Знайсці
07.09.2022 / 10:413РусŁacБел

«Такое відовішча не вартае нават пухавіцкага палаца культуры», — Акіхіра Гаеўскі-Ханада ў апошнім слове 

У Мінскім гарадскім судзе 6 верасня вынеслі прысуд адразу дзесяці палітзняволеным. Акіхіра Гаеўскі-Ханада быў пакараны 16 гадамі калоніі. Праваабаронцы атрымалі тэкст яго апошняга слова.

Акіхіра Гаеўскі-Ханада. Скрыншот відэа

Гэты тэатральны і «кафкіянскі» працэс пакінуў толькі пачуццё глыбокага расчаравання. Ён выйшаў настолькі нізкай якасці, што былі выключаныя нават гледачы. Такое відовішча не вартае нават пухавіцкага палаца культуры. Думаю, пракурор можа гэта пацвердзіць. Нават царскія і савецкія судзілішчы былі публічнымі. Але хай так, я ўсё ж выкажуся.

З нас зляпілі міжнародную злачынную арганізацыю, якая пагражала ажно тром дзяржавам. Дзеля большага эфекту варта было б асудзіць нас на 75, 79, 94, склаўшы ўсе артыкулы і часткі, дадаўшы да абвінавачвання здраду Радзіме, найміцтва і зрыў уборачнай кампаніі.

Але звернемся цяпер да класічнай тэорыі дзяржавы сацыёлага Чарльза Цілі, каб зразумець сутнасць Левіяфана. У эпоху ранніх дзяржаў узброеныя людзі, напрыклад варагі, здзяйснялі набегі на паселішчы, рабавалі іх і ўцякалі са здабычай. З часам налётчыкі пачалі засяляць тэрыторыі. Адабранне здзяйснялася на месцы, цяпер у выглядзе даніны. А ахвяра, у сваю чаргу, ведала, на колькі і калі яе абрабуюць наступным разам. Князі вымушаныя ахоўваць падданых ад нападак іншых бандытаў. Рабаўнік ператвараецца ў абаронцу, які забірае даніну дзеля вядзення вайны. Бандыт, які прапануе «дах», мае патрэбу ў пагрозе, ад якой ён ахоўвае ахвяру. Аналагічна і дзяржавы на світанку станаўлення. Няма ворага — няма і патрэбы ў «абаронцы». Калі саперніка няма, варта яго выдумаць.

Дзяржавы моцна змяняе вынаходніцтва агнястрэльнай зброі. З ім элітныя рыцарскія атрады маглі перамагчы нават сяляне. Дзяржавы звяртаюцца да паслуг наймітаў, якія аплачваюцца з падаткаў. Легітымнасць гвалту размытая, бо часцяком былыя салдаты рабіліся разбойнікамі, а ўчорашні пірат падаваўся на каралеўскую службу. Але войскі наймітаў білі па бюджэце, уганяючы краіны ў даўгі. Тады пачалі збіраць ужо ўласнае насельніцтва, але не за аплату, а за мараль. Іх пераконваюць, што гінуць яны за сябе і сваю зямлю. Мараль магла быць як рэлігійнай, гэтак і свецкай, няхай гэта будзе нацыяналізм ці дэмакратыя. Дзяржава дае людзям права на ўдзел у кіраванні наўзамен на лаяльнасць.

Аднак часам дзяржавы вяртаюцца да сваіх вытокаў. Яны развязваюць канфлікты, каб даказаць сваю патрэбнасць, звяртаюцца да рабавання дзеля вайны з вонкавымі і ўнутранымі ворагамі. Вось мы і маем «гібрыдную вайну» з «калектыўным захадам» і «беглай» апазіцыяй, «беспрэцэдэнтны» ціск «англасаксаў». Паводле такой логікі, РФ урываецца ва Украіну, адмяняе правы і свабоды ў імя ілюзорнай духоўнасці; з падобных меркаванняў Рэспубліка Беларусь адціскае «Камунарку», «Мотавела» ці ўводзіць падатак на «дармаедства». Два гады я быў відавочцам рэкету рознага маштабу, які здзяйсняецца дзяржавай. Два гады я бачыў, як рэпрэсіўны апарат перамолвае людзей. Утрыманне ўлады неканстытуцыйным шляхам, татальнае прыгнечанне нязгодных, збядненне народа і падтрымка вар'яцкай вайны… Чым гэта не арганізаваная злачыннасць, абгорнутая ў абалонку дзяржавы?

Я шчыра шкадую толькі пра тое, што не прыклаў усе высілкі супраць банды, якая сфармавала краіну, дзе «часам не да законаў». Быць цяпер супраць іх — значыць быць антыфашыстам. Быць супраць такіх дзяржаў — значыць быць анархістам. Перафразоўваючы ГенрыТора, адзінае месца, якое падыходзіць сумленнаму грамадзяніну ў той дзяржаве, у якой узаконьваецца і падтрымліваецца бяспраўе, ёсць турма.

Хачу падзякаваць тым, хто знаходзіцца побач на лаве падсудных, асабліва тым, хто распачаў гэты шлях у 2020-м. Веру, што вы пройдзеце далейшыя выпрабаванні годна. Таксама выказваю павагу ЭдвардуСноўдэну, чыё згадванне ў эсэ з'яўляецца доказам маёй віны. Гэты чалавек прадэманстраваў, што сумленне можа быць мацнейшае за акалічнасці, а правы чалавека важнейшыя за «нацыянальныя» інтарэсы. Мабыць, і нам патрэбны свой Сноўдэн.

І пры канцы. Чалавечы дзякуй адвакатам, якія не баяцца і не апускаюць рукі. Лепшыя часы яшчэ наперадзе!

No pasaran! Жыве Беларусь і Слава Украіне!»

«Я ведаю — будучыня належыць нам». Моцнае апошняе слова Аляксандра Францкевіча

94 гады на ўсіх — вынесены дзікі прысуд па справе «Рэвалюцыйнага дзеяння»

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
0
даведка/адказаць/
07.09.2022
Суды лишь для того и делают закрытыми, чтобы никто не видел, каких достойных людей и на какие сроки садят.
0
Максим Дизайнер/адказаць/
07.09.2022
Какой кошмар!Людей не за что сажают на 16 лет. А они пузо свининой набивают, машины по две в семью покупают, и дома под Минском строят. Не забывая травить друг друга водярой и ужасным пивом. Ничего-ничего. Не долго этой песенке играть.
0
Бондар/адказаць/
07.09.2022
Колькі ж выдатных людзей яны згнаяць за гэтыя дзясяткі год.
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234
567891011
12131415161718
19202122232425
26272829