Знайсці
13.11.2022 / 10:5919РусŁacБел

Спусташэнне сяла набывае жахлівыя маштабы нават у раёнах, якія лічацца заможнымі

Шклоўскі раён — радзіма Аляксандра Лукашэнкі, туды ўлілі інвестыцыі, якім пазайздросціла б Данія. Пастаўскі раён — гэта прывабнае для адпачынку Паазер'е. А Зэльвенскі раён быў некалі апірышчам заможнага сялянства. Цяпер ва ўсіх іх тое самае: пакінутыя вёскі, нікому не патрэбныя будынкі.

Кінутая хата ў Шклоўскім раёне. Фота: Shklovinfo.by

У Беларусі колькасць сельскага насельніцтва год ад году змяншаецца. За тры апошнія гады, згодна з афіцыйнымі статыстычнымі звесткамі, вяскоўцаў паменела на 90 тысяч. 

У горадзе змяншэнне насельніцтва заўважнае па абвестках з працоўнымі вакансіямі. У вёсках жа пра тое сведчаць кінутыя хаты, незапатрабаваныя сельскагаспадарчыя пабудовы, «памерлыя» ўстановы адукацыі ды культуры.

На сайтах раённых адміністрацый ёсць раздзел з пералікам маёмасці, якая зусім або неэфектыўна выкарыстоўваецца. Яе хоць як і каму хочуць збыць. У выпадку, калі ёй не знойдзецца гаспадар, яна пойдзе на злом. 

У спісах школы, дзіцячыя сады, кароўнікі, майстэрні, клубы, тартакі, збожжасховішчы. Большасць з іх месціцца ў маланаселеных вёсках. Сяляне бароняць ад закрыцця пошты, крамы, радзей — дзіцячыя садкі і школы. Калі іх «аптымізоўваюць», то паселішча асуджаюць на хуткае выміранне.

Магілёўшчына. Шклоўскі раён

Не выключэнне Шклоўшчына, якая на асаблівым кантролі, бо яна малая радзіма Лукашэнкі. Ад 2010 да 2020 года (больш свежай статыстыкі адшукаць не ўдалося) у раёне колькасць насельніцтва зменшылася з 30,6 да 25,5 тысячы чалавек. Вучняў паменела больш як на тысячу. І гэта яшчэ да кавіду, якога «не было», але які скасіў старэйшых людзей.

У роднай Лукашэнку Александрыі ўзведзеная рэзідэнцыя. У вёсцы ладзіцца пафасны купальскі фэст. Тут вялікая школа, корты, гасцініца, спарткомплекс, на зайздрасць жыхарам з іншых паселішчаў — вялікі фельчарска-акушэрскі пункт.

Тым часам раённы спіс незапатрабаванай маёмасці поўніцца шматлікімі сельскагаспадарчымі будынкамі. Без гаспадароў крамы, лазні, сталоўкі, майстэрні.

Напрыклад, у вёсцы Стараселле Александрыйскага сельсавета намагаюцца збыць будынак зачыненага дзіцячага садка. А ў вёсцы Тройца шукаюць уладальніка для будынка былога сельсавета.

У Ордаці без гаспадара — дзіцячы садок, а ў аграгарадку Акунёўка прапануюць купіць або ўзяць у арэнду адразу некалькі будынкаў. Сярод іх былая школа, сховішча для агародніны і нават прыбіральня.

У Чарнаруччы закрылі амбулаторыю доктара агульнай практыкі і цяпер не ведаюць, што рабіць з будынкам. Ахвотных прыдбаць яго няма.

Кінутая хата ў Шклоўскім раёне. Фота: Shklovinfo.by

У прывілеяваным раёне з высокай бальнасцю глебы — усё болей кінутых хат. Напрыклад, летась толькі ў адным Старашклоўскім сельсавеце іх налічылі 154.

«З года ў год мы праводзім працу па зносе лядашчых будынкаў, — даводзіць старшыня сельсавета Наталля Крыкунова. — Ёсць дамы цэлыя, але ўсё роўна яны непрыдатныя для жылля. Яны паволі разбураюцца з-за шматгадовай адсутнасці гаспадара».

Паводле яе, абмежаванага тэрміну ўступлення ў правы атрымання ў спадчыну на дом цяпер няма, таму спадчыннік можа зрабіць гэта калі хоча.

«У выніку мы не можам пазбавіцца праблемнага аб'екта, каб у будучыні расчышчаныя ўчасткі ўключыць у сельскагаспадарчы абарот або аддаць пад новую жылую забудову», — наракае яна.

Віцебшчына. Пастаўскі раён

Пастаўскі раён на сайце райвыканкама названы адным з найбуйнейшых сельскагаспадарчых раёнаў Віцебшчыны з развітой прамысловасцю, арыентаванай на прамысловую перапрацоўку мясцовай сыравіны і забеспячэнне насельніцтва прадуктамі харчавання. Гэта не Шуміліна і не Лёзна, дзе ўсё яшчэ горш.

Але і тут пад пагрозай зносу аказаліся 128 абʼектаў. Іх агульная плошча — 92 320 квадратных метраў. Большасць пабудоў выведзена з карыстання ў 2018 годзе, і за прамінулы час знайсці ім уласнікаў не ўдалося.

Ад 2015 года, напрыклад, вырашэння лёсу чакае будынак школы ў вёсцы Казлоўшчына. Яе закрылі ў 2014-м. Праз тры гады будынак ледзь выратавалі ад пажару. У 2025 годзе, калі не знойдзецца ахвотны прыдбаць будынак, ён пойдзе на злом. Без гаспадара ў вёсцы цялятнік, рамонтныя майстэрні.

Казлоўшчына — цэнтр сельсавета. Да райцэнтра 40, а да Віцебска — 230 кіламетраў. Цэнтр сельсавета, а насельніцтва — меней за 100 чалавек. 500 гадоў паселішчам валодаў род Друцкіх-Любецкіх. На тутэйшых могілках захавалася іх родавая пахавальня. Будынак гаротнай школы стаіць на падмурку, выкладзеным для замка былых уладальнікаў паселішча.

Будынак былой школы ў Казлоўшчыне. Фота: сацыяльныя сеткі

Даўняя гісторыя будынка не асабліва цешыць мясцовых жыхароў. Яны перакананыя: вёска дажывае свой век, — і задаволеныя тым, што ў іх ёсць яшчэ крама і ФАБ.

«Дык замала ў нас дзяцей, навошта і школа. Радуемся таму, што ёсць. Пенсію плацяць — і на тым добра. Здароўе пакуль добрае. Раней было жыццё, як маладая была», — выказваецца адна з жыхарак.

Самая вялікая вёска Пастаўскага раёна — Парыж. Але самая вялікая — гэта ўсяго толькі 250 чалавек, большасць з якіх — людзі сталага веку.

Тут разбураецца без гаспадара будынак дзіцячага садка, узведзенага ў 1968 годзе. Прадаюць яго з 2008 года. У 2011-м прасілі за цагляны будынак адну базавую велічыню. Тады гэта было 35 000 неданамінаваных рублёў. Калі не знойдуць уласніка да 2025 года — зруйнуюць. Такі ж лёс чакае двухпавярховую цагляную будыніну склада.

Гродзеншчына. Зэльвенскі раён

Зыходзячы з даступных звестак аб незапатрабаванай маёмасці, захад Беларусі не саступае ўсходу. У Зэльвенскім раёне без гаспадароў засталося багата будынкаў сферы адукацыі і культуры: школы, дзіцячыя садкі, клубы, бібліятэкі.

У вёсцы Манцякі раённы аддзел адукацыі хоча «аблегчыць» баланс, збыўшы будынак школы. Навучальную ўстанову зачынілі ў сувязі з яе рэарганізацыяй у 2010 годзе.

Былая бібліятэка ў Манцяках. Фота: zelva.grodno-region.by

У Манцяках аддзел ідэалогіі хацеў бы, каб знайшоўся гаспадар саліднаму будынку былой бібліятэкі. Чытальня з клубам у чаканні ўладальніка зарастае кустоўем. Будынкі гатовыя прадаць, здаць у арэнду ці аддаць у бязвыплатнае карыстанне для стварэння працоўных месцаў.

Мясцовыя жыхары на намаганні чыноўнікаў махнулі рукой. Па іх словах, па закрыцці школы і бібліятэкі ім прадракалі незайздросны лёс заняпаду — і не памыліліся. У паселішчы жывуць успамінамі. Кажуць, што ў Манцяках была нават бальніца на 50 месцаў з 5 аддзяленнямі, радзільняй і паліклінікай. Месціліся ўпраўленне калгаса, аптэка, крама, школа, клуб.

У Кандаках занепадае будынак дзіцячага садка. Дашкольная ўстанова нядзейная з 2014 года. У паселішчы лішнім аказаўся дом сацыяльна-культурных паслуг.

Былы дзіцячы садок у Кандаках. Фота: zelva.grodno-region.by

У вёсцы Пруд безгаспадарным застаецца будынак дзіцячага садка. Яго зачынілі ў 2011 годзе.

Летась у гэтай вёсцы прадавалі дом за 4,5 тысячы даляраў. У апісанні гаварылася, што ў Прудзе ёсць крама, заасфальтаваная дарога. За хатай — маленькая рачулка. Непадалёк балота і лес, а ў калодзежы смачная вада. Школа — за 1,5 кіламетра, у суседняй вёсцы. Там жа паліклініка.

У 2021 годзе абласное ўпраўленне жыллёва-камунальнай гаспадаркі адзначала, што ў Зэльвенскім раёне няма «лядашчых дамоў». Дзеці і ўнукі заходнікаў мацней трымаюцца за родавыя сядзібы, чым усходнікі. Але гэта не спыняе агульную тэндэнцыю дэпапуляцыі вёскі. 

Чытайце яшчэ:

Беларускі скансэн у асобна ўзятым інстаграме. Гродзенец малюе вясковыя хаты, каб захаваць іх для нашчадкаў

Шале, глэмпінг і хаткі на дрэвах. Топ незвычайнага жылля для адпачынку ў Беларусі

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
Епер/адказаць/
13.11.2022
Затое маем адстаўнікоў. Кдбэшнікаў на пэнсіі. Нашчадкаў нквдзістаўтякря збівалі народ.
13.11.2022
Старыя і пенсіянеры вёску не ўратуюць. А ў маладых іншыя мэты і прыярытэты, якія ні Лу, ні Пу не разумеюць і нават не ўсьведамляюць. Але толькі малыдыя і без прымусу ці гвалту могуць нешта зрабіць. Чаго пакуль і блізка не чуваць.
0
Железный Дровосек/адказаць/
16.11.2022
Вот какой же талантливый лука! Не перестаёт восхищать своим умением все превращать в руины,все,к чему не притронется своими г***ми руками. Хотел заморозить родной сердцу совок,чтоб сладко жрать и мягко ср*ть со всеми своими отпрысками,а добился того,что 8%населения уже уехало,и это не пенсы,а те,кто страну развивал. лука,только дурак думает,что приказом в XXI-м веке можно чего-то добиться. Ты гробишь страну,пытаешь народ, может уже застрелишься? Сделай хоть одно хорошее дело! Тебе все только спасибо скажут.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера