Знайсці
01.12.2022 / 23:191РусŁacБел

Наколькі гарбата карысная для вашага здароўя 

Незалежна ад таго, любіце вы яе слабой, моцнай, зялёнай ці чорнай — гарбата багатая карысцю для здароўя.

Згодна з даследаваннем нямецкай кампаніі, у сярэднім жыхар Беларусі выпівае ў год каля паўкілаграма гарбаты. Хоць гэта і не першае месца сярод еўрапейскіх краін, але прынамсі болей, чым заварваюць жыхары Даніі, Славакіі ці Швейцарыі. Такім чынам, гарбата застаецца адным з улюбёных напояў беларусаў.

Новае даследаванне паказвае, што яна дапамагае знізіць рызыку сардэчна-сасудзістых захворванняў. Навукоўцы з Універсітэта Эдыт Коўэн у Заходняй Аўстраліі даследавалі больш за 800 жанчын і выявілі, што ў тых, хто мае высокі ўзровень флаваноідаў (рэчываў, якія змяшчаюцца ў гарбаце), значна менш рызыкі мець кальцыноз аорты, які можа прывесці да інфарктаў і інсультаў.

Але, аказваецца, сціплы кубачак гарбаты можа дапамагчы не толькі здароўю сэрца. 

Зніжае артэрыяльны ціск

Высокі крывяны ціск вядомы як «ціхі забойца». Прыкметы ці сімптомы могуць праяўляцца рэдка, таму некаторыя людзі ўпершыню даведваюцца пра свой высокі крывяны ціск толькі калі пераносяць інсульт або сардэчны прыступ.

Даследчыкі з Польшчы выявілі: ужыванне гарбаты можа дапамагчы знізіць павышаны ціск. 

Дыетолаг Кім Пірсан кажа, што хоць навуковая ўзаемасувязь паміж ужываннем гарбаты і зніжэннем артэрыяльнага ціску відавочная, некалькі хвілін адпачынку і расслаблення, праведзеныя з кубкам гарбаты, могуць таксама мець станоўчы ўплыў на здароўе. Дадаткова рэкамендуецца пры гэтым глыбока дыхаць ці прачытаць некалькі старонак кнігі.

Фота: vecteezy

Паляпшае здароўе кішэчніка

Гарбата багатая поліфеноламі — злучэннямі, якія паляпшаюць здароўе кішэчніка. Сумеснае даследаванне, праведзенае навукоўцамі з Ганконга і Фінляндыі, паказала, што ўжыванне гарбаты спрыяе не толькі развіццю карысных бактэрый у кішэчніку, але і памяншае колькасць шкодных бактэрый. Кішэчныя бактэрыі, якія складаюць біём кішэчніка, цесна звязаныя з вялікай колькасцю захворванняў. Таму здаровы кішэчнік можа знізіць рызыку некаторых доўгатэрміновых захворванняў, уключаючы атлусценне.

Зніжае рызыку інсульту

Навукоўцы з Цяньцзінскага медычнага ўніверсітэта ў Кітаі на працягу 11 гадоў даследавалі больш за 365 000 удзельнікаў ва ўзросце ад 50 да 74 гадоў. Яны выявілі, што людзі, якія выпівалі два-тры кубкі гарбаты штодня (гэтак жа, як і два-тры кубкі кавы), мелі на 32 адсоткі меншую рызыку інсульту.

Зніжае рызыку дыябету

Цукровы дыябет — сур'ёзнае захворванне, пры якім арганізм не можа выпрацоўваць гармон інсулін; або інсулін, які ён выпрацоўвае, не працуе належным чынам для перапрацоўкі цукру. Потым ён назапашваецца ў крыві і ў доўгатэрміновай перспектыве пашкоджвае крывяносныя сасуды і органы.

Невялікае даследаванне, праведзенае ва ўніверсітэце Махідол у Тайландзе, паказала, што добраахвотнікі з пераддыябетным станам і без яго, якія пілі чорную гарбату, мелі больш нізкі ўзровень цукру ў крыві, чым група плацэба. Іншае даследаванне, праведзенае ў Нідэрландах, паказвае, што ўжыванне гарбаты дапамагае арганізму больш эфектыўна выкарыстоўваць інсулін.

Тая ж дыетолаг Кім Пірсан кажа, што ў апошнія гады сувязь паміж дыябетам і гарбатай была прадметам шматлікіх даследаванняў. Уздзеянне гарбаты тут, хутчэй за ўсё, будзе невялікім, а самае галоўнае — харчавацца здаровай ежай, што азначае піць гарбату, але не пераядаць мучнога.

Фота: vecteezy

Паляпшае канцэнтрацыю

Даследаванне Нацыянальнага інстытута неўралогіі ў Токіа паказала, што ўжыванне гарбаты, якая змяшчае амінакіслату пад назвай L-тэанін, паляпшае ўвагу і актыўнасць мозгу.

Некалькі іншых даследаванняў таксама звязвалі ўжыванне чаю з павышэннем канцэнтрацыі ўвагі, у тым ліку даследаванне з Бангладэш, якое паказала, што ўдзельнікі, якія выпівалі напой, лепш выконвалі кагнітыўныя задачы. Даследчыкі таксама выявілі, што ўжыванне чорнага або зялёнага чаю можа палепшыць функцыю памяці.

Зніжае стрэс

Назапашванне стрэсу з цягам часу можа прывесці да такіх фізічных праблем, як высокі крывяны ціск, хваробы сэрца, атлусценне і дыябет.

Але даследчыкі з Універсітэцкага каледжа Лондана выявілі, што ўжыванне гарбаты зніжае ўзровень гармону стрэсу — картызолу. Яны давалі 75 добраахвотнікам чатыры кубкі чаю ў дзень на працягу шасці тыдняў, вымяраючы ўзровень картызолу ў пачатку і ў канцы даследавання. Вынікі паказалі, што ўжыванне гарбаты прывяло да зніжэння ўзроўню гармону і большай расслабленасці добраахвотнікаў.

Дыетолаг каментуе гэта так: «Многія людзі любяць чай, і навука даказвае, што гэта добра для здароўя. Але піце гарбату ва ўмеранай колькасці і памятайце пра тое, як кафеін у ёй уплывае на вас».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
02.12.2022
не гарбата, а чай)
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера