Знайсці
12.12.2022 / 21:151РусŁacБел

«Усе пакуль стаіліся і чакаюць». Сем'і адзінаццацікласнікаў — аб зменах ва ўступнай кампаніі

У пачатку снежня ў Лукашэнкі прайшла нарада па пытаннях адукацыі. Амаль у сярэдзіне навучальнага года выявілася, што пасля адзінаццаці класаў выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены: адзін, абавязковы, — па беларускай або рускай мове, другі — па выбары. Што да тых, хто будзе паступаць у ВНУ, ім прапануюць здаваць адзін дадатковы экзамен у форме ЦТ. Раней абітурыент мог здаць некалькі ЦТ, а пасля атрымання вынікаў абраць, з якім сертыфікатам ісці далей. Цяпер так нельга. «Наша Ніва» запыталася ў адзінаццацікласнікаў і іх бацькоў, як яны ставяцца да апошніх зменаў і ці паўплывалі яны на працэс падрыхтоўкі.

«Пераконвалі, што за характарыстыку будуць даваць да 50 балаў»

Алесь — 11-класнік з Мінска. Ён збіраецца паступаць у БДУІР на праграміста. Здаваць будзе тры іспыты: рускую мову, матэматыку і фізіку. У асноўным хлопец рыхтуецца да экзаменаў падчас факультатываў у школе.

Ён прызнаецца, што да апошняга часу не ведаў, як менавіта будзе праходзіць уступная кампанія сёлета.

— З пачатку года хадзілі розныя размовы. У якісь момант нас усіх ужо пераканалі, што ў ВНУ будзе сумоўе па першым профільным прадмеце на спецыяльнасці, а характарыстыка (казалі, што ў ёй будуць толькі факты ўдзелу ў конкурсах, алімпіядах) будзе даваць аж да 50 балаў, калі яна падыходзіць для ВНУ і спецыяльнасці, — адзначае Алесь.

Таксама гаворка ў яго школе ішла аб тым, што нібыта ў снежні трэба ведаць, якія прадметы збіраецца здаваць кожны выпускнік.

— Гэта было б вельмі дрэнна, бо здаваць можна было б толькі адзін прадмет, а нават на адну спецыяльнасць у розных ВНУ можа быць розны парадак прадметаў. Такім чынам, міністэрства, адміністрацыя і сайты ВНУ давалі абсалютна розную інфармацыю аб уступнай кампаніі. У выніку маем тое, што і абяцалі ў канцы лета, — гаворыць суразмоўца.

Нават зараз ён не да канца ўпэўнены, што адбыліся ўсе змены і не трэба будзе чакаць сюрпрызаў.

Фота: AP

Праўда, асабіста на Алеся ўсе гэтыя хваляванні не паўплывалі, бо ён ужо даўно вырашыў здаваць фізіку і матэматыку. Але ж хлопец абураецца новаўвядзеннем, калі абітурыент можа здаваць толькі адзін прадмет на ЦТ і не будзе мець падушкі бяспекі.

— Міністэрству ж не складана выдзеліць дадатковыя месцы для абітурыентаў для ЦТ і ЦЭ, а здаваць ці не здаваць прадмет — выбар кожнага, — мяркуе школьнік.

А якой вучань бачыць ідэальную ўступную кампанію ў Беларусі? Паводле слоў Алеся, абавязкова павінна здавацца гісторыя Беларусі і мова — пажадана толькі беларуская, але ў выглядзе заліку.

— Здаваць можна як напрыканцы школы, так і непасрэдна падчас уступнай кампаніі. Бланкі ЦТ не адмяняць, бо, на маю думку, яны ўсё ж стрымліваюць карупцыю і суб’ектыўнасць на экзаменах. А наконт профільных прадметаў, здаецца, трэба пакінуць як ёсць: у выглядзе тэсту, — рэзюмуе хлопец.

«Паступленне ў Беларусі не з’яўляецца прыярытэтным»

Большасць бацькоў, з якімі нам давялося пагутарыць, у пачатку навучальнага года не разумела, чаго чакаць ад бліжэйшай уступнай кампаніі. Некаторыя не ўпэўненыя, што на нядаўніх новаўвядзеннях усё скончыцца: «такое адчуванне, што за зіму яшчэ што-небудзь прыдумаюць».

Сын мінчанкі Алены заканчвае адзін са сталічных ліцэяў. У прыярытэце хлопца і яго маці — паступленне ў Вільню, у Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт на міжнародную палітыку і эканоміку, бо сын захапляецца гісторыяй і грамадазнаўствам.

— Акрамя гэтага, разглядаем і іншыя ВНУ ў Германіі і Польшчы — ды любую еўрапейскую ВНУ, дзе навучанне праводзіцца на англійскай мове. Пакуль абралі некалькі варыянтаў, будзем глядзець па абставінах — грошы, візы і г.д. У крайнім выпадку, зусім крайнім, гэта будзе БДУ, — пачынае жанчына.

У сувязі з гэтым Алена не вельмі разбіралася ў зменах ва ўступную кампанію ў Беларусі, але ж з моў на ЦЭ выбрана руская, а таксама гісторыя (сусветная ці Беларусі).

— Па ЦТ гэта будзе або гісторыя, або грамадазнаўства, або англійская. Будзем глядзець, што патрабуецца на гістарычны факультэт і ФМА, — адзначае мінчанка.

У бягучым годзе падрыхтоўка да паступлення ў ВНУ для яе і сына заключалася ў пошуку рэпетытара па англійскай мове і падрыхтоўцы да паступлення ў ЕГУ ў адным адукацыйным цэнтры. Гісторыя і грамадазнаўства, паводле слоў беларускі, выкладаюцца на годным узроўні ў ліцэі.

— На гэты момант адукацыйны цэнтр ліквідуецца, бо нядобра абмяркоўваць Фуко і Фрома. Дыскурс аб надоях больш вітаўся б, — іранізуе аб набалелым жанчына.

Пра тое, якой інфармацыяй аб уступнай кампаніі Алена і яе сын валодалі ў пачатку навучальнага года, мінчанка адказвае сцісла.

— Ніхто нічога не ведаў. Нават знаёмыя, якія сядзяць у вельмі важных кабінетах Міністэрства адукацыі, былі да апошняга моманту ў няведанні, — распавядае яна. — Насамрэч, уся гэтая гісторыя з ЦЭ і ЦТ не асабліва нас хвалюе, бо паступленне ў Беларусі не з’яўляецца прыярытэтным. Здаваць будзем, але не асабліва перажываючы.

Яна дадае, што ў ліцэі сына-выпускніка дзеці пакуль не абмяркоўваюць новаўвядзенні, выкладчыкі таксама маўчаць.

— Адзінае, дзецям у вайберы даслалі нешта накшталт памяткі. Мяркую, ажыятаж пачнецца пасля Новага года. Дзеці знаёмых са звычайных сярэдніх школ перажываюць моцна: ніхто нічога не тлумачыць. Што рабіць? Як рыхтавацца? Усе пакуль стаіліся і чакаюць, — кажа Алена. 

— Магчыма, дзеці ў ліцэі не асабліва перажываюць, і іх не ўсхвалявала абмежаванне на выбар ВНУ, бо яны прыходзяць у ліцэй пасля 9 класа і ўжо вызначаюцца з будучай спецыяльнасцю.

Тым не менш, абмежаванні па выбары экзаменаў і ВНУ беларуска лічыць недапушчальнымі, хаця для яе і гісторыя пра тое, калі ў апошні магчымы дзень вырашаецца пытанне паступлення, не зусім зразумелая.

— Выбар ВНУ сярод блізкіх заўсёды быў далёка загадзя да выпускнога класа. Хто не паступаў з першага разу, рыхтаваліся і паступалі на наступны год. Кіданняў паміж прыёмнымі камісіямі ў пошуках месца, куды хопіць балаў, я не разумею, — прызнаецца яна.

На думку Алены, найбольш прымальнай была б сістэма, калі вучань напрацоўвае сваё партфоліа з адзнак, грамадскай дзейнасці і г.д. на працягу гадоў і мае магчымасць прапанаваць сваю кандыдатуру любой колькасці навучальных устаноў.

«Якасць ведаў хутка сябе пакажа з адмоўнага боку»

Віялету, настаўніцу англійскай мовы ў адной са сталічных школ, больш турбуюць нядаўнія змены ў праграме, чым ва ўступнай кампаніі. Але ж гэтыя змены таксама могуць адбіцца на паступленні школьнікаў у ВНУ.

— У старэйшых класах, дзясятым і адзінаццатым, урэзалі гадзіны па англійскай мове: у базавых класах з трох да двух на тыдзень, у профільных — з пяці да чатырох. Асабліва мы не паспяваем па праграме ў базавых класах, прапускаем матэрыял. Якасць ведаў хутка сябе пакажа з адмоўнага боку, — прагназуе выкладчыца.

Таксама Віялета нагадвае, што сёлета адменены экзамен па замежных мовах для выпускных класаў.

Настаўніца адзначае: калі яна ці яе калегі ставяць вучню двойку за чвэрць, цяпер яны павінны падрыхтаваць план індывідуальнай работы з такімі вучнямі на канікулах, каб ліквідаваць тую двойку.

— Каму гэта патрэбна? Таму, як і раней, ставім тройкі, — прызнаецца жанчына.

Паводле як слоў, у пачатку навучальнага года яе вучні ведалі, што ў ЦТ будуць унесены невялікія змены ў частцы А і В. 

— У асноўным структура ім знаёмая. Пару разоў схадзілі на рэпетыцыйнае тэсціраванне і цяпер разумеюць, што іх чакае. Ніякіх скаргаў і нараканняў. У асноўным мае падапечныя пасля РТ казалі, што рашаць тэсты было даволі лёгка. З вынікаў у 11-класнікаў, пра якія я ведаю, — 98, 78, 67 і 81, — гаворыць Вілета.

Чытайце таксама:

Спіс тых, каго могуць залічыць у ВНУ па-за конкурсам, пашырылі

Міністр адукацыі пра тэрміны правядзення ўступнай кампаніі ў 2023 годзе

Пасля сканчэння 11 класаў выпускнікі будуць здаваць два цэнтралізаваныя экзамены

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
13.12.2022
"Нават зараз ён не да канца ўпэўнены, што адбыліся ўсе змены і не трэба будзе чакаць сюрпрызаў."

так і ёсць.
у нас таксама выпускнічок. і "сюрпрызы" з боку мінобра літаральна кожны дзень. гэта ўжо ўсіх дастала
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера