Знайсці
23.11.2022 / 08:31РусŁacБел

Небяспечны першы снег і галалёдзіца. Як засцерагчыся ад падзенняў і траўм

Зіма сёлета парадавала першым снегам у другой палове лістапада. А з яе надыходам дадалося работы ў траўматолагаў. Паводле іх прызнання, пацыентаў з выпадзеннем снегу і галалёдам становіцца ўдвая, а то і ўтрая больш. І віной таму наша неасцярожнасць: за лета мы адвыклі ад «зімовай» плаўнай хады. А таксама нашы паспешлівасць і неадпаведны абутак — менавіта яны найчасцей становяцца прычынамі траўмаў. Пра асноўныя правілы бяспекі на вуліцы (і падчас выбару абутку), якія дапамогуць не трапіць на бальнічны ложак, а таксама — як навучыцца правільна падаць і ўставаць, расказалі «Звяздзе» спецыялісты.

infograd.by

Павышэнне колькасці траўмаў звязана як з галалёдам, так і са скарачэннем светлавога дня, з пагаршэннем стану дарожнага пакрыцця. З пачатку гэтага года да траўматолагаў звярнулася больш за 26 тысяч беларусаў, з іх больш за 4 тысячы дзяцей. Каля 2,7 тысячы чалавек прыйшлося шпіталізаваць, у тым ліку амаль 250 дзяцей.

— З наступленнем зімы, з выпадзеннем першага снегу работы ў нас павялічваецца ў 2-3 разы, колькасць паступленняў рэзка ўзрастае, і адбываецца гэта, калі сутачны перапад тэмператур складае да 10 градусаў, асабліва, калі з'яўляецца галалёд, — дзеліцца доктар-траўматолаг-артапед, малодшы навуковы супрацоўнік лабараторыі траўматалогіі дарослага ўзросту РНПЦ траўматалогіі і артапедыі Андрэй Баканоўскі.

Што важна ўлічваць, каб не атрымаць пералом?

Знізіць траўматызм дапамагае правільна падабраны абутак. Ён мусіць быць на плоскай падэшве (лепш мяккай — гумавай), ідэальна, калі яна рыфленая. Абцас павінен быць нізкім квадратным.

Зімой лепш крыху памяняць хаду, яна мусіць быць максімальна плаўнай. Ісці варта не прамым шырокім крокам, а быццам бы слізгаць нагамі. Памятайце, што чым меншы крок, тым меншая рызыка атрымаць сур'ёзную траўму. І ўвогуле зімой лепш не спяшацца: не бегчы на святлафор ці за аўтобусам, бо менавіта такія дзеянні часта прыводзяць на бальнічны ложак.

Уважліва варта хадзіць паблізу вышынных будынкаў, бо магчымае падзенне ледзяшоў. Таксама варта правільна падбіраць сумку і рэчы, якія вы несяце. Зімой сумкі лепш не насіць на плячы, бо гэта зрушвае цэнтр раўнавагі.

Як правільна падаць?

Падаць лепш за ўсё на бок, згрупаваўшыся. Нельга прызямляцца на выцягнутыя прамыя рукі. Ногі лепш крыху сагнуць, мышцы напружыць. Тады пашкоджанні падчас падзення будуць мінімальнымі.

Калі ўпалі, важна адразу не ўскокваць, а вызначыцца, што баліць. Калі пашкоджана нага, не варта на яе наступаць, штосьці ўпраўляць ці рухаць. Трэба паклікаць на дапамогу ці самастойна патэлефанаваць у «хуткую». Калі бачыце, што пашкоджанне крытычнае, то адразу выклікайце дактароў і пастарайцеся налажыць імабілізацыю з таго, што ёсць пад рукой — палка ці дошка.

Калі вы збіраецеся дабірацца да медустановы самастойна, не трэба ехаць у бліжэйшую бальніцу, бо не ўсе яны маюць траўмапункт. Варта таксама патэлефанаваць па нумары 103, і там сарыентуюць, куды варта звяртацца і дзе з вашай траўмай акажуць максімальна спецыялізаваную медыцынскую дапамогу.

Людзям пажылога ўзросту ў дні галалёду лепш не выходзіць на вуліцу, бо нават мінімальнае падзенне нярэдка становіцца прычынай моцнай траўмы, якая істотна змяняе жыццё. Такога ж правіла варта прытрымлівацца і пасля ўжывання алкаголю. З-за расслабленага стану падзенні нярэдка заканчваюцца сур'ёзнымі траўмамі.

Небяспечныя «ватрушкі»

Звярнулі ўвагу медыкі і на цюбінгі. У апошнія гады катанне на іх стала надзвычай папулярным. Тым часам яно небяспечнае, траўмы вядуць нават да страты здароўя і інваліднасці. Толькі з пачатку гэтай зімы ў адну медустанову — РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі — звярнулася ўжо 13 дзяцей пасля катання на цюбінгах. Штогод некалькі малых атрымліваюць цяжкія чэрапна-мазгавыя траўмы, і не ўсе з іх цалкам папраўляюцца.

— Цюбінгі нашмат больш небяспечныя за санкі. На санках можна затармазіць, а на цюбінгу хуткасць нашмат вышэйшая, і кіраваць ім амаль немагчыма. Акрамя таго, катанне часта адбываецца на стыхійных горках. І побач абавязкова будзе адзінокае дрэва, сцяна ці аўтамабіль, які праязджае па гэтым праездзе раз на гадзіну, але якраз тады, калі дзіця нясецца з горкі, — папярэджвае доктар-нейрахірург вышэйшай катэгорыі РНПЦ неўралогіі і нейрахірургіі Яўген Міранец. — Таму суправаджайце дзяцей, вывучыце мясцовасць, а лепш самі адзін раз з'едзьце на цюбінгу.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера