Знайсці
17.08.2022 / 21:3321РусŁacБел

«Перамены адбудуцца лягчэй, чым вы думаеце, як толькі Лукашэнка памрэ ці сыдзе»

39-гадовы Томас Тамілінас размаўляе на дасканалай беларускай мове, якой пазайздросціў бы Алег Трусаў. Адкуль такая гаворка ў дэпутата літоўскага Сойма з Партыі дэмакратаў ад горада Анікшчай? З сям'і, з дзяцінства: Тамілінас каранямі з памежжа. Ëн шмат працаваў з Беларуссю, адсочвае ўсе працэсы ў Беларусі і вакол яе. Ацэнкі і прагнозы Тамілінаса аптымістычныя. Украіна паказала слабасць Расіі, а ў беларусаў няма рабскага менталітэту. У 2020 годзе беларусы даказалі, што Беларусь — гэта еўрапейская нацыя, і, як толькі Лукашэнка памрэ ці сыдзе, Беларусь стане нармальнай краінай. Вялікая гутарка «Нашай Нівы».

«Наша Ніва»: Адкуль у вас такая добрая беларуская мова?

Томас Тамілінас: Мая бабуля жыла ў вёсцы недалёка ад Вільні, на памежжы з Беларуссю, і там усе размаўлялі на тутэйшай мове. Яны яе называюць польскай, але ж яна не польская. 

У мяне ёсць сябар з Гародні, свядомы беларус. У студэнцкія часы ён дапамог мне ўспомніць тую мову, якую я памятаў з дзяцінства,

і пачаць размаўляць на больш стандартызаванай беларускай мове. А ва ўніверсітэце я пачаў займацца рознымі праектамі, звязанымі з Беларуссю.

«НН»: Якія маеце ўспаміны пра дзяцінства на мяжы з Беларуссю?

ТТ: Я там жыў месяцамі. Гэта былі савецкія часы, мае бацькі ездзілі на заробкі ў тую ж Польшчу, а мяне пакідалі ў вёсцы. 

Пакуль не было мяжы з Беларуссю, мы часта туды ездзілі.

Не магу сказаць, што мае сваякі мелі нейкую беларускую свядомасць, але, напрыклад, бабуля магла спяваць беларускія песні, ведаючы пры гэтым, што яны беларускія.

«НН»: З якім народам атаясамлівала сябе ваша сям’я?

ТТ: З рознымі, бо ў мяне ў сям’і ёсць літоўскія, расійскія, польскія і беларускія карані. Хутчэй, мы ўспрымалі сябе прыналежнымі да палякаў, але складана сказаць дакладна, тут усё дужа змяшанае. На Віленшчыне гэта часта сустракаецца,

віленчуку ўвогуле цяжка адказаць на пытанне, якой ён нацыянальнасці.

«НН»: Што для вас значыць Беларусь?

ТТ: Калі казаць пра людзей, то гэта нашы людзі. Яны не проста вельмі блізкія, гэта свой народ. Што да дзяржавы, то, па-першае, мы суседзі. Па-другое,

Беларусь — дзяржава з цяжкім лёсам, які залежыць ад аднаго чалавека, гэта сумна.

Калі яшчэ меў магчымасць, я вельмі часта ездзіў у Беларусь, таму добра яе ведаю, асабліва заходнія рэгіёны, маю ў беларускіх гарадах і вёсках шмат сяброў. Так што Беларусь для мяне — гэта перш за ўсё сябры. У юнацтве шмат займаўся рознымі палітычнымі і сацыяльнымі праектамі, звязанымі з Беларуссю, таму добра знаёмы з некаторымі беларускімі палітыкамі, журналістамі і актывістамі.

«НН»: Як цяпер успрымаюць Беларусь літоўцы?

ТТ: Лукашызм наклаў вялікі адбітак на вобраз Беларусі, і гэта вялікая праблема. Лукашэнка так доўга знаходзіцца ва ўладзе, Беларусь так моцна з ім асацыіруюць, што людзі, якія менш ездзяць у Беларусь, больш нічога пра яе і не ведаюць, акрамя рэжыму. Добра, што ў Літву прыязджаюць беларусы, што тут жыве шмат тых, хто з’ехаў з Беларусі, а таксама шмат студэнтаў.

Беларусь — важная частка палітыкі Літвы. Можам сказаць, што Літва займаецца «коўчынгам» Беларусі, дапамагае беларускай дэмакратычнай супольнасці, і літоўскае грамадства ў гэтым дужа зацікаўленае. Беларусь — важны для Літвы сусед, і Літва ўвесь час намагаецца змяніць яго лёс. Зараз яшчэ з’явілася ўкраінскае пытанне, важнае для ўсяго свету, але Беларусь для Літвы нашмат больш блізкая.

«НН»: Як вы ацэньваеце сённяшнія адносіны паміж Літвой і Беларуссю?

ТТ: Калі казаць пра адносіны паміж дзяржавамі, то іх амаль што і няма, гэта канфрантацыя. Беларусь як дзяржава ўдзельнічае ў агрэсіі супраць Украіны, супраць Беларусі прынятыя санкцыі, і Літва — актыўны ўдзельнік гэтай санкцыйнай палітыкі.

Што да народаў, то беларусы і літоўцы шмат кантактуюць паміж сабой. У гэтых нацый супольная гісторыя, мы шмат пражылі разам — спачатку ў Вялікім Княстве Літоўскім, потым у Рэчы Паспалітай, таксама падзялялі супольны лёс падчас акупацыі Расійскай Імперыяй. Але і сёння мы добра кантактуем з беларусамі — сказаў бы, што ў нас зараз больш шчыльныя адносіны з беларускім грамадствам, чым з грамадствам Латвіі. Гэта вельмі дзіўна, бо Латвія — дужа блізкая для Літвы краіна, нашы мовы вельмі блізкія. І тым не менш, Латвія не так моцна звязана ў культурным плане з Літвой, як Беларусь.

«Перамены адбудуцца лягчэй, чым думае большасць беларусаў»

«НН»: Ці лічыце вы рэалістычным магчымасць нападу Расіі на Літву?

ТТ: Не, я не лічу гэты сцэнар рэалістычным, хаця тут цяжка штосьці прагназаваць.

Напад на Літву — гэта напад на НАТА, сусветная вайна, і Расія не збіраецца яе пачынаць, бо калі б збіралася, яна б ужо яе пачала. Украінская армія амаль што пабіла расійскую, таму не вельмі зразумела, чым Расія магла б здзейсніць такі напад [на НАТА].

Яны не могуць перамагчы Украіну, дык што ж яны зробяць тут? Але ж гэта чыста дэдуктыўныя развагі. Ясна, што цяжка спрагназаваць, што прыдумае бункерны дзед.

Таму Літва яшчэ да вайны пачала ўзмацняць сваю абарону, і ў будучым палітыка Літвы, напэўна, будзе такая ж. Літва нямала займаецца абаронай, у дадатак, яна актыўны ўдзельнік НАТА.

«НН»: Як вы ацэньваеце дзейнасць Святланы Ціханоўскай?

ТТ: Я сам з ёй не сустракаўся, бо я больш займаюся ўнутранай літоўскай палітыкай. На 2020 год я ўжо крыху адышоў ад беларускіх спраў.

Але стаўлюся да Святланы вельмі пазітыўна, ведаю людзей з яе каманды і падтрымліваю іх усім, чым магу. Калі член нашай партыі [Саўлюс] Скверняліс быў прэм'ер-міністрам, мы дапамагалі Ціханоўскай стварыць тут, у Вільні, яе офіс. На мой погляд, вельмі добра, што [ў беларусаў] цяпер ёсць лідар і ёсць канкрэтныя структуры, якія займаюцца праектаваннем на будучыню і з якімі ўзаемадзейнічае свет. Гэта вельмі важна. Гэтага зараз не мае Расія, таму што іх лідар апазіцыі [Аляксей Навальны] сядзіць у турме.

«НН»: Верыце ў тое, што такія структуры, створаныя ў выгнанні, могуць дзейнічаць эфектыўна?

ТТ: Ясна, што ствараць іх цяжка, але дзейнічаць без адпаведных структур яшчэ больш рызыкоўна, іх трэба ствараць. Так, яны не будуць цалкам эфектыўнымі і шмат людзей будуць там прысутнічаць толькі дзеля грошай, але ж і ў рэальных структурах так бывае. Усё гэта не значыць, што не трэба ствараць нешта новае, накопліваць і прымнажаць сацыяльны капітал.

«НН»: Што вы можаце зараз сказаць тым, хто змагаецца супраць беларускай дыктатуры?

ТТ: Усё, што вы робіце, пойдзе на карысць Беларусі і будзе выкарыстанае, нават калі трэба будзе яшчэ гэтага пачакаць.

У беларусаў няма рабскага менталітэту, беларусы — такія ж людзі, як і літоўцы, гэта вельмі блізкія народы. Кожная краіна можа апынуцца і ў стане дэмакратыі, і ў стане дыктатуры — вазьміце прыклад Нямеччыны.

Таму не трэба сябе ні ў чым вінаваціць, казаць, што беларусы нейкія не такія, прарасійскія і так далей. Проста палітыкі вельмі моцна маніпулююць грамадствам, навязваюць яму нейкія свае дурныя фантазіі.

І Лукашэнка ўжо 28 гадоў спрабуе прадставіць сябе нейкім «бацькам», якім ён не з’яўляецца. На самой справе ён зганьбіў народ.

Улада змяняецца, і калі гэта адбываецца, людзі вельмі хутка разумеюць, што ўсё мінулае было проста ілюзіяй, а яны могуць жыць нармальным жыццём і будаваць нармальную краіну.

І беларусы ўжо даказалі ў 2020 годзе, што Беларусь — гэта еўрапейская краіна, і як толькі ён (Лукашэнка. — «НН») памрэ ці сыдзе, Беларусь стане нармальнай краінай. Усё гэта не павернеш назад.

«НН»: Як вам здаецца, калі і пры якой умове ў Беларусі могуць адбыцца перамены?

ТТ: Гэта цяжка спрагназаваць. Думаю, што такія перамены могуць быць звязаныя з вайной ва Украіне, з тым, як яна скончыцца і ці падзе пуцінскі рэжым. Пытанне цяжкае і я не хачу спекуляваць, але мне здаецца, што перамены адбудуцца лягчэй, чым думае шмат беларусаў. Можа здарыцца пераварот ці нейкая ваенная аперацыя, у тым ліку з удзелам цяперашняй беларускай арміі, то-бок магчымыя розныя сцэнарыі. На маю думку, гэта ўсё здарыцца хутка. Вядома, мы пра гэта размаўляем ужо 20 гадоў, але я аптыміст.

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Літва працягвае выдаваць візы тым, каму пагражае небяспека ў Беларусі

Гісторык правёў прамую лінію на карце паміж Рыгай і Наваградкам і выявіў містычнае

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
1
Valadzimir/адказаць/
18.08.2022
Жук и Жаба, не зусім зразумеў, хто на каго смотрит, але, па майму перакананьню, без набыцьця тутэйшым насельніцтвам суб'ектнасьці і пераўтварэньня яго ў нацыю, што немагчыма без вяртаньня сваёй сапраўднай, літоўскай гісторыі, ніхто белоруссам не дапаможа - імі будуць працягваць маніпуляваць з розных бакоў і "развадзіць як лахоў", як тое адбылося ў 2010-м і ў 2020-м, і што ў непараўнальна большых маштабах і непараўнальна трагічней адбывалася і адбываецца з украінцамі.
Што да праекту "Уваскрэшаньне Літвы", то незалежна ад таго, доўгая гэта песьня, ці не доўгая, яе, на маю думку, беларусам трэба ужо пачынаць, калі яны не хочуць зьнікнуць у жорсткім непрадказальным глабальным "замесе", які ўжо пачаўся. Магчыма я памыляюся, але чамусьці ёсьць прадчуваньне, што гэтая "песьня" - выхад на сусьветную арэну новай, але з вельмі глыбокімі каранямі, усходнееўрапейскай агрэсіўна-нейтральнай нацыі з імперскімі амбіцыямі, - можа атрымацца такой нечакана імклівай і рэзананснай, што яна хутка зьмяшае ўсе карты і сцэнары.
І рэалізацыі гэтага праекту ўжо фактычна пакладзены пачатак знаходкай у Хлебнікаўскім сьпісе Іпатьеўскага летапісу запісу "друзии Лютичи Литва" (https://www.youtube.com/watch?v=nA3v1kHyGD8), які "на корню" абвяргае міфічную "балцкую" "тэорыю" паходжаньня літвы, і сьведчыць аб тым, што літва - гэта ўсходнеславянскі народ, непасрэдныя нашчадкі ваяўнічых заходніх славянаў люцічаў.
0
баж и куж/адказаць/
19.08.2022
Жук и Жаба, мде? а вы тады у этым децким мультике 1974 г.н. хто? зеус?
19.08.2022
Valadzimir, вам нужен экзорцист. Не иначе.
Паказаць усе каментары
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера