяшэння дадавала: «Праўда, ляжу ў ёй не адна я. На дзяржаўных выдавецкіх могілках мёртвым сном спіць уся ненароджаная беларуская літаратура. Са святымі ўпакой!»

Але справядлівасць у наш пастаўлены з ног на галаву свет час ад часу ўсё ж вяртаецца. Пасля смерці Алены Сымонаўны (у 2021-м, на 99-м годзе жыцця) за няпоўных паўтара года выйшлі ажно чатыры яе кнігі. Многая ім лета!

У нататках пісьменніцы пра мастакоў мне запомніўся дапоўнены ёю даўні і вядомы афарызм: «Хараство выратуе свет? Ці выратуе — не ўпэўнена. Што лечыць — прысягаю».

Прысягаю і я, праверыў на сабе — хараство, створанае і пакінутае нам Аленай Васілевіч, — найлепшы лек. Ад злосці, ад дэпрэсіі, ад нацыянальнага бязвер’я — нашых хранічных хвароб. Які ўсё ж гэта рэдкі, дзівосны і неабмежаваны ў часе дар — дар лячыць хараством! Лекаркі з намі ўжо няма, а дар па-ранейшаму працуе…

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
31
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
3
Абуральна
1
28.12.2022
Gorliwy Litwin, Багдановіча, Стральцова, Пысіна, Караткевіча, Вярцінскага, Мацяш, Янішчыц, Галубовіча 
https://nashaniva.com/306397#startcomments... Nie pierakručvaj, Gorliwy, dy spyni irvac` kantekst, seļma !
1
Gorliwy Litwin/адказаць/
28.12.2022
Vir, ну а каго з польска-літоўскіх пісьменнікаў (бярэм толькі ўраджэнцаў сучаснай тэрыторі РБ) яна чытала? Якіх мастакоў карціны бачыла, якіх кампазітараў творы чула? Як і сярэднестатыстычны бел-пісьменнік, бел-журналіст? Толькі адфільтраваных Крамлём для тутэйшага прыгоннага люду, які думае што мае "незалежную" культуру. А насамрэч яна ўся сфармуляваная ў Рускіх Кадах. 
29.12.2022
Gorliwy Litwin, nisto ū dadzienym artukulu nie daje Vam padstavaū mierkavac`, jakich z aūtaraū spadarynie NIE čytala. Taksama niama padstavaū licyc`, sto spadarynia čytala toļki pamianionych u artykulie aūtaraū. Heta vasaja ūlasnaja vydumka, vas ulasny styļ mierkavanniaū pra liudziej. Darečy, Vy ž jasče i robicie (dazvaliajecie sabie) abahuļnieņni, c`vierdziačy: "Як і сярэднестатыстычны бел-пісьменнік, бел-журналіст". 
Dyk chto nasamreč sfarmavany ū Ruskich Kadach, jak nia Vy ? U samych sapraūdnych ruskich baļsavickich Kadach...

Vysnova: Časam mala prosta čytac` poļska-litoūskich pis`mieņnikaū ci sluchac` tych kampazitaraū. Smat sto zaliežyc` ad toj hlieby (ulasna dusy) u jakuju trapliajuc` ich slovy dy huki... U Vas jany nie "prarasli" i parastkaū nie dali... Vam niama čym fanaberycca, akrom byļlia dy suchadolu...
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930