Знайсці
22.03.2022 / 14:25РусŁacБел

«Гэта будзе армія, якая пазней вызваліць Беларусь». Былы беларускі амапавец далучыўся да батальёна Каліноўскага

Павел Кулажанка, чалавек з неадназначнай рэпутацыяй, тыдзень таму зрабіў адназначны выбар. Ëн прыехаў ва Украіну, каб ваяваць на яе баку супраць расійскай арміі.

Павел Кулажанка — асоба з неадназначнай рэпутацыяй. Ён належыць да руху «Супраціў», які ўзнік пасля выбараў 2020 года. У Беларусі Павел жыў да 2011-га, служыў ва ўнутраных войсках і АМАПе. Цяпер ён зрабіў адназначны выбар — паехаў добраахвотнікам ва Украіну. Мужчына перакананы, што беларускі батальён Каліноўскага стане войскам, якое ў будучыні вызваліць Беларусь, піша «Радыё Свабода».

Хто такі былы амапавец Павел Кулажанка, які спрабуе стаць радыкальным палітычным лідарам?

Павел расказвае, што вылецеў з ЗША на наступны дзень, як атрымаў візу. Пасля некалькіх дзён у Варшаве, дзе месціцца Цэнтр беларускіх добраахвотнікаў, трапіў у Кіеў.

«Гэта час выбару для ўсіх нас. Калі ён наступае, то трэба вызначацца — хто вы. Я разумею, што без свабоднай Украіны не будзе і свабоды ў Беларусі. Для мяне як для беларуса гэта гістарычны шанец. І калі мы яго прапусцім, то невядома, калі ён настане зноў. Украіна — гэта адзіная краіна свету, якая дае пляцоўку для фармавання ў будучыні беларускага вызвольнага войска, якое фармуецца на базе батальёна Кастуся Каліноўскага», — кажа Павел Кулажанка.

Першай задачай беларускіх добраахвотнікаў ён называе вызваленне Украіны ад расійскіх захопнікаў, але канцавым прыпынкам для беларусаў з батальёна ён называе Беларусь і «знос лукашысцкага рэжыму».

«Апошняя апора Лукашэнкі — сілавікі. Калі ён пашле іх ва Украіну, а адсюль пойдуць назад труны, то ён страціць і гэтую апошнюю апору. Яны ўжо бачылі, што тут робяць з расійскімі акупантамі, з імі тут зробяць тое самае», — кажа Павал.

Паводле Кулажанкі, батальён Каліноўскага валодае ўсёй інфармацыяй пра тое, якія войскі сканцэнтраваныя па той бок беларускай мяжы, якая ў іх зброя і адзінкі бранятэхнікі.

«Калі яны захочуць сюды прыйсці з нядобрымі намерамі, то іх чакае шквальны агонь і «Байрактары» (турэцкія беспілотнікі), і яны ўсе будуць знішчаныя», — кажа Павел.

На сёння ў батальёне Кастуся Каліноўскага, паводле Паўла Кулажанкі, больш за сотню байцоў. На наступным тыдні чакаецца прыбыццё чарговай групы.

«Ужо ёсць палітычнае рашэнне наконт пашырэння нашага фармавання. Прабіваем уласную базу для трэніровак. Да нас тут вельмі добрае стаўленне, памятаюць ранейшы досвед з беларусамі», — кажа Павал.

«У нас моцны калектыў, які стварае штаб камандавання батальёна. Калектыў добра асэнсоўвае свае мэты, у тым ліку канчатковую, і робіць усё, каб гэтае фармаванне пашырылася. Мы робім усё для канцэнтрацыі рэсурсаў у адным месцы».

Беларусы на ўкраінскім баку ўдзельнічаюць сёння ў розных фармаваннях, але батальён Каліноўскага — найбуйнейшы.

Байцы батальёна ўжо ўдзельнічалі ў баявых аперацыях. І сёння дзве чарговыя групы выйшлі на баявое заданне. 

Клас
1
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930