Знайсці
17.12.2022 / 21:3714РусŁacБел

Вы за мяжой, а вас шукаюць з ваенкамата. Што рабіць?

Выклікаюць у ваенкамат, але чалавек не ў Беларусі. Ці будуць па вяртанні ў яго праблемы праз тое, што ён не з’явіўся туды? Юрысты сэрвісу бясплатнай і ананімнай юрыдычнай дапамогі LegalHub растлумачылі, што пра такія выпадкі кажа заканадаўства і як адбываецца на практыцы. 

Фота: Міністэрства абароны

Згодна з артыкулам 10 Закона «Аб вайсковым абавязку і вайсковай службе», знаходжанне за мяжой не з'яўляецца ўважлівай прычынай для няяўкі па позве. Аднак гэта можа быць прызнана такой прычынай па рашэнні ваеннага камісара ці суда.

«Гэта рашаецца індывідуальна, зыходзячы з канкрэтных абставін у адносінах да кожнага грамадзяніна. Для прыняцця рашэння мае значэнне, ці знаходзіўся грамадзянін за мяжой падчас уручэння позвы, як доўга ён знаходзіцца за мяжой, а таксама ці апавясціў ён ваенкамат аб выездзе за мяжу», — кажуць юрысты LegalHub.

Калі вайсковы камісар або суд не прызнаюць знаходжанне за мяжой уважлівай прычынай, то няяўка па позве будзе лічыцца невыкананнем абавязкаў па вайсковым уліку.

«Такое парушэнне можа пацягнуць адміністрацыйную адказнасць (ч. 1 арт. 26.3 КаАП — «Парушэнне абавязкаў вайсковага ўліку») альбо крымінальную (арт. 437 КК — «Ухіленне прызыўніка або вайсковаабавязанага ад вайсковага ўліку»). Залежыць, наколькі перашкодзілі дзеянні грамадзяніна пазней своечасова апавясціць яго аб неабходнасці яўкі», — тлумачаць юрысты.

Зыходзячы з актуальнай судовай практыкі, крымінальную адказнасць па артыкуле 437 КК, як правіла, ужываюць да тых, хто ўвогуле не стаіць на вайсковым уліку. 

«Калі ж грамадзянін знаходзіцца на вайсковым уліку, то яго няяўка ў ваенкамат, хутчэй за ўсё, прывядзе да адміністрацыйнай адказнасці па ч. 1 арт. 26.3 КаАП», — расказваюць юрысты.

Што да негатыўных наступстваў на працы ці вучобе, то сам факт няяўкі ў ваенкамат па позве не з'яўляецца падставай для прымянення мер дысцыплінарнага спагнання. 

Аднак юрысты адзначаюць, што калі грамадзянін за такое парушэнне быў прыцягнуты да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці, то, у залежнасці ад месца працы, вучобы або пасады, да яго могуць прымяняцца дадатковыя меры адказнасці.

«Напрыклад, згодна з Законам «Аб дзяржаўнай службе» дзяржаўны служачы можа быць вызвалены ад пасады ў выпадку ўчынення правіны, несумяшчальнай са знаходжаннем на дзяржаўнай службе», — кажуць юрысты.

Што лічыцца належным апавяшчэннем аб неабходнасці яўкі ў ваенкамат? 

Залежыць ад таго, на якія мерапрыемствы чалавека выклікаюць.

Юрысты тлумачаць, што на практыцы існуюць дзве асноўныя групы мерапрыемстваў: прызыў на вайсковую службу і вайсковы ўлік. 

Заканадаўства па-рознаму рэгулюе гэтыя групы мерапрыемстваў.

«Зверка або ўдакладненне даных фармальна адносіцца да мерапрыемстваў па вайсковым уліку, — расказваюць юрысты. — 

На жаль, дзейнае заканадаўства змяшчае прабел у прававым рэгуляванні парадку выкліку на такія мерапрыемствы».

Згодна з агульнай нормай, уручэнне позваў павінна ажыццяўляцца пад распіску. Парадак абвесткі грамадзян, якія не атрымалі позваў пад распіску, дзейным заканадаўствам не вызначаны. 

«Гэта стварае глебу для маніпуляцый з боку ваенкаматаў, паколькі ніяк не абмяжоўвае іх права выклікаць грамадзян для ўдакладнення даных любым чынам: кінуць позву ў паштовую скрыню, даслаць СМС-паведамленне, патэлефанаваць, даслаць электронны ліст і іншае. Зыходзячы са зваротаў грамадзян да нашых спецыялістаў, ваенкаматы актыўна гэтым карыстаюцца», — кажуць юрысты. 

Фармальна такія дзеянні знаходзяцца ў «шэрай зоне» і могуць быць прызнаныя законнымі. Прававую кваліфікацыю законнасці такіх дзеянняў на практыцы можа даць толькі суд.

Юрыстам вядома пра выпадкі, калі суды прызнавалі належным апавяшчэннем позвы, якія не былі ўручаны асабіста.

Суды ўлічваюць, па якой прычыне канкрэтнага грамадзяніна не выклікалі позвай асабіста пад распіску: звязана гэта з дзеяннямі (бяздзеяннем) самога грамадзяніна або з бяздзейнасцю ваенкамата.

«Тут можна звярнуць увагу на тое, што часта грамадзяне не паведамляюць у ваенкамат актуальныя даныя аб сваім месцы жыхарства або знаходжання, не падаюць іншыя кантакты (напрыклад, нумар мабільнага тэлефона). У такім выпадку суды, як правіла, прызнаюць, што ў ваенкаматаў адсутнічае магчымасць апавясціць грамадзян належным чынам», — тлумачаць юрысты. 

Што наогул рабіць, калі выклікаюць у ваенкамат, вы не ў краіне, але збіраецеся туды вяртацца?

«Адказ на гэтае пытанне залежыць ад таго, якія мэты мае пэўны чалавек і як ён ацэньвае рызыку», — кажуць юрысты.

Акрамя адміністрацыйнай (па ч. 1 арт. 26.3 КаАП) або крымінальнай (па арт. 437 КК) адказнасці за няяўку на мерапрыемствы па вайсковым уліку, важна ўлічваць права ваенкаматаў абмяжоўваць выезд з Беларусі. 

Гэта робіцца ў дачыненні да грамадзян, якія не выконваюць абавязкі па вайсковым уліку, з прычыны чаго стала немагчымым іх апавяшчэнне аб неабходнасці яўкі на мерапрыемствы па прызыве.

Абмежаванне ў праве на выезд можа прымяняцца незалежна ад прыцягнення грамадзяніна да адміністрацыйнай або крымінальнай адказнасці.

«Цяпер у нас адсутнічаюць звесткі аб шырокім прымяненні гэтай меры ваенкаматамі. Аднак у выпадку яе прымянення такая мера можа стварыць істотныя цяжкасці для вяртання з Беларусі ў краіну пастаяннага знаходжання.

З гэтага пункту гледжання мэтазгодна выйсці з ваенкаматам на сувязь і ўзгадніць з ім іншы тэрмін яўкі, а па вяртанні ў Беларусь — з'явіцца ў ваенкамат.

Як правіла, нават калі прычына няяўкі ў ваенкамат прызнана няўважлівай, такія паводзіны грамадзяніна могуць вызваліць яго ад адміністрацыйнай адказнасці», — кажуць юрысты. 

Яўка ў ваенкамат можа пацягнуць уручэнне позвы на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу або на зборы.

У сваю чаргу няяўка на мерапрыемствы па прызыве на вайсковую службу можа пацягнуць адміністрацыйную адказнасць па арт. 26.1 КаАП, а ўхіленне ад такіх мерапрыемстваў — крымінальную адказнасць па арт. 435 КК.

«Ухіленне ваеннаабавязанага ад яўкі на зборы можа пацягнуць крымінальную адказнасць па артыкуле 436 КК («Ухіленне рэзервіста або вайсковабавязанага ад яўкі на зборы (заняткі)»).

Акрамя таго, у апошні час нам прыходзяць паведамленні аб тым, што падчас зверкі даных грамадзянам, якія з'явіліся ў ваенкамат, уручаюць мабілізацыйныя прадпісанні.

Само па сабе мабілізацыйнае прадпісанне не перашкаджае выезду за межы Беларусі, але з моманту аб'яўлення мабілізацыі выезд вайсковаабавязаных з месца жыхарства (у любым кірунку) будзе магчымы толькі з дазволу ваенкамата», — тлумачаць юрысты.

У выпадку аб'яўлення мабілізацыі адпаведнае прадпісанне абавязвае грамадзяніна з'явіцца ў вызначаны час і месца без дадатковага выкліку з боку ваенкамата. 

«Няяўка па мабілізацыйным прадпісанні можа быць кваліфікаваная як ухіленне ад мерапрыемстваў па прызыве на вайсковую службу па мабілізацыі. Артыкул 434 КК у якасці пакарання за такое злачынства прадугледжвае пазбаўленне волі на тэрмін ад 2 да 7 гадоў.

Такім чынам, калі мэтай грамадзяніна з'яўляецца не атрыманне позвы ці мабілізацыйнага прадпісання, адзіным выхадам будзе не з'яўляцца ў ваенкамат увогуле. Але гэта можа прывесці да наступстваў, пра якія мы расказалі вышэй», — падсумоўваюць юрысты. 

Чытайце таксама: 

Што будзе, калі не прыйсці ў ваенкамат па позве? А па званку? Ці можна не называць свае даныя для зверкі?

Па даручэнні Лукашэнкі пачалася раптоўная праверка баявой гатоўнасці

«У нашай арганізацыі 70% атрымалі позвы»: што вядома пра схаваную мабілізацыю ў Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Всем законникам посвящается/адказаць/
16.12.2022
Белорусы настолько законопослушные, что даже готовы законопослушно идти на убой выполняя преступные указы и законы диктатора! Так кстати строился третий рейх - там тоже законопослушно создавали Гетто для евреев и все законопослушно выполняли фашистские законы. А потом на Нюрнбергском процессе они заявляли - «я же просто исполнял закон/приказ», а то, что приказ преступный и античеловечный, никто даже и не задумывался тогда. Неужели и сейчас взрастили подобное одурманенные стадо «законопослушных» лукаботов, готовых исполнять аналогичные зверства, идти воевать и убивать украинцев? Диктаторские режимы всегда найдут оправдание своих варварских действий, и даже подгонят под это очередной «закон», но запомните, что как только вы переступите границу - по всем международным нормам вы сразу же будете считаться оккупантом и агрессором! И ждём вас аналогичный финал…
17.12.2022
Пусть витя, дима, коля с омоновцами идут! Тотальный ИГНОР!
0
Касінер/адказаць/
17.12.2022
Калі мне прыйдзе позва, я сам патэлефаную у впенкамат і паведамлю, што абавязкова з'яўлюся. Нават у сваім камуфляжы(NATO multicam), і з сваёю зброяй(НК416С+GLOCK17). Страляць я ужо умею і ведаю ў каго. І штосьці мне падказвае што з' яўлюся не адзін. І гэта абявязкова адбудзецца.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера