Параўналі, колькі паліва можна купіць на сярэдні заробак у Беларусі ды іншых краінах
За першае паўгодзе 2022 года паліва ў Беларусі падаражэла на 15%, а ў сярэднім заробку беларуса стала на 79 літраў меней бензіну. Аналітыкі Picode правялі новае даследаванне, прысвечанае цэнам на бензін у Еўропе і свеце. Яны параўналі кошт на паліва за першыя шэсць месяцаў 2022 года.
Паводле разлікаў Picode, са студзеня па чэрвень 2022 года паліва ў Беларусі падаражэла на 15% (з 2,1 рубля да 2,42 рубля за літр).
Пакупніцкая здольнасць сярэднестатыстычнага беларускага заробку знізілася. У чэрвені, паводле падлікаў Picode, беларус на сярэднестатыстычны заробак мог купіць 558 літраў бензіну, у студзені — 637 літраў.
У першым паўгоддзі 2022 года большасць краін зафіксавала рэкордны рост коштаў на бензін.
Антылідарам стала Турцыя, дзе бензін падаражэў у два разы.
Рэзкае павышэнне цэн адчулі аўтамабілісты Украіны (на 63,3%), Малдовы (на 53%) і Літвы (на 43,9%).
Казахстан стаў адзінай краінай у Еўропе і СНД, дзе бензін крыху патаннеў (-0,7%). Там, дарэчы, самы танны бензін у Еўропе (глядзі інфаграфіку).
У пераліку на даляры бензін у Беларусі — адзін з самых танных у Еўропе — 42-е месца з 43 абраных краін і 0,71$ за літр.
Даражэй за ўсё запраўляцца аўтамабілістам Нарвегіі (2,71 $/літр), Фінляндыі (2,67 $/літр) і Даніі (2,62 $/літр).
Але нягледзячы на гэта, сярэднестатыстычны нарвежац можа дазволіць сабе 1416 л бензіну, фін — 1010 літраў, датчанін — 1502.
Літовец можа дазволіць сабе менш паліва, чым беларус, — 530 л, а паляк ужо больш — 598 л.
З метадалогіяй падлікаў можна азнаёміцца тут.





