Знайсці
25.03.2022 / 20:26РусŁacБел

Фарміруюцца дзве беларускія ўзброеныя групы, якія бачаць сваёй мэтай вызваленне краіны 

Ва Украіне дзейнічаюць ці знаходзяцца ў працэсе ўтварэння чатыры беларускія ўзброеныя групы. Прынамсі дзве з іх бачаць сваёй канчатковай мэтай вызваленне Беларусі. Працэс фарміравання адной з іх шырока асвятляецца — гэта батальён імя Каліноўскага, на чале якога былыя байцы палка «Азоў». Самая ж значная структура фарміруецца непублічна беларускімі афіцэрамі, якія пакінулі краіну ў выніку рэпрэсій.

Байцы на пазіцыі ў Ірпені пад Кіевам. Фота: AP / Vadim Ghirda

Лукашэнкаўцы выціснулі за мяжу дзясяткі тысяч сваіх палітычных праціўнікаў, спадзеючыся такім чынам аднавіць кантроль над грамадствам і спыніць пратэсты ўнутры краіны. Такім чынам за мяжою апынулася маса пакрыўджаных сістэмай людзей, гатовых аб’ядноўвацца. 

Як стала вядома «Нашай Ніве», на сёння існуюць як мінімум чатыры баявыя групы беларусаў, якія ўжо ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях на баку Украіны ці знаходзяцца ў стадыі фарміравання.

Частка іх праходзіць навучанне ў вучэбных цэнтрах, арганізаваных па стандартах НАТА. Вельмі імаверна, што прынамсі адно падраздзяленне атрымае ўзбраенне, недаступнае лукашэнкаўскай арміі. 

Самае распіяранае падраздзяленне — гэта батальён імя Кастуся Каліноўскага. Але з ім ёсць нюансы. 

Кіраўніцтва батальёна — гэта беларусы, якія прайшлі школу ўкраінскага палка «Азоў», вядомага сваёй эфектыўнасцю на полі бою, але які мае і неадназначную рэпутацыю. 

На днях некалькі ўзводаў батальёна Каліноўскага здалі зброю Нацыянальнай гвардыі, у якую ўваходзіць «Азоў», каб перайсці ў падпарадкаванне Узброеных сіл Украіны (украінская абрэвіятура — ЗСУ). Імаверна, тое самае зробіць рэшта батальёна.

«З ЗСУ ты падпісваеш кантракт, атрымліваеш гарантыі на выпадак ранення ці смерці, выплаты як вайсковец, лепшую зброю і гэтак далей», — кажа нам адзін з беларусаў. 

Пытанне аб пераводзе каліноўцаў у ЗСУ рубам паставілі ўкраінскія спецслужбы. Трыгерам, па словах нашага суразмоўцы, стала заява каліноўцаў аб намеры батальёна ўдзельнічаць у прарыве блакады Марыупаля. 

«А хто паслаў іх у Марыупаль? Тэрытарыяльная абарона Кіева — у Марыупаль? Хто прыняў гэтае рашэнне? Гэта было ўспрынята як праява атаманшчыны, якую ўкраінскае камандаванне імкнецца выкараніць», — тлумачаць «Нашай Ніве» абазнаныя крыніцы. 

Такія патрабаванні выстаўляюцца і іншым, небеларускім добраахвотніцкім фарміраванням, якія ўзніклі ў напружаныя моманты першых тыдняў вайны і сталі адзінкамі без яснай прыналежнасці.

Меншае па колькасці фарміраванне беларусаў сабранае «азоўцам» Сяргеем «Малютам» Караткіх, чалавекам са складаным мінулым і рэпутацыяй.

У яго складзе ёсць беларускія футбольныя фанаты. Яны базуюцца ў Кіеве і ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях. 

Яшчэ адна група беларусаў служыць у тэрытарыяльнай абароне Адэсы — некалькі дзясяткаў. 

Самай жа значнай групоўкай беларусаў можа стаць батальён, які цяпер фарміруецца і касцяк якога складаюць былыя байцы сілаў спецыяльных аперацый Беларусі. Падпарадкоўвацца ён мае інтэрнацыянальнаму легіёну ў складзе Узброеных сілаў Украіны. Публічнай інфармацыі пра яго пакуль няма.

Гэтыя людзі праходзяць спецыяльную падрыхтоўку і маюць добрае ўзбраенне — нават стралковая зброя ў іх 5,56 мм, а не 5,45 мм. 

Ёсць падставы меркаваць, што гэтае падраздзяленне атрымае сучасную зброю, якая ёсць ва ўкраінскай арміі і якая «не снілася вайскоўцам у Беларусі», кажа наш суразмоўца. 

Украінскія вайскоўцы цяпер зарабляюць прыкладна 45 — 60 тысяч грывень (1,5 — 2 тысячы даляраў) за месяц. Байцы-добраахвотнікі маюць таксама падтрымку ад фондаў салідарнасці. Падчас службы ў зоне баявых дзеянняў вайскоўцы атрымліваюць яшчэ даплату ў памеры прыкладна 100 тысяч грывень (3100 даляраў) за месяц.

Адбор байцоў ў вялікія фарміраванні адбываецца ў цэнтрах, якія базуюцца ў краінах НАТА. Колькасць ахвотнікаў вялікая.

Байцы, якія далучаюцца да беларускіх груп, маюць намер дапамагчы ўкраінцам у адбіцці імперыялістычнай агрэсіі Расіі, але ў размовах з карэспандэнтам «Нашай Нівы» не хавалі сваёй канчатковай мэты — «вызваліць Беларусь ад прамаскоўскай дыктатуры і вярнуць у родную краіну законнасць», так сфармуляваў адзін з іх. 

Мужчына пераходзіць мяжу з Польшчы ва Украіну, каб ваяваць. Фота: AP / Markus Schreiber

Украіна да 2022 года трымалася тактыкі максімальнай стрыманасці адносна рэжыму Аляксандра Лукашэнкі. Кіеў устрымліваўся ад любой дапамогі беларускай апазіцыі, не запрашаў Святланы Ціханоўскай. Аднак пасля таго як Беларусь прадаставіла сваю тэрыторыю і аэрадромы для нападу Расіі на Украіну, а беларускія сілавікі пачалі выконваць тылавыя функцыі для забеспячэння агрэсіі, Украіне больш няма чаго губляць. Беларусы замежжа схапіліся за сітуацыю як за шанец стварыць уласныя ўзброеныя фарміраванні — тое, чаго беларусам фатальна бракавала ў крытычныя моманты ХХ стагоддзя.

«Гэта будзе армія, якая пазней вызваліць Беларусь, — не хавае сваіх надзей былы амапавец Павел Кулажанка, які таксама стаў добраахвотнікам, — Для мяне як для беларуса гэта гістарычны шанец. І калі мы яго прапусцім, то невядома, калі ён настане зноў. Украіна — гэта адзіная краіна свету, якая дае пляцоўку для фарміравання ў будучыні беларускага вызвольнага войска».

«Наша Ніва» аднаўляе збор данатаў — падтрымаць проста

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
32
Панылы сорам
1
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930