У Мінску збіраюцца пабудаваць цэх па перапрацоўцы какава-бабоў
Цэх збіраюцца будаваць у раёне вуліцы Ангарскай. Жыхароў запрашаюць абмеркаваць праект, піша Realt.by.
Фабрыка «Камунарка» збіраецца ўзвесці тут новы вытворчы корпус па перапрацоўцы і захоўванні какава-бабоў. Жыхароў мікрараёна завуць на грамадскае абмеркаванне праекта.
Гаворка ідзе аб стварэнні на 11 гектарах інавацыйнай імпартазамяшчальнай вытворчасці поўнага цыкла перапрацоўкі какава-бабоў. Пляцоўка, дзе можа размясціцца вытворчасць, знаходзіцца ў раёне вуліцы Герасіменкі, 57, — у межах вуліц Ілімскай, Ангарскай і завулка Балотнікава.
Ініцыіруе грамадскае абмеркаванне архітэктурна-планіровачнай канцэпцыі аб'екта адміністрацыя Заводскага раёна Мінска. Яно пройдзе з 28 лістапада па 12 снежня.
Згодна з праектам, на ўскраіне Мінска можа з'явіцца новы вытворчы корпус па перапрацоўцы і захоўванні какава-бабоў, а таксама лінія па вытворчасці кандытарскіх вырабаў і складскія памяшканні.
Адзначаецца, што будаўніцтва інавацыйнай вытворчасці дазволіць ажыццявіць поўнае імпартазамяшчэнне какава-прадуктаў (какава цёртая, какава-алей, какава-парашок), што ўвозяцца на тэрыторыю Беларусі, забяспечыць патрэбнасць у паўфабрыкатах перапрацоўкі какава-бабоў дзеючую вытворчасць СААТ «Камунарка», а таксама іншыя беларускія прадпрыемствы.
Новы вытворчы корпус будзе межаваць з садовым таварыствам «Дражня», з прыватнай забудовай на Ангарскай, са шматпавярховікамі на Ілімскай, а таксама з лясным масівам і іншымі вытворчасцямі, размешчанымі ў Заводскім раёне.
Азнаёміцца з матэрыяламі грамадскага абмеркавання можна будзе на сайце адміністрацыі Заводскага раёна ці непасрэдна ў будынку адміністрацыі на вуліцы Жылуновіча, 17.





