Знайсці
19.08.2022 / 14:599РусŁacБел

Баец «Кусь» з Палка Каліноўскага — аб працы на чыгунцы і ў БРСМ, выпрабаванні вайной і выбары паміж палонам і смерцю

Баец Аляксандр Клачко паехаў ва Украіну праз тыдзень пасля пачатку вайны. «Каб не зрабіў гэтага, апусціў бы рукі, перастаў змагацца», — кажа. «Наша Ніва» запісала яго гісторыю. 

«На мяжы мяне прынялі за дыверсанта, лукашыста, было непрыемна»

Каліновец Аляксандр Клачко цяпер знаходзіцца ў Вільні. Ён прыехаў з фронту, каб працягнуць дазвол на жыхарства. У канцы жніўня мужчына збіраецца зноў вяртацца ва Украіну. 

Аляксандру 38 гадоў, ён з горада Баранавічы. Паехаў ваяваць праз тыдзень пасля пачатку вайны. 

«Гэта шанс, каб хоць неяк паўплываць на сітуацыю ў Беларусі. У мяне было шмат прычын, каб туды не ехаць, але я сам сябе запытаўся, што тады мяне адрознівае ад людзей, якія замаўчалі яшчэ ў жніўні 2020-га», — кажа ён. 

Калі Аляксандр апынуўся ў Кіеве, адразу адчуў сябе на сваім месцы. Тлумачыць гэта тым, што пачаў рабіў дзеянні для перамогі. 

Пазыўны мужчына абраў хутка — «Кусь». Такі нік быў у Аляксандра ў тэлеграме ў 2020-м. Ён для яго значыць тое, што нават адзін чалавек здольны кусаць рэжым, а калі ўсе разам — можна загрызці яго. 

Спачатку Аляксандр запісаўся ў замежны легіён. Ехаў ён на польска-ўкраінскую мяжу разам з літоўцам, габрэем, украінцам. Пасля да іх далучыліся яшчэ грузіны і нарвежцы, нават была адна дзяўчына.

«Грузіны былі сталага ўзросту. Казалі, што вызваляць Данецк, Луганск, Крым, а потым Абхазію з Асеціяй. 

У мяне было вялікае ўражанне ад бежанцаў, якіх я ўбачыў на мяжы. Вялізны натоўп жанчын з дзецьмі. У мяне навярнуліся на вочы слёзы. Тады яшчэ ў той момант падняліся са сваіх месцаў грузіны, каб паглядзець на іх. Яны былі ўражаны яшчэ больш», — расказвае ён. 

Калі Аляксандр даехаў да Яварава, даведаўся, што яго не прапусцяць. Быў загад беларусаў не браць.

«Пайшоў купляць сім-карту, каб была сувязь, — згадвае ён. — У мяне там папрасілі пашпарт, што дзіўна, бо сімкі прадаюць проста так.

Прадавачка пасля таго, як даведалася, што я беларус, спытала, за каго я прыехаў ваяваць. Ніколі не адчуваў сябе так дрэнна ад таго, што я беларус. Было непрыемна, прынялі за дыверсанта, лукашыста. Яна сфатаграфавала мяне з дакументам і сказала, што калі нешта здарыцца, то мяне хутка знойдуць. 

Я вярнуўся на запраўку, і тут да мяне падыходзіць падлетак і пытаецца, што я тут раблю, просіць дакументы. Ён прывёў дружыннікаў, тыя павязлі мяне ў штаб антытэрастычных аперацый (АТА). Там былі ўкраінскія афіцэры ў адстаўцы. Яны вырашылі везці мяне ў СБУ ў Новаявараў. Выклікалі паліцыю — тры мужчыны і тры жанчыны з аўтаматамі. Я ім кажу, што не беларусы далі дазвол, каб Расія напала на Украіну, а лукашысты. У жанчыны пацяклі слёзы, і яна сказала, што з-за гэта ў іх людзі гінуць».

Аляксандру прапанавалі ісці ў «Азоў» пры ўмове, што ў яго ёсць баявы досвед.

«Я нават у арміі не служыў, які досвед. Прыйшлося некалькі дзён чакаць, каб мяне і іншых уключылі ў спіс і пасля прапусцілі», — расказвае каліновец. 

У Беларусі Аляксандр пачаў працаваць адразу пасля заканчэння школы. Спачатку на будоўлі, потым на баранавіцкай чыгунцы, на якой быў 12 гадоў.

«Спачатку грузчыкам, потым кладаўшчыком, інжынерам, эколагам. У 2012 годзе на чыгунцы атрымліваў 500 даляраў, а ў 2015 — 250. І пры гэтым у мяне было нашмат больш працы. Я чакаў, што нешта зменіцца, бо матуля мая заўсёды казала, што дзяржаўная праца — гэта стабільнасць. 

Калі працаваў на чыгунцы, мяне яшчэ ў 2003 годзе абралі намеснікам сакратара БРСМ. Мы дапамагалі дзіцячаму прытулку ў Баранавічах, ладзілі мерапрыемствы, экскурсіі. У цэлым яскравыя ўспаміны, але адначасова штучная арганізацыя. З 30 членаў актыўнымі былі толькі 6. 

У выніку я сышоў з працы праз нізкі заробак, паехаў у Мінск», — кажа ён.

Далей Аляксандр працаваў у сталіцы ў дастаўцы «Еўраопта», потым ён зноў вярнуўся у Баранавічы, дзе ўладкаваўся ў гіпермол. Апошняе месца працы — адміністратар таксі.

«Думаю, што з ўрадам ў выгнанні без вайсковай сілы ніхто не будзе лічыцца»

Асабісты пратэст у Аляксандра пачаўся не з выбараў, а з сітуацыі вакол каранавіруса.

«Менавіта супраць Лукашэнкі я стаў падчас каранавіруса, калі ён казаў дурасць. Мяне закранула хвароба, сутыкнуўся з хлуснёй дактароў, якія ставілі прастуду, з хлуснёй ў статыстыцы, на тэлебачанні. 

Першы раз выказаў сваю пазіцыю ў ліпені 2020-га. Тады ў інстаграме напісаў пост. Памятаю, як было складана, бо да гэтага выказваў увесь супраціў на кухні. З тых часоў стаў лічыць галоснасць зброяй», — дзеліцца Аляксандр.

 

На плошчу мужчына выйшаў 9 жніўня ў Мінску. З’ехаў з Беларусі — 18 снежня 2020-га, калі да яго дадому прыйшлі сілавікі. 

«Яшчэ тады думаў ехаць ці не. Калі справа адміністрацыйная — 15 сутак я б адседзеў. Калі крымінальная, то не змог бы і які сэнс у гэтым. Больш баяўся, што мяне затрымаюць і складзецца так, што я пачну здаваць людзей, ці прыйдзецца запісваць пакаяннае відэа», — кажа ён. 

Мужчына паехаў у Літву. Візы ў яго не было, яшчэ суткі Аляксандру прыйшлося чакаць, пакуль літоўцы дазволілі яму праехаць. У выніку атрымаў візу на два тыдні.

«Мяне падвёз украінскі дальнабойшчык. Расказаў па дарозе, што ён Зяленскага не баіцца: калі прыязджаў у яго горад, паслаў на тры літары. Я расказаў яму пра Беларусь.

Калі пад’язджалі да Вільні, ён стаў баяцца, што шмат нагаварыў. У яго беларуская сім-карта, стаў думаць, што яго могуць праслухоўваць. Настолькі размова са мной яго паглыбіла ў сітуацыю у Беларусі», — расказвае ён. 

Прапанову сфармаваць беларускае войска, якое ў патрэбнай сітуацыі зможа вызваліць Беларусь, Аляксандр падтрымлівае. Ён тлумачыць чаму.

«За месяц да вайны меў размову з двума мудрымі літоўцамі. Адзін з іх удзельнічаў у падзеях 13 студзеня 1991 года. Я запытаўся ў іх, што яны параяць Беларусі. Яны прывялі прыклад з гісторыі, калі ў 1918 годзе Германская Імперыя адступала, яна хацела стварыць буфер паміж сабой і Расійскай Імперыяй. Утварылася незалежная Літва, у іх быў свой урад і сабралася войска, якое магло абараніць гэты ўрад. 

У Беларусі быў таксама ўрад БНР, жаданне незалежнасці, але не было войска, якое магло абараніць яго. Думаю, што з ўрадам у выгнанні без ваеннай сілы ніхто не будзе лічыцца. 

Ёсць некалькі варыянтаў, як наяўнасць такога войска можа паўплываць. Калі бачыш, што яно ёсць і магчымы адпор, то можна сысці самому, каб не рызыкаваць», — лічыць Аляксандр.

«У мяне няма лідара, якога я б слухаў. Я пайду за чалавекам, які сваім прыкладам паказвае, што ён робіць. Такім быў «Брэст», які загінуў пад Лісічанскам (беларускі добраахвотнік Іван Марчук. — НН), — кажа ён. 

«Ведаеце, я да ворага, які не цэліўся ў цябе, адразу губляю павагу. Якія гэта салдаты?» 

Аляксандр лічыць, што ў гісторыі час ад часу наступаюць моманты, калі гегемон, які ўплывае на краіну, слабне. Тады з’яўляецца магчымасць здабыць незалежнасць.

«Для мяне Расія — гэта турма народаў. Вайна ва Украіне — гістарычная падзея, якая можа значна аслабіць Расію. 

У выніку гэтага ўсяго можа змяніцца ўлада альбо пачнуць проста «гарэць» яе ваколіцы.

Хачу, каб мае нашчадкі былі гаспадарамі на сваёй зямлі, каб рускія не казалі, што ім рабіць і з кім сябраваць. Лічу, што Расіі трэба даць па зубах», — лічыць Аляксандр. 

Мужчына не шкадуе, што ў 2020 годзе ўсе дзейнічалі мірна.

«Мы ў выніку пабачылі, што рэжым Лукашэнкі разумее толькі мову сілы. Думаю, што мы павінны быць гатовы абараніць сваю незалежнасць, калі гэты момант настане. 

Я разумею, што зараз Літва не дасць нам магчымасці фармаваць баявыя падраздзяленні, трэніравацца і ісці ў Беларусь. Гэта адразу будзе значыць аб’яўленне вайны Расіі. Але ў будучыні розныя падзеі могуць быць», — разважае ён. 

На фронце Аляксандр сустракаў трох рускіх вайскоўцаў. Яны былі палоннымі. 

«Чуў, як адзін з іх сказаў, што яны ў нас не стралялі: маўляў, паглядзіце, нават каля бліндажа гільз няма. Ведаеце, я да ворага, які не цэліўся ў цябе, адразу губляю павагу. Якія гэта салдаты? 

У іх са зброі былі аўтаматы Калашнікава. Але ў рускіх там было два верталёты, самалёт, танкі. Мы не бачылі гэтага, а чулі па гуку і па рацыі, якую захапілі, яны паміж сабой размаўлялі. У цэлым цяпер бой ідзе не столькі стралковы, а з цяжкім узбраеннем», — расказвае мужчына. 

У псіхалагічным сэнсе для Аляксандра складана доўга знаходзіцца на вайне. На ёй так можна і «застацца». 

«Паставіў сабе дзве задачы: атрымаць досвед валодання зброяй і зразумець, як я сябе адчуваю ў сапраўдным баі. 27 мая ў мяне быў бой, і адчуванні мае мне спадабаліся. Страху не было, проста выконваеш задачу, якая стаіць.

Вайна мне не сніцца. Падчас бою магу, дарэчы, легчы спаць пад абстрэламі. Лічу, што я своечасова паехаў рабіць ВНЖ, трэба быў адпачынак, каб не «застацца галавой» на вайне», — дзеліцца ён. 

Аляксандр згодзен, што цяжка жыць у мірны час людзям, якія вяртаюцца з вайны.

«Вярнуўся ў Літву — быццам бы дасталі з вады на сушу. Потым калі з’яўляюцца нейкія планы, усё вяртаецца на свой лад», — кажа ён. 

«Удзельнічаў у баі на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей»

Мужчына часта ўспамінае сваіх сяброў-байцоў, якія загінулі пад Лісічанскам. 

«Калі гэта здарылася, для мяне з’явіўся стымул падбіваць рускую браню, каб неяк такім чынам помсціць за іх, — успамінае ён. — Як мне падаецца, я роўна сустрэў гэтую навіну. Але былі дні, калі я ў думках па некалькі разоў успамінаў іх. Зараз хачу напісаць свае ўспаміны пра іх, каб стала лягчэй.

Удзельнічаў я сам у баі за сяло Лазавое, на мяжы Херсонскай і Мікалаеўскай абласцей. У Лісічанску мы ахоўвалі пераправу, сутыкненняў з рускімі ў мяне там не было». 

Страляць у рускага вайскоўца Аляксандру пакуль не давадзілася. 

«Ведаеце, калі з мінамёта, то ты нават не ў курсе забіў ці не. Куляй — гэта іншае. Падаецца, што на вайне нашмат прасцей. Страляюць па табе — ты ў адказ. Гэта вораг, які спрабуе захапіць чужую зямлю.

Я ведаю, за што я ваюю ва Украіне. Рускія — не.

Калі разумееш, за што змагаешся, то, думаю, любы чалавек, які мае годнасць і які бачыць, што гэта несправядліва, гатовы прымяніць сілу, каб даць адпор таму, хто крыўдзіць», — кажа ён.

Аляксандр разважае, што ён будзе рабіць у выпадку, калі трапіць у палон. 

«Хлопцы трымаюцца на відэа добра. Што лепш: загінуць у баі ці трапіць у палон? Залежыць ад таго, як ты гэта перанясеш. Калі зможаш годна трымацца ў палоне, то тады так. Нават калі там будзе смяротнае пакаранне, якое ты зможаш прайсці. 

Прыклад Каліноўскага: ён прайграў, трапіў у «палон», яго павесілі, але ён стаў сімвалам для іншых. Калі лічыш, што зламаешся ў палоне, то лепш загінуць у баі. Як паступлю я — не ведаю. 

Калі пачуў, што ў ДНР прысудзілі смяротнае пакаранне замежнікам, то нават у інстаграме выклаў пост, што ёсць стымул трымаць мацней нашу пазіцыю», — тлумачыць ён. 

На пытанне, чаму некаторыя хлопцы лічаць, што ехаць ваяваць не варыянт, Аляксандр адказвае, што трэба зразумець, якая ў іх першапачатковая прычына. Ён лічыць, што часам такія людзі проста баяцца. 

«Тыя, хто за Расію, то да іх пытанне, чаму яны тады не ідуць ваяваць за яе. Чуў ад украінцаў, якія не ваююць, што яны не бачаць, навошта ісці на фронт за Зяленскага. Але думаю, што ў іх нейкія іншыя прычыны. 

Я бачу, што вайна вельмі цяжкая. Лічу, што Еўропе трэба дапамагаць Украіне цяжкім узбраеннем, бо яна ахвяруе самым дарагім — людзьмі. Яна закрывае сабой Еўропу, і на чарзе будзе менавіта Еўрасаюз, калі рускія дабяруцца», — падсумоўвае ён.

Чытайце таксама: 

Зяленскі пра «дыпламатычнае акно» для перамоваў з Расіяй: У гэтым «акне» руская зброя, хай спачатку вызваляць тэрыторыі

Камандзір даў загад: «У расход іх». Журналісты знайшлі расійскіх салдат, якія маюць дачыненне да забойстваў у Кіеўскай вобласці. Адзін прызнаўся

Маці загінулага каліноўца прыехала на прысягу навабранцаў

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
4
я пачну здаваць людзей, ці прыйдзецца запісваць пакаяннае відэа», — кажа ён. /адказаць/
20.08.2022
"У цэлым цяпер бой ідзе не столькі стралковы, а з цяжкім узбраеннем», — расказвае мужчына."
то бок па жылых кварталах страляць, не бачачы, хто там загінуў, гэта так па-мужскі?

https://nashaniva.com/297685

5
да ̶М̶а̶р̶'̶я̶/адказаць/
20.08.2022
Іван, нет.
видно же, что человек-шлак. зато красивы) Дызайнер не дасць зманить 
4
антисвет/адказаць/
20.08.2022
"У Беларусі Аляксандр пачаў працаваць адразу пасля заканчэння школы."

"15 сутак я б адседзеў. Калі крымінальная, то не змог бы і які сэнс у гэтым. Больш баяўся, што мяне затрымаюць і складзецца так, што я пачну здаваць людзей, ці прыйдзецца запісваць пакаяннае відэа», — кажа ён."

а мы шчэ здзіўляемся потым, адкуль бяруцца гэтыя стукачы

https://nashaniva.com/297685

Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера