Знайсці
20.03.2022 / 10:33РусŁacБел

Баец, медык, фонд Żyvi, FreeShop Partyzanka… Вялікі рэпартаж пра беларусаў, якія дапамагаюць Украіне

За мяжой за 2020—2021гады з'явілася цэлая сетка дапамогі суайчыннікам. І цяпер усе гэтыя ініцыятывы і сотні беларусаў выкарыстоўваюць свой досвед, каб дапамагаць Украіне. Ідуць ваяваць як добраахвотнікі, едуць на фронт як медыкі, суткамі валанцёраць на мяжы. Збіраюць і адпраўляюць тоны гуманітаркі, шукаюць жытло і вучаць маленькіх украінцаў. Пачытайце гэтыя гісторыі.

Алена Маркевіч, каардынатарка склада гуманітарнай дапамогі FreeShop Partyzanka

«Цяпер больш небяспечна жыць у «мірнай» Беларусі, чым ваяваць тут». Беларускія добраахвотнікі ва Украіне

Пагутарыць з добраахвотнікамі не так проста: шмат хто захоўвае ананімнасць, каб зберагчы ад пераследу родных, якія засталіся ў Беларусі. «Я Дуб, беларускі добраахвотнік», — расказвае пра сябе чалавек, які цяпер у Кіеве. Яму каля 40 гадоў, апошнія чатыры месяцы ён жыў ва Украіне.

«У свой час працаваў у Беларусі на прадпрыемстве, але праз сваю пазіцыю быў звольнены, зазнаў пераслед, быў вымушаны з’ехаць і знайшоў прытулак ва Украіне. Палюбіў гэтую краіну, народ украінскі і вырашыў, што мой абавязак — бараніць гэты гасцінны цудоўны народ так, як і народ беларускі, бо мы разам сутыкнуліся з адным вялікім злом. У нас адзін вораг». 

Дуб — удзельнік беларускай ваенна-патрыятычнай арганізацыі «Белы Легіён». Як толькі пачалася вайна, «легіянеры» вырашылі, што не змогуць быць убаку. У выніку яны далучыліся да батальёна тэраабароны «Азоў». Гэта падраздзяленне ў складзе Нацгвардыі Украіны, якое цяпер удзельнічае ў абароне Кіева. Цяпер у ім ёсць беларускі батальён.

Беларускія добраахвотнікі на трэніроўцы, Кіеў

«У нас тут шмат беларусаў, якія былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі праз палітычны ціск. Прыкладны ўзрост — ад 20 і да 50. Ёсць хлопцы, якія маюць баявы досвед, хлопцы са студэнцкага варушняку».

У «Азове», кажа Дуб, беларусы не сутыкаліся з негатыўным стаўленнем праз пашпарт. Але ёсць некаторыя атрады тэрытарыяльнай абароны, якія падазрона глядзяць на беларусаў.

«Калі б Еўропа і ўвесь свет больш жорстка рэагавалі на сітуацыю ў 2020 годзе ў Беларусі, а не выказвалі бясконцую заклапочанасць, то сітуацыі 2022 магло б і не быць. Зло трэба спыняць адразу. Пакуль яно не ўмацавалася і не адчула ўсёдазволенасць.

Цяпер больш небяспечна жыць у «мірнай» Беларусі, чым ваяваць тут. Прынамсі, тут я маю зброю і магчымасць на роўных супрацьстаяць ворагу». 

Пакуль што беларуская рота чакае баявыя задачы і трэніруецца: спецдысцыпліны, стрэльбы, валоданне высокатэхналагічнай зброяй (Javelin, NLAW, дроны). Паралельна добраахвотнікам дастаўляюць дадатковую амуніцыю.

«Цяпер ёсць праблема па турнікетах (жгутах) па медыцыне, каб забяспечыць дапамогу людзям, калі патрапяць пад абстрэл. Яшчэ прыборы начнога бачання і цеплавізары няблага было б мець з баявога. Усяго патроху падвозяць. Нашы беларускія валанцёры вельмі добра працуюць, забяспечваюць і нас, і ўкраінцаў рыштункам».

Актывіст Зміцер Завадскі — адзін з тых, хто акурат і збірае добраахвотнікаў. У 2021 годзе праз пагрозу арышту ён з'ехаў у Кіеў, а потым у Нямеччыну, адкуль цяпер каардынуе забеспячэнне беларусаў на перадавой. Забеспячэнне — гэта бронекамізэлькі з пласцінамі высокага класу, каскі, рамяні, накаленнікі, заплечнікі, цеплавізары, «начнікі», рацыі.

«Калі пачалася вайна, сталі адгукацца і далучацца людзі. І арганізацыі, як «Белы легіён», і асобныя валанцёры, і дыяспары. Амерыканская дыяспара беларусаў дапамагла з медыкаментамі, чэшская — з амуніцыяй. Таксама дапамог банк адной з еўрапейскіх краін, дзякуючы якому мы змаглі закупіць дэфіцытныя цяпер пласціны бронекамізэлек».

Актывісты мяркуюць, што ва Украіне цяпер каля ста беларускіх добраахвотнікаў. Але яшчэ больш за 1000 беларусаў ужо падалі заяўкі ў варшаўскі Цэнтр дапамогі добраахвотнікам і чакаюць магчымасці накіравацца на фронт.

«Ёсць затрымкі з-за ўзмоцненай верыфікацыі. Кожнага добраахвотніка правяраем і мы, беларускі бок, і ўкраінскія спецслужбы. Яшчэ адна складанасць у тым, што рэжым Лукашэнкі — саўдзельнік пуцінскага ўварвання, таму ўкраінцы дастаткова стрымана даюць магчымасць беларусам фармаваць свае падраздзяленні. Але над гэтым працуюць актывісты і ў Кіеве, і ў Варшаве, і ў іншых гарадах».

«Калі цябе навучаюць як медыка, ты не маеш права на бяздзейнасць». Кася, медык на фронце

У цэнтры Варшавы, каля ззяючага жоўтым і блакітным Палаца культуры і навукі, мы сустракаемся з Касяй (імя змененае). Ёй крыху больш за 30, яна лінгвіст. Як валанцёрка Кася паўтара года правяла ў адной з краін Блізкага Усходу ў зоне баявых дзеянняў. Там яна прайшла і медпадрыхтоўку.

Малая частка медыцынскіх запасаў, якія Кася бярэ з сабой на фронт

«Я не была на самой лініі фронту, дзе ўсё выбухае і людзі гінуць дзясяткамі, але правяла больш за паўгода ў трэніроўках, каб аказваць дапамогу. Гэта эвакуацыя параненых ва ўмовах вайны і аказанне першай дапамогі так, каб чалавек, якога павязуць у лякарню, змог туды даехаць жывым.

Гэта простыя прэвентыўныя меры: забяспечыць праходнасць дыхальных шляхоў, спыніць масіўны крывацёк, падрыхтаваць да транспарціроўкі. Напрыклад, калі ёсць падазрэнне на пералом пазваночніка, то трэба фіксаваць шыю, таму што спінны мозг адказвае ў тым ліку за дыханне і сэрцабіцце, і найменшае пашкоджанне можа каштаваць чалавеку жыцця».

Кася таксама пагадзілася паразмаўляць толькі на ўмовах канфідэнцыйнасці з-за сям'і, якая засталася ў Беларусі. Кажа, што праз удзел у вайне на баку Украіны пэўныя структуры могуць ёю зацікавіцца.

«Родныя мяне падтрымліваюць. Яны таксама супраць вайны і расійскай агрэсіі.

Сястра сказала, што здзівілася, што я не стала збірацца раней: «Вайна пачалася, а ты дагэтуль не пакуеш торбаў?» Ад мяне чакалі чагосьці такога, я шмат працавала валанцёрам.

Увогуле, гэта было хуткае рашэнне. Ты проста дапамагаеш, бо ў цябе ёсць навыкі. Калі цябе навучаюць як медыка, гэта шмат да чаго абавязвае. Ты не маеш права на бяздзейнасць».

Кася, валанцёр-медык

Сябры, знаёмыя і незнаёмыя людзі дапамаглі Касі сабраць усё, што павінна быць у медыка на фронце: прылады для інтубацыі, мяшок Амбу (прылада для часовай штучнай вентыляцыі лёгкіх), пульсаксіметры, дэкампрэсійныя іголкі, насілкі, жгуты, шыны, бінты, павязкі, пластыры, расходнікі для кропельніц, фізраствор і лекі. Хтосьці пераводзіў грошы, хтосьці закупляў патрэбнае ў іншых краінах і дасылаў. Калі мы сустрэліся, Кася якраз чакала апошнія пасылкі і рыхтавалася выязджаць (на момант публікацыі яна ўжо знаходзіцца пад Кіевам).

«Хтосьці проста прыязджае ў Львоў, запісваецца, і яго кудысьці адпраўляюць. Я еду да сваіх сяброў-валанцёраў у Кіеў. Думаю аб тым, каб дапамагаць валанцёрам, якія ўдзельнічаюць у баявых дзеяннях, і дапамагаць пацярпелым падчас сутыкненняў дабірацца да шпіталяў. Не планую працаваць у шпіталі, бо я не ўрач па адукацыі».

Цяпер Кася думае пра два месяцы валанцёрства. Хаця яшчэ тры тыдні таму планавала зусім іншае.

«Я нядаўна вярнулася з Блізкага Усходу і спадзявалася, што ў мяне будзе магчымасць адпачыць. Знайсці спакойную працу, зняць тут кватэру са сваім сабакам… Але адбылося ўсё гэта.

Унутрана я яшчэ перажываю папярэднюю вайну, якая яшчэ ідзе і дзе шмат маіх сяброў. А цяпер надыходзіць нешта новае і такое ж жудаснае. Самае дамінуючае пачуццё цяпер — жаданне ўсё гэта спыніць».

«Хацелася б выключыць тэлефон, але там людзі пад бомбамі. Яны табе пішуць і чакаюць дапамогі». Аксана, валанцёр на мяжы

У вёсцы Даўхабычаў недалёка ад мяжы Польшчы і Украіны знаходзіцца адзін з цэнтраў прыёму бежанцаў. Кожныя хвілін 15 прыязджаюць мікрааўтобусы памежнай службы, з іх выходзяць дзеці і жанчыны.

Валанцёр у салатавай камізэльцы расказвае кожнай новай групе людзей, што далей рабіць. Тут можна паесці, усё бясплатна. Тут раздаюць сім-карты. Потым аднаму чалавеку з сям'і з усімі дакументамі трэба падысці да валанцёраў за сталамі. Пакуль людзі чакаюць аўтобусы і машыны ў розныя гарады, можна крыху адпачыць, нават прылегчы. Але менавіта ў гэтым цэнтры няма магчымасці застацца на начлег.

Аксана Букіна — адна з валанцёраў. Яна даведалася пра вайну з чата ўкраінскай анлайн-школы, дзе была адміністратарам: дзеці пісалі пра абстрэл, сірэны і бацькоў, якія барыкадуюць матрацамі вокны. Аксана адразу ж пачала даведвацца ў мясцовым чаце «Беларускі ва Уроцлаве», хто чым гатовы дапамагаць: жыллём, грашыма, валанцёрствам. Людзі пачалі адгукацца дзясяткамі. Паралельна яна напісала ў сацсетках, што будзе дапамагаць з выездам і сустрэчай уцекачоў.

Аксана Букіна, валанцёр у прыгранічным цэнтры прыёму бежанцаў з Украіны

«І мы ўтрох сталі каардынаваць: высвятляць, ці выехалі людзі з Кіева, ці змаглі сесці на цягнік, ці дабраліся да Львова, на якой яны мяжы і хто гатовы ехаць іх забіраць. Гэта быў нон-стоп, ад якога разрывалася галава. Ты размаўляеш з кімсьці па тэлефоне пяць хвілін, і за гэты час у цябе ў Telegram 100-150 паведамленняў. Яны з астранамічнай хуткасцю ляцелі».

Другі каардынатар, Вікторыя размяркоўвала машыны: каму ў які лагер ехаць, каго забіраць. А Паліна шукала жыллё, пакуль чалавека везлі ва Уроцлаў.

«Мы амаль не спалі. Памятаю, ляглі гадзіны ў тры, і ўжо а шостай-сёмай пачаліся званкі і трэба было адказваць. Можа і хацелася выключыць-адпачыць, але калі ёсць канкрэтныя людзі пад бомбамі і яны табе пішуць, чакаюць ад цябе дапамогі…»

Потым Аксана і некалькі яе знаёмых беларусаў сталі валанцёрыць у цэнтрах прыёму уцекачоў. Мужчыны ўзялі адпачынак за свой кошт. Віктар прыехаў з Нямеччыны, іншыя ездзяць з Уроцлава, гэта сем-восем гадзін у дарозе. Спачатку валанцёраў-цывільных у лагеры ўцекачоў не пускалі, кажа Аксана.

«Наш Віталік першыя тры дні жыў у машыне каля пункта і дапамагаў, падказваў, знаходзіў машыны, бо тады проста выпускалі людзей з лагера: адаспаліся, паелі, памыліся, выходзілі на вуліцу — і ні мовы, нічога ў іншай краіне. Ён проста на вуліцы валанцёрыў. У выніку кіраўніцтва пунктаў убачыла гэта і дазволіла працаваць у саміх цэнтрах».

Цяпер самая вялікая праблема — шукаць людзям часовае жытло. Дарэчы, на валанцёраў выходзяць фонды і проста неабыякавыя людзі з Германіі, Італіі, Партугаліі, Іспаніі, якія таксама гатовыя даць жытло і дапамогу. Але ў больш далёкія краіны многія ехаць маральна не гатовыя.

«Ва ўкраінак у галаве няма адчування, што гэта надоўга. Думаюць, што пачакаюць, калі мужчыны перамогуць, і вернуцца. Але калі ўсё зацягнецца, пойдзе псіхалагічнае ўсведамленне, дэпрэсія.

Разуменне, што Еўропа так хутка працу вам не дасць. І мужы на фронце. І ўсім патрэбныя грошы, трэба неяк зарабляць. Стаяць гэтыя дзяўчаты маладыя, прыгожыя з маленькімі паўтара-двухгадовымі дзеткамі на руках і пытаюцца, куды паехаць лепш, каб хутка знайсці працу. І я разумею, што няма такога тут. З дзіцем хутка не знойдзеш».

Аксана цяпер таксама без працы. У Беларусі яна была саўладальніцай бізнэсу ў сферы адукацыі. У 2020 годзе яе арыштавалі на мітынгу, а потым завялі крымінальную справу за масавыя беспарадкі, але ў Аксане з сынам атрымалася з'ехаць ва Украіну.

«Я такі ж уцякач, нават на міжнародную абарону падалася. Беглі з дзіцем без рэчаў, без нічога. Мы прыехалі ў Кіеў, і нас так добра сустракалі кіяўляне: сабралі мне пасцельную бялізну-падушкі, нехта посуд, нехта адзенне. Яны проста пад крыло ўзялі. А ежы колькі прыцягнулі! Нехта сказаў калегам, нехта суседцы, і людзі пісалі-тэлефанавалі-дапамагалі».

Пераехаўшы ва Уроцлаў, Аксана разам з украінскімі распрацоўшчыкамі прыдумляла стартап, але вайна ўсё спыніла.

«Учора ўвечары быў такі эмацыйны момант. Людзей вельмі шмат, усе стомленыя, а я па звычцы ўсміхаюся. Мне кажуць: «Што вы ўсміхаецеся?» Я неяк не стрымалася, кажу, што мне таксама цяжка, я тут гэтак жа жыву на мігранцкіх правах, мы здымаем кватэры, у мяне ўвогуле цяпер няма працы, і я проста тут з вамі.

І яны так усё заціхлі, пачалі пытацца: «А як у вас, што? Божа, вам жа таксама цяжка, у вас жа жах робіцца, мы ведаем столькі вашых гісторый». Я ўвогуле не чула ад іх такога, маўляў, «а з вашай краіны танкі, з вашай краіны бомбы». Ніводзін чалавек нічога падобнага не сказаў. Як сыходзіла, нехта падбяжыць-пацалуе, нехта абдыме, скажа: «Усяго добрага, дзякуй, вы нам так дапамагаеце…».

«Бяда аб'ядноўвае вельмі моцна. Такое адчуванне, што ўвесь свет у ваенным становішчы». Валанцёры FreeShoop, беларускага склада гуманітарнай дапамогі

Варшава, раён Макотуў. Каля будынка па патрэбным нам адрасе разгружаюцца і загружаюцца машыны ўсіх памераў. Усюды налепленыя лісты-падказкі, якія вядуць на склад. Дзверы з надпісам FreeShop Partyzanka адчыненыя, ходзяць людзі з кардоннымі скрынкамі. Унутры некалькі вялізных пакояў, літаральна заваленых адзеннем, абуткам, упакоўкамі памперсаў і іншымі гуманітарнымі грузамі.

Пару дзясяткаў валанцёраў сарціруюць рэчы: курткі-сукенкі, дзіцячае-жаночае-мужчынскае. На склад увесь час заходзяць украінцы, каб узяць патрэбнае. Кіруе ўсім гэтым група з васьмі валанцёраў.

Алена Маркевіч — асноўны каардынатар. Мы размаўляем у «офісе» — невялікім памяшканні, дзе некаторыя з каманды нават начуюць проста на матрасах у спальніках.

Валанцёры сарціруюць рэчы на складзе гуманітарнай дапамогі ўкраінцам ад беларусаў FreeShop Partyzanka.

«Побач з намі ёсць будынак на 200 спальных месцаў. Туды з інфармацыйных пунктаў Варшавы прыязджаюць заначаваць людзі і прыходзяць да нас па неабходныя рэчы, у любы час. Або, напрыклад, у людзей самалёт, а ў іх няма нічога. Яны бяруць чамадан, сумкі, рэчы, каб спакойна ехаць».

Склад і нядаўна створаны для паскарэння працы фонд ŻYVI яшчэ збіраюць медыкаменты, дзіцячае харчаванне, амуніцыю для добраахвотнікаў. Усё гэта едзе па польскіх гарадах, на польска-ўкраінскую мяжу і ва Украіну — у Львоў і больш цяжкадаступныя месцы.

«Бяда аб'ядноўвае вельмі моцна. Увесь час нешта прывозяць людзі з Варшавы: украінцы, палякі, беларусы, туркі, рускія. Першыя дні людзі тэлефанавалі кожныя пару хвілін, я казала, што трэба, што не трэба. Нашы дыяспары за мяжой таксама адразу далучыліся. Людзі з іншых краін дасылаюць пасылкі, наймаюць мікрааўтобусы. Вось прыехала шэсць спрынтараў са сродкамі асабістай гігіены.

Нам тэлефануюць арганізацыі з Нямеччыны, Нарвегіі, Нідэрландаў, Грузіі — прапануюць супрацоўніцтва і дапамогу. Яны разумеюць, што гуманітарны хаос трэба арганізаваць, а мы ўжо ўмеем яго структураваць. Мы з многімі ўжо доўгі час у кантакце, яны дапамагалі вельмі моцна беларусам, а цяпер шмат новых людзей пра нас даведалася. Дамаўляемся вельмі хутка. Такое адчуванне, што ўвесь свет у ваенным становішчы».

Алена Маркевіч, каардынатарка склада гуманітарнай дапамогі FreeShop Partyzanka

У каманды FreeShop Partyzanka няма заробкаў, толькі данаты. Але для Алены гэта паўнавартасная праца апошнія паўтара года, з самага пачатку паслявыбарных пратэстаў у Беларусі. Да гэтага часу яна жыла ў Польшчы ўжо некалькі гадоў.

«Калі пачаўся пераслед беларусаў, памятаю, як мы ўсё перажывалі. Стаялі на мітынгу ў цэнтры Варшавы і не ведалі, што мы можам зрабіць. Мы толькі разумелі: будзе плынь людзей, якія прыедуць сюды, і ім трэба дапамагаць.

Увогуле, хваля міграцыі беларусаў не спынялася ўвесь гэты час. Мы бачылі, у якім стане прыязджалі беларусы. Гэта быў яскрава выражаны ПТСР. Я цяпер, калі сустракаю людзей з Украіны, лаўлю такія флэшбэкі ўвесь час».

Алена, як і некаторыя іншыя беларускія мігранты, ужо сутыкалася з папрокамі з-за ўдзелу рэжыму Лукашэнкі ў вайне.

«У мяне сёння дзяўчына з Украіны спытала: «Чаму вы, беларусы, вашы беларускія войскі так агрэсіўна да нас ставіцеся?». Я разумею яе боль, я кажу ёй: «Прабач мне, калі ласка, але не параўноўвай Беларусь і «Беларуссію». Гэта розныя паняцці».

Не паспяваю чытаць навіны. Мне распавядаюць, што ідзе нейкі хейт беларусаў. Мы не спрабуем камусьці даказаць, што мы не такія. Нават калі б Беларусь не была ніяк датычнай, мы б усё роўна гэта рабілі. У любым выпадку».

«Першая хваля салідарнасці вельмі актыўная, і гэта трэба выкарыстоўваць». Валанцёры Беларускага моладзевага хаба

Цэнтр Варшавы. Праз акно-вітрыну будынка, дзе ў 1989 годзе размяшчалася штаб-кватэра польскага аб'яднання незалежных прафсаюзаў Solidarność, відаць два сцягі: украінскі жоўта-блакітны і беларускі бела-чырвона-белы.

Тут нядаўна адкрыўся Беларускі моладзевы хаб. Гэта культурна-адукацыйная прастора і сапраўдная аддушына беларусаў, якім прыйшлося з'ехаць з дому: тут вучаць беларускую мову, рэпетуюць тэатры і хоры, бываюць канцэрты і квізы.

Яшчэ тут дапамагаюць беларусам шукаць жытло і інтэгравацца. А цяпер займаюцца трансферам і рассяленнем усіх, хто бяжыць з Украіны. Кіраўнік хаба Аляксандр Лапко расказвае, што ў першы тыдзень валанцёры літаральна жылі ў хабе і абедалі супамі хуткага прыгатавання.

Аляксандр Лапко, кіраўнік Беларускага моладзевага хаба

«Мы актывізаваліся, але не таму, што рэжым Лукашэнкі стаў агрэсарам. Украінцам у гэтай сітуацыі трэба пачынаць самаарганізоўвацца, а ў беларусаў гарызантальныя сувязі ўжо пабудаваныя. 2020 год стаў для нас годам самаарганізацыі. У Польшчы актывізаваліся ці стварыліся больш за 20 беларускіх арганізацый у розных гарадах. Мы ўсе разам цяпер і працуем.

Мы хочам, каб у людзей было менш цяжкасцяў. Каардынуем, пакуль яны едуць з мяжы: знаходзім жытло, звязваемся з людзьмі, і яны адразу едуць у кватэру. Наш рэкорд — за 40 секунд знайшлі жыллё. Мы збіраем базу тых, хто гатовы прыняць, і цяпер гэта больш за 300 кватэр, пад 1000 спальных месцаў».

Больш за 50 валанцёраў шукаюць жыллё праз чаты і сацсеткі, дамаўляюцца пра бясплатнае размяшчэнне з гатэлямі і звяртаюцца ў касцёлы. Прыхаджан просяць пакідаць свае кантакты, а парафія потым перадае іх валанцёрам.

Валанцёры шукаюць жыллё для бежанцаў з Украіны ў Беларускім моладзевым хабе

«Першая хваля салідарнасці вельмі актыўная, і гэта трэба выкарыстоўваць. Беларусы ведаюць, што праз пару тыдняў тэма пачне адыходзіць, але праблема застанецца і будзе расці».

«Дзеткі малююць сцягі Украіны. У каго ні спытай, усе хочуць дадому». Школа пры Цэнтры беларускай салідарнасці

Практычна кожныя дзверы на вуліцы Алеандруў у Варшаве цяпер упрыгожаныя ўкраінскімі сцягамі. Тут знаходзіцца Цэнтр беларускай салідарнасці, кантакты якога ёсць ва ўлётках інфармацыйных пунктаў для ўцекачоў на вакзалах.

Цяпер каля 70% людзей, якія звяртаюцца сюды па юрыдычную дапамогу і пошук часовага жылля, — украінцы. Усяго чатыры валанцёры атрымліваюць за дзень каля 150 зваротаў у сацсетках і больш за сотню тэлефанаванняў.

Год таму тут адчынілі школу для беларускіх дзяцей. Пару разоў на тыдзень яны прыходзяць на ўрокі беларускай, польскай, англійскай, малявання, лепкі з гліны, у тэатральны гурток і на заняткі па журналістыцы. І ўсё гэта бясплатна. Як толькі пачалася вайна, дырэктар школы Хэлена Родзіна зразумела, што трэба адчыняць такія ж бясплатныя групы для ўкраінскіх дзяцей.

Хэлена Родзіна, дырэктарка школы пры Цэнтры беларускай салідарнасці

«З 9 да 15 гадзін дзеткі тут займаюцца, у кожнай групе свой апякун, і ўсё гэта валанцёркі з Украіны, якія таксама выехалі са сваёй краіны з-за вайны. Прыходзяць валанцёры-настаўнікі польскай, англійскай мовы, музыкі і малявання. Таксама дзеткі тут абедаюць і ходзяць на прагулкі».

Пакуль што ў школе 25 дзяцей, тры групы. Самаму маленькаму ўкраінцу тры гады, старэйшаму — 12. Хацелі б набраць больш дзяцей, таму шукаюць памяшканні і фінансаванне.

«Я вельмі хвалявалася, калі пісала абвестку, пачытаўшы ў сацсетках, як цяпер украінцы ставяцца да беларусаў. Але 25 дзетак мы сабралі дзесьці за дзве гадзіны, і яшчэ 70 у спісе чакання. Калі забіралі дзетак пасля першага дня, маці дзякавалі нам і казалі: «Не прыдумляйце, украінцы цудоўна ставяцца да беларусаў», — і я выдыхнула з палёгкай. Спадзяемся, у бліжайшы час мы зможам адкрыць яшчэ адну-дзве групы.

Дзеці бежанцаў з Украіны на занятках у школе пры Цэнтры беларускай салідарнасці

Яшчэ на днях з украінскімі дзеткамі пачне працаваць псіхолаг. Дзеці, якія прыехалі з Беларусі пасля 2020-га, былі траўмаваныя. Першы тыдзень яны малявалі АМАП, кроў, адарваныя рукі, галовы… Гэта быў жах.

Ва ўкраінскіх дзетак сітуацыя яшчэ больш складаная. У нас ёсць хлопчык Макар, ён ходзіць па калідоры і сабе пад ногі кажа: «Пуціна ненавіджу, Пуціна ненавіджу, Пуціна ненавіджу, хачу дадому».

Маленькія дзеці ўсе малююць сцягі Украіны, хоць ніхто не казаў нічога, проста далі паперу і алоўкі. Усе такія запалоханыя. Самыя маленькія баяцца слова сказаць. У каго ні запытай, усе хочуць дадому».

Марыя Сысой

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
1
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
1
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930