Знайсці
11.10.2022 / 17:062РусŁacБел

Колькі «будаўнічыя кашалькі» Лукашэнкі вывелі грошай з Беларусі і як іх адмывалі

Беларускія бізнэс-структуры, звязаныя з сям'ёй сербаў Карычаў, вывелі на Кіпр больш як 170 мільёнаў еўра ў якасці дывідэндаў. Менавіта такую лічбу аналітыкі «Беларускага расследавальніцкага цэнтра» атрымалі, вывучыўшы фінансавую дакументацыю кампаній, звязаных з сям'ёй Карычаў, з 2008 па 2020 год.

Злева направа: Багалюб Карыч, Драгамір Карыч, Аляксандр Лукашэнка. Фота: president.gov.by

Паводле дакументаў, якія атрымаў у сваё распараджэнне БРЦ, грошы выводзілі на рахункі кіпрскіх кампаній Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding і Russelville. Усе яны з'яўляліся выгадаатрымальнікамі будаўнічых праектаў Карычаў у Мінску.

Грошы выводзілі з 2011 па 2020 год, але асабліва рытмічна яны паступалі з 2017 па 2020 год. З гэтай сумы 120 мільёнаў еўра трапілі на рахункі галаўной структуры бізнэс-імперыі — кіпрскай кампаніі Dana Holdings.

Імперыя Карычаў у Беларусі да санкцый

Кампаніі братоў Карычаў, якіх да пераезду ў Беларусь СМІ называлі спонсарамі рэжыму Слабадана Мілошавіча, пабудавалі ў Мінску шэраг буйных жылых кварталаў. Дзякуючы адмысловым указам Аляксандра Лукашэнкі, якія забяспечылі перадачу зямлі забудоўшчыкам, звязаным з Карычамі, без правядзення аўкцыёнаў, бюджэт мог недаатрымаць каля мільярда даляраў, падлічыў БРЦ сумесна з OCCRP.

Да таго ж, насуперак звычайнай практыцы, адміністрацыя Мінска правяла да будынкаў інфраструктуру (водаправод, электрычнасць, дарогі) за кошт беларускіх падаткаплацельшчыкаў. Хоць, як правіла, гэты абавязак кладзецца на забудоўшчыка. Усе гэтыя льготы забяспечылі бізнэсу Карычаў у Беларусі звышпрыбыткі, якія Аляксандр Лукашэнка вызваліў ад шэрагу падаткаў.

Комплекс «Мінск-Свет». Крыніца: bir.by

Па дакументах фірмы «Дана Астра», «Эмірэйтс Блю Скай» і «Дубай Ватэрфронт» належалі сястры Багалюба Карыча Аліверы Недзяльковіч і пяці кіпрскім афшорам (Triworst, Rodrick, Elaiva Trading, Ozalco Holding і Russelville), якія да 4 снежня 2020 года кантраляваліся галаўной структурай Карычаў на Кіпры — Dana Holdings.

Сыход ад санкцый

У снежні 2020 года Dana Holdings і «Дана Астра» трапілі пад санкцыі ЕС і Вялікабрытаніі. У жніўні 2021 года свае абмежаванні на бізнэс сербскай сям'і наклалі ЗША, назваўшы Карычаў «будаўнічымі кашалькамі» Лукашэнкі. Санкцыі закранулі Нябойшу Карыча, сына Багалюба Карыча, а таксама кампаніі Dana Holdings, «Дана Астра», «Эмірэйтс Блю Скай» і «Дубай Вотэр Фронт». У чэрвені 2022 года ЕС наклаў абмежаванні і на Багалюба Карыча за падтрымку рэжыму Аляксандра Лукашэнкі і атрыманне выгад ад гэтых сувязяў для свайго бізнэсу.

Злева направа: Драгамір Карыч, Аляксандр Лукашэнка, прэзідэнт Сербіі Таміслаў Нікаліч. Крыніца: president.gov.by

Тады бізнэсмены зрабілі наступныя дзеянні. Па-першае, памянялі канчатковага ўладальніка кіпрскай Dana Holdings. Фірмай Карычаў стаў запраўляць блізкі сябар сям'і Нагіп Бехлулі.

Багалюб Карыч пісаў у сацсетках, што вырас з Бехлулі на адной вуліцы і еў з ім з адной талеркі, яны даўно працуюць разам.  Бехлулі — кіраўнік «Эмірэйтс Блю Скай».

Злева направа: Уладан Еўціч, Нагіп Бехлулі, Багалюб Карыч. Крыніца: facebook.com

Па-другое, літаральна за два тыдні да ўвядзення санкцый Dana Holdings прадала пералічаныя кіпрскія фірмы эмірацкай кампаніі Enterprise Developments Holding.

Уладальнікам Enterprise Developments Holding таксама аказаўся не чужы Карычам чалавек — Мустафа Аль Табгі. 41-гадовы бізнэсмен мае брытанскае грамадзянства, быў партнёрам дачкі Багалюба Карыча — Алены Карыч — у брытанскай кансалтынгавай фірме Montague Ventures, а потым перадаў сваю долю ў гэтай кампаніі іншай дачцэ Багалюба — Даніцы Карыч.

У адным з рэкламных матэрыялаў Аль Табгі згадваўся як дырэктар групы кампаній Dana Holdings, а ў сацсетках у яго ёсць сумесныя фота з членамі сербскай сям'і.

Злева направа: Мустафа Аль Табгі, Баян Карыч (пляменнік Багалюба і Драгаміра Карычаў), Горан Лазаравіч (зяць Багалюба Карыча, муж Алены Лазаравіч), Алена Лазаравіч (дачка Багалюба Карыча)

Аль Табгі атрымліваў у Беларусі спецыяльны дазвол на працу і зарэгістраваўся ў прэстыжным катэджным комплексе, які «Дана Астра» пабудавала ў Мінску.

Выкрут з цаной

Dana Holdings прадала пяць кіпрскіх кампаній за 700 мільёнаў еўра. Гэта прыкладна адпавядае ацэнцы іх актываў у Беларусі. Але па бухгалтэрыі яны прапісалі кошт гэтых кампаній у 30 тысяч разоў (!) меншы — у 21 тысячу 550 еўра, гаворыцца ў справаздачы кампаніі.

У выніку гэтай здзелкі Dana Holdings фармальна атрымала амаль 700 мільёнаў прыбытку. Іншая справа, што грошы ад продажу на рахунак фірмы на канец 2020 года так і не паступілі, а пазначаныя як дэбіторская запазычанасць. Затое ў выніку гэтай маніпуляцыі ўладальнікі Dana Holdings атрымалі магчымасць зняць з рахункаў вельмі буйную суму.

Апытаныя Міжнародным цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP эксперты лічаць, што гэтая здзелка мае прыкметы адмывання грошай. Пра гэта таксама сведчыць тое, што кампаніі былі прададзеныя напярэдадні ўвядзення санкцый, а кантроль над беларускімі актывамі пераведзены з Кіпра ў ААЭ і перададзены сваім людзям. Урэшце, лічаць эксперты, гэтая маніпуляцыя дазволіць Карычам і далей атрымліваць дывідэнды, нягледзячы на санкцыі.

«Ідэя ў тым, каб стварыць дакументальны след, які б дазволіў ім легальна мець доступ да гэтых 700 мільёнаў еўра. Гэта важна, бо банкі хочуць ведаць, адкуль паходзяць грошы, і тут можна растлумачыць, што грошы з'явіліся ў выніку гэтай здзелкі. <…> Урэшце яны атрымліваюць доступ да гэтых 700 мільёнаў у нейкай краіне, дзе на іх не распаўсюджваюцца санкцыі, і атрымліваюць дывідэнды ад схаваных актываў», — каментуе здзелку бухгалтар Абдулвахед Алабалі.

Нерухомасць таксама аказалася прыхаванай

«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» таксама высветліў, што заходнія абмежаванні не перашкаджаюць сям'і Карычаў кіраваць нерухомасцю, у тым ліку ў Заходняй Еўропе.

З дапамогай OCCRP удалося выявіць, што Багалюб Карыч, а таксама яго дзеці Нябойша і Даніца маюць нерухомасць у Дубаі.

А Transparency International UK дапамагла знайсці лонданскую ўласнасць, запісаную на Дэяна Лазаравіча — зяця Багалюба Карыча. У цэнтры Лондана ёсць сем кватэр, канчатковым уладальнікам якіх значыўся Лазаравіч.

Агульны кошт маёмасці — больш за 14 мільёнаў еўра. Дзве з гэтых сямі кватэр арандуе Міланка Карыч, жонка Багалюба Карыча.

Дарэчы, Дэян Лазаравіч і яго жонка Надзея ў 2014-2015 гадах былі саўладальнікамі беларускай кампаніі «Дана Астра», якая будуе «Мінск-Свет» і знаходзіцца пад заходнімі санкцыямі.

Ва ўнутраных дакументах афшорных кампаній, праз якія Лазаравіч валодае нерухомасцю, зяць Багалюба Карыча пазначаны як палітычна значная асоба. Такая пазнака служыць чырвоным сцяжком для фінансавых і іншых устаноў, таму што, па міжнародных стандартах, палітычна значная асоба патэнцыйна можа быць карупцыянерам у сілу свайго становішча і ўплыву.

Цесныя сувязі з сям'ёй Лукашэнкі

Відавочна, што разгарнуць буйны бізнэс у сталіцы Беларусі, заснаваны на вызваленні ад выплат у бюджэт, нельга было без ведама Аляксандра Лукашэнкі.

Багалюб Карыч атрымаў беларускі пашпарт у 2010 годзе пасля таго, як збег з Сербіі, дзе яго сям'ю абвінавацілі ва ўхіленні ад падаткаў і адмыванні грошай. Потым, праўда, справа была прыпыненая, і ён змог вярнуцца на радзіму.

Яго брат, Драгамір Карыч, ужо даўно ганаровы консул Беларусі ў Бялградзе, старшыня групы дружбы з Беларуссю ў парламенце Сербіі. Па яго запрашэнні Лукашэнка пабываў на папулярным сербскім гарналыжным курорце Капаонік у 2009 годзе. Ён часцей за іншых Карычаў сустракаўся на публіцы з Лукашэнкам. Апошні раз — у снежні 2021 года. Тады Драгамір Карыч назваў Лукашэнку сваім прэзідэнтам і падкрэсліў, што працаваць у Беларусі нармальна, нягледзячы на санкцыі. «Многія заходнія кампаніі не наўпрост, праз розныя краіны, але працуюць. Таму што бізнэс як вада: ніколі не спыніш, і яна знойдзе свой шлях», — сказаў ён.

Жонка Віктара Лукашэнкі, старэйшага сына Аляксандра Лукашэнкі, Лілія з 2014 па 2016 год працавала ў кампаніі Карычаў «Дана Астра», а потым узначаліла мастацкую галерэю-салон «Арт Хаос». Яна афіляваная з Dana Holdings і размяшчаецца ў гандлёвым цэнтры Dana Mall. Dana Holdings з'яўляецца спонсарам Нацыянальнага алімпійскага камітэта Беларусі, прэзідэнтам якога з'яўляецца Віктар Лукашэнка.

Лілія Лукашэнка. Крыніца: belta.by

З дапамогай «Кіберпартызан» БРЦ налічыў 13 сумесных пералётаў жонкі Багалюба Карыча Міланкі Карыч з Ліліяй і Віктарам Лукашэнкамі. Як правіла, з 2011 па 2016 год яны лёталі разам з Беларусі ў Турцыю ці Грэцыю і назад у кампаніі дзяцей. Часта бралі з сабой Галіну Лукашэнка — маці старэйшых сыноў Лукашэнкі.

«Беларускі расследавальніцкі цэнтр» накіраваў запыт Багалюбу і Драгаміру Карычам, дзе падрабязна выкладзеная інфармацыя пра сумнеўнае пагадненне, вывад грошай з Беларусі за мяжу, пералёты з сям'ёй Лукашэнкі, нерухомасць ў Дубаі і Лондане. У адказ на гэта адвакат сербскіх бізнэсменаў заявіў аб «неабгрунтаваных абвінавачаннях». Ён папрасіў адкласці публікацыю на тры тыдні, каб за гэты час падрыхтаваць каментарый. Аднак БРЦ адзначыў, што сем дзён, якія былі ў юрыстаў для адказу, — дастатковы тэрмін, таму каментарый Карычаў будзе апублікаваны асобна, як толькі яго атрымаюць.

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з Цэнтрам па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP і пры падтрымцы «Кіберпартызан».

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
11.10.2022
Учитесь, дети, хорошо в школе. И будет у вас все в жизни хорошо. Тьфу…. А оказывается надо стать лучшим другом президента. И участок тебе без аукциона выделят, и коммуникации за счет бюджета проведут, и от налогов освободят. Учитесь, дети, учитесь… умело обращаться со всеми видами стрелкового оружия, и не только.
0
семейка доит берарусов по полной/адказаць/сачыць
11.10.2022
Пока простые беларусы еле сводят концы с концами, покупая самые дешёвые товары (а они обычно сомнительного качества), семейка оперирует миллиардными оборотами. Делайте выводы сами
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера