Знайсці
14.05.2022 / 22:25РусŁacБел

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры абласных цэнтраў? Інтэр'ер некаторых вас уразіць

На мінулым тыдні «Наша Ніва» рабіла агляд самых дарагіх кватэр сталіцы. Агулам у Мінску прадаецца больш за 20 кватэр коштам вышэй за мільён даляраў. Гэтым разам мы вывучылі самыя дарагія прапановы ў абласных цэнтрах.

Брэст. Элітны раён у паркавай зоне

Самая дарагая кватэра ў Брэсце выстаўлена на продаж за 360 тысяч даляраў. Гэтак гаспадары ацэньваюць 5-пакаёвую кватэру ў цэнтры горада ў доме 1954 года пабудовы. Аб’ект чымсьці нагадвае сучасныя таўнхаўсы. Бо апроч самой кватэры вы атрымоўваеце кавалак агароджанага ўчастка з зонай адпачынку і гаражом. З 228,2 м² агульнай плошчы жылой толькі 70,7 м². 

Кватэра трохузроўневая. На цокальным паверсе месціцца саўна, санвузел, пакой для адпачынку, пральны і гаспадарчыя пакоі. На першым паверсе тры пакоі з частковым рамонтам, на мансардзе — кухня-гасцёўня і дзве спальні. 

«Элітны раён у паркавай зоне. Магчымы вывад у нежылы фонд з перапрафіляваннем пад камерцыйную нерухомасць», — напісана ў аб’яве. 

Нягледзячы на высокі кошт, інтэр’еры кватэры наўрад ці змогуць кагосьці ўразіць. Некаторыя памяшканні выглядаюць так, што ў іх без праблем можна здымаць фільмы пра жыццё наменклатуры СССР. 

Высокая цана абумоўлена не наяўнасцю дызайнерскага рамонту і дарагога абсталявання, а размяшчэннем кватэры і плюшкамі ў выглядзе раскошнага сада і гаража. 

Другая і трэцяя па дарагоўлі кватэры Брэста прадаюцца ў новабудоўлі па вуліцы Леванеўскага, што побач з цэнтральным паркам, у квартале, забудаваным у 1920—1930-я пад патрэбы эліты ў часе, калі горад быў ваяводскім цэнтрам міжваеннай Польшчы. 

Цана 4-пакаёўкі з агульнай плошчай 220,4 м² складае 335 000 $, кватэра плошчай 212,9 м² каштуе 324 000 $. За гэтыя грошы вы атрымліваеце памяшканні з голымі сценамі.

Агулам у Брэсце прадаецца 10 кватэр, цэны на якія перавышаюць адзнаку 200 тысяч даляраў.

Віцебск. «Гіпермаркет у пешай дасяжнасці»

У Віцебску найдаражэйшая кватэра прадаецца за 197 000 $.

«Прасторная кватэра з прыемным рамонтам у скандынаўскім стылі ў самым цэнтры горада на беразе Заходняй Дзвіны. Дом маналітны, цёплы, 2011 года пабудовы. Выдатны панарамны від на раку і Тры штыхі з усіх вокнаў. Незвычайнае (але законнае) перапланаванне», — апісваюць сваю «трошку» гаспадары.

Плошча — 71 м². Уласнікі абяцаюць часткова пакінуць мэблю і тэхніку новым гаспадарам.

Сярод іншых пераваг, на якія ўказвае прадавец, — гіпермаркет і кавярня ў пешай дасяжнасці. 

На другім месцы па дарагоўлі ў Віцебску знаходзяцца адразу тры кватэры. Усе яны ацэнены ў 130 тысяч даляраў. Адна з іх — самая прасторная — мае агульную плошчу 139,2 м² і жылую — 112,4 м². Кватэра двухпавярховая, месціцца на вуліцы Савецкай. 

«Нестандартная двухузроўневая кватэра ў Віцебску з камінам. Шэсць жылых пакояў, кухня-гасцёўня 32 «квадраты», два санвузлы», — гаворыцца ў апісанні.

Гомель. «Пасажырскі ліфт, у парадным заўсёды чыста»

Самая дарагая кватэра ў другім па насельніцтве горадзе Беларусі прадаецца за 250 тысяч даляраў. Столькі просяць за двухузроўневую кватэру ў доме 1996 года пабудовы з кансьержам. Агульная плошча чатырохпакаёўкі — 141,7 м². 

«Шыкоўная кватэра з відам на лесапаркавую зону ў ціхім і камфартабельным раёне. Маецца кансьерж, пасажырскі ліфт, у парадным заўсёды чыста. Дзве лоджыі, абабітыя вагонкай, на кожнай ёсць кладоўка. У кватэры маюцца два туалеты, душ, прасторны ванны пакой, дзе вы зможаце расслабіцца пасля працоўнага дня», — вабіць аб'ява.

Інтэр'ер самай дарагой кватэры Гомеля дапаможа вам апынуцца ў атмасферы заможных кватэр 1990-х гадоў. 

Другая па дарагоўлі кватэра ў Гомелі прадаецца за 170 тысяч даляраў. Столькі просяць за трохпакаёўку ў цэнтры.

«Кватэра для VIP. Дом размешчаны ў гістарычным цэнтры горада. Ціхае і спакойнае месца для камфортнага пражывання. Побач знаходзіцца фізкультурна-аздараўленчы комплекс, крамы, рэстараны, прыпынкі грамадскага транспарту, дзіцячы сад, школы», — апісваюць жыллё.

Кватэра выстаўлена з італьянскай мэбляй прэміум-класа.

Агулам у Гомелі прадаецца 15 кватэр з цаной ад 100 тысяч даляраў і вышэй.

Гродна. Кватэра з відам на Стары горад

Самая дарагая кватэра ў Гродне ацэнена ў 216 500 даляраў. Столькі просяць за 5-пакаёвую кватэру ў новабудоўлі. Дом месціцца на правым беразе Нёмана ў непасрэднай блізкасці ад «Макдональдса» і абласной філармоніі. 

«Унікальная двухузроўневая 5-пакаёвая кватэра з відам на стары горад у прыгожым «разумным» доме», — гаворыцца ў апісанні. Агульная плошча 156,93 м², жылая — 100 м². Дом пабудаваны сёлета, за гэтыя грошы ўласнік атрымлівае кватэру без унутранай аддзелкі.

Другая па цане кватэра ў Гродне прадаецца за 199 тысяч даляраў. У такую суму ацанілі трохпакаёку, якая месціцца ў элітным доме насупраць аўтавакзала. 

Агульная плошча 144,1 м², жылая — 108 м².

«Эксклюзіўная кватэра з добрым дызайнерскім рамонтам, у цэнтры горада», — гаворыцца ў апісанні.

Усяго ў Гродне прадаецца звыш 20 кватэр коштам ад 100 тысяч даляраў.

Магілёў. Найлепшы пентхаўс горада

Самая дарагая кватэра ў Магілеве каштуе 299 тысяч даляраў. У такія грошы ацэньваюць пентхаўс у цэнтры горада. 

Пяціпакаёвая кватэра месціцца на 22-паверсе. З тэрасы адкрываецца прыгожы від на горад і раку Дубравенка. Агульная плошча 279 м², жылая — 151 м².

«Прадаецца адзін з найлепшых пентхаўсаў горада Магілева. Рамонт выкананы высакаякаснымі матэрыяламі, што дазваляе заехаць і жыць без дадатковых укладанняў. Сярод шуму штодзённасці і пастаяннай актыўнасці жыцця вы будзеце мець прастору без лішніх дэталяў, поўную прыгажосці і святла», — нахвальваюць у апісанні.

Апартаменты прадаюцца разам з мэбляй і бытавой тэхнікай.

Другая па дарагоўлі кватэра ў Магілеве прадаецца за 190 тысяч даляраў. Агульная плошча кватэры 172 м².

«Элітная двухпавярховая (5, 6 паверх) кватэра ў цэнтры горада з дызайнерскім рамонтам, дарагой мэбляй і італьянскай пліткай. Дом з кансьержам, спакойны ціхі двор», — гаворыцца ў апісанні.

Агулам у Магілеве прадаецца больш за 20 кватэр коштам ад 100 тысяч даляраў.

Чытайце таксама: 

Колькі каштуюць і як выглядаюць самыя дарагія кватэры Мінска

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера