Знайсці
22.08.2022 / 21:126РусŁacБел

«Тыбецкі след» ды «Пагоня» на маскоўскіх грошах. Выйшла раскошная кніга пра манеты ВКЛ

Альбом-энцыклапедыю «100 манет Вялікага Княства Літоўскага» нельга назваць акадэмічнай манаграфіяй. Гэта і не навукова-папулярная брашура. Хутчэй напісанае з любоўю эсэ пра нумізматыку з мноствам фота ды новай інфармацыі, якой раней не было ў навуковым ужытку, піша на budzma.org Алесь Кіркевіч.

Фота imago.by

Аўтары кнігі — добра вядомы беларускім нумізматам даследчык Дзмітрый Гулецкі і заснавальнік аптэкі-музея ў Гродне Мікалай Дарашкевіч. «Гісторыя часта стае аб’ектам маніпуляцыі, а матэрыяльныя помнікі мінулага заўжды бесстароннія», — гэтая фраза Гулецкага вынесеная на вокладку. 

Аснова кнігі — гэта 100 манет-помнікаў, праз якія мы можам прасачыць гісторыю краіны ад Міндоўга да Аўгуста ІІ Саса. Безумоўна, гэта не ўсе манеты, якія за гэты перыяд хадзілі на нашых землях ці чаканіліся тут. Гэта выбарка, якая дазваляе зірнуць на палітыку і штодзённасць краіны праз гісторыю маленькіх кругляшоў з вагой часам менш за грам. 

Фота imago.by

Побач з кожнай манетай аўтары падаюць яе антыкварны кошт. Ад 2 USD за «фальшак» меднага соліда 1660-х да… 80 000 USD за срэбраную «паўкопку» Жыгімонта Аўгуста 1564 года. Цэны ідуць з адсылкай да вядомых аўкцыёнаў ці — здаровага калекцыянерскага глузду. Наўрад ці на іх варта арыентавацца як на абсалютную ісціну, хутчэй — гэта паказчык рэдкасці.

Фота imago.by 

Ці могуць беларускія грошы называцца «рублямі»?

Шмат увагі аўтары надаюць раннім манетам ВКЛ, пра якія раней было вобмаль інфармацыі. Гэта манеты Альгерда, Кейстута, Вітаўта, Ягайлы ці Канстанціна Карыятавіча. А яшчэ — грошы са звярыных шкураў, якія, зразумела, мы не знойдзем у зямлі. Затое можам ацаніць віслыя пломбы з дзяржаўнымі сімваламі, якія да гэтых шкураў мацаваліся. 

Асобна апісваюцца «ізроі» ды «рублі» — зліткі срэбра фіксаванай вагі. Цікава, што «літоўскія рублі», якія фігуравалі на рынку ВКЛ да XV стагоддзя, разбураюць міф пра тое, што само слова «рубель» — выключна расійскае, а наша сучасная нацыянальная валюта мела б называцца «талерамі». 

Фота imago.by

Як размяняць такі рубель? Парэзаць. А яшчэ можна раскляпаць на пруты, а з іх нарабіць шмат дробных манет вагой па 0.40 г — «пенязяў».

Раннія манеты ВКЛ падаюцца дробнымі і нязручнымі ў карыстанні, але гэта не кажа пра «дзікунства» нашай тагачаснай дзяржавы. Нават у Чэхію для вырабу пражскіх грошаў у той самы час прыцягвалі італьянцаў: срэбра было, майстроў не было. У дадатак, звычайны селянін не меў штодзённай патрэбы ў наяўных, бо доўгі час панаваў натуральны абмен. Грошы — для гарадоў і элітаў.

Адкуль будысцкія сімвалы на манетах ВКЛ?

Прыгледзімся да манетаў ВКЛ XIV—XV стагоддзяў. Маленечкі кругляк не мог змясціць шмат інфармацыі, таму ўсё лаканічна: сімвал уладара, апеляцыя да рэлігіі, кароткі надпіс ці — арнамент. Арнаментальна манеты часта паўтаралі грошы Залатой Арды. Адсюль выявы барсаў, перайманне арабскага пісьма ці — «пляцёнка». 

Грошык 14 ст. з пляцёнкай ды жаночым партрэтам

Пляцёнка — адзін з сімвалаў будызму, тыбецкі «вузел даўгалецця». Сімвал доўга падарожнічаў, трапіў да татараў, адтуль — на манеты ВКЛ. У 1380-х у Вільні з’явіўся грошык з пляцёнкай ды барсам. На іншым баку побач з жаночым партрэтам напісана MAGNA REGINA («Вялікая Каралева»). Гэта можа тычыцца як Багародзіцы, так і каралевы Ядзвігі, жонкі Ягайлы. 

На іншых манетах можна сустрэць надпіс «БЕ ПОСОБИ» — «Багародзіца, дапамажы». Але ці не самы папулярны надпіс — «ПЕYАТЬ». То-бок нешта легітымнае. Тое, што носіць на сабе знак уладара. Да гонару аўтараў дадамо: шмат якія надпісы яны акрэсліваюць як нечытэльныя, не гуляючыся ў калянавуковыя версіі. 

Сярод іншых манет увагу звяртае маскоўская дзянга з «Пагоняй»(!) 1420-х гадоў. Гэта быў час узлёту дзяржавы Вітаўта і дынастычнага крызісу ў Масковіі. На манеце бачная сігнатура «ВЪ». У Маскве кіраваў князь Васіль, але паколькі літара змешчаная пад «Пагоняй», аўтары трактуюць яе як знак уплыву Вітаўта.

Варылі жыўцом, адразалі рукі, давалі вялікія тэрміны…

Аўтары таксама апісваюць «фальшакі» таго часу. Не варта блытаць іх з перайманнямі, калі дзяржава спрабуе капіяваць папулярную манету іншай дзяржавы. Тут размова пра махлярства ўнутры сваёй дзяржавы. Фальшароў жорстка каралі: варылі жыўцом, адразалі рукі, пасля — давалі вялікія тэрміны зняволення. Але справа квітнела.

Пакаранне фальшываманетчыкаў

Фальшару дастаткова было стварыць копію запатрабаванай на рынку срэбранай манеты, але вырабіць яе… з медзі. Ці — моцна занізіць пробу. На момант, калі знешняе серабрэнне знікне, фальшар будзе ўжо далёка. Ніхто не знойдзе. Ёсць сэнс рызыкаваць. 

Цікава, што ў Кароне Польскай гэтай справай займаліся не столькі дробныя махляры, колькі… феадалы, якія ў недасяжных для іншых замках маглі рабіць усё, што заўгодна. Талковыя фальшары «замяталі сляды» праз заблытванне азнакаў манетных двароў. Больш простыя «паліліся» на няведанні арфаграфіі: замест LITVANIE маглі напісаць LITVANEN — гэта нямецкі варыянт назвы краіны, што кажа пра паходжанне махляроў…

Было б жаданне і — грошы

Кніга пакідае па сабе прыемнае ўражанне. Гэта не спроба вычарпальна распавесці пра тэму, але яскравы расповед пра яе. Запрашэнне даведацца больш. Кніга будзе цудоўным падарункам даследчыку, гісторыку ці кожнаму зацікаўленаму айчыннай гісторыяй. 

А яшчэ — гэта падказка для калекцыянераў. Манеты ВКЛ — той рэдкі выпадак, калі ты можаш не толькі глядзець на артэфакты сівой даўніны праз шкло музейнай экспазіцыі, але і сабраць уласную калекцыю. Было б жаданне і — грошы.

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
23.08.2022
Когда своего ничего нет, так и появляются белорусские рубли в 14 веке.
3
Скукотищааа/адказаць/
23.08.2022
Rusin, во-во. Назвались белоруссами - пожалуйте в Великую Матушку Россию, на правах бедных родственников.  
1
Пожалуй/адказаць/
23.08.2022
Скукотищааа, давно уже не Великая. И не Матушка, а Мачеха населяющим ее народам. Вообще жалко Россию, которая могла состояться, но при Путине все похерила.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера