Знайсці
16.03.2022 / 20:59РусŁacБел

«Я прэзідэнта чатыры гады не бачыў!» Вялікае інтэрв'ю з Шакуціным — пра яўрэяў, варварскую палітыку і вінаватых у развале прамысловасці

Аляксандр Шакуцін — кіраўнік холдынга «Амкадор», які робіць сельскагаспадарчую, будаўнічую і іншую тэхніку. Сам Шакуцін пад санкцыямі ЕС з канца 2020 года, што моцна ўдарыла і па холдынгу, бо закрыўся еўрапейскі рынак. Як вядома «Нашай Ніве», з часам «Амкадор» знайшоў шляхі абыходу санкцый праз Расію і працягнуў работу. Здаецца, толькі справы паціху пачалі наладжвацца, як тут — вайна, маштабныя санкцыі ўжо супраць Расіі. У той жа час, у сувязі з сыходам усіх еўрапейскіх канкурэнтаў з Расіі, для «Амкадора» адкрываецца вялікае акно магчымасцяў, калі яму ўдасца працягнуць выпуск тэхнікі. Каб пацікавіцца аб стане рэчаў, «Наша Ніва» пазваніла Аляксандру Шакуціну, але дыялог стаў больш філасофскім, чым эканамічным.

Аляксандр Шакуцін. Фота Сяргея Гудзіліна

— Як пажывае «Амкадор»? 

— Вы гэта са спачуваннем ці з кпінай? 

— З інтарэсам. 

— Сёння любы цвярозы чалавек не скажа, што ўсё добра. Жывём пад санкцыямі з 17 снежня 2020-га, ужо наеліся. Усіх людзей з ЕС [з сервісных цэнтраў «Амкадора». — «НН»] ужо звольнілі.

Але санкцыі маюць вельмі станоўчую ролю, якая зводзіцца да таго, што мы сёння зацята пачынаем працаваць над стварэннем уласнай элементнай базы. Мы гэтым і так займаліся апошнія гады — нібы прадчувалі.

Толькі за мінулы год мы стварылі 140 новых сваіх камплектуючых, а ў гэтым — створым 200! Працуем стабільна, мінулы год скончылі з тэмпам росту ў 173%, цяпер ужо 125%! [2020 год ААТ «Амкадор» скончыў са стратамі ў 13 мільёнаў рублёў, пасля чаго перастаў публікаваць статыстыку. — «НН»

— А новы пакет санкцый супраць Расіі і Беларусі на вас як паўплывае? 

— Нічога горш, што яны ўжо ўвялі ў 2020-м, яны не прыдумаюць. Мой прагноз такі, што ніякага падзення эканомікі не будзе, будзе толькі запавольванне росту. У нас ёсць патэнцыял. Людзі ж усё роўна працуюць, думаюць, як вырашыць сітуацыю. У нас людзі, якія прайшлі некалькі войнаў і выстаялі ў Другой сусветнай, іх немагчыма перамагчы, яны будуць змагацца да апошняга. Мы знойдзем усе рашэнні і магчымасці, каб развіваць эканоміку. Я гэта бачу па настроі людзей — а іх у мяне больш за дзевяць тысяч. Казалі, што я «кашалёк рэжыму», але ніякіх грошай не знайшлі, бо ў мяне — толькі людзі! 

— Гарантуеце, што нікога не звольніце ў перспектыве пары месяцаў? 

— Больш за тое, я яшчэ паўтары тысячы шукаю [на сайце холдынга «Амкадор» 19 вакансій. — «НН»]! Мы сёння робім усё самі, машыны на 100% з таго, што наша. Натуральна, замежныя кампаненты былі, але мы ў паскораным тэмпе ствараем альтэрнатыву. Тры-чатыры месяцы — і самі будзем рабіць. Я ж займаюся рэальнай справай — вытворчасцю. Калі яе спыніць адзін раз, потым складана запусціць. І калі нехта заклікае да санкцый — гэта неадукаваныя варвары, не беларусы. І сёння на Захадзе таксама павінны думаць пра людзей, якімі яны кіруюць, думаць пра іх духоўнае, фізічнае развіццё, аб стане здароўя нацыі, думаць пазітыўна, займацца развіццём, а не нечым іншым, не думаць пра санкцыі. Я ведаю з тых часоў, калі я быў камуністам, што ніводная забарона не прывяла ні да чаго добрага. 

— Вы думаеце, што новыя санкцыі супраць Беларусі і Расіі — несправядлівыя? 

— А як жа? Што Беларусь зрабіла міжнароднай супольнасці? Я Беларусь яшчэ ў маладыя годы праехаў уздоўж і поперак, бачыў дынамічнае развіццё Беларусі, з савецкага часу па цяперашні, мне гэта было прыемна. А любыя санкцыі запавольваюць развіццё, радасці ніякай няма. І я вось не разумею тыя нацыі, якія за кошт іншых хочуць узбагаціцца! Гэта нейкі рэкет, варварства сярэднявечнае, іначай не магу назваць. 

— «Варварства» і «ўзбагачэнне за кошт іншых» — гэта вы пра Захад? 

— Канечне! Пра Захад! 

— А паводзіны Расіі вы не лічыце варварствам? 

— Я ведаю, што зроблена Захадам у дачыненні «Амкадора», мяне асабіста, маёй краіны. Вось па гэтым меркаваць і магу. А лезці ў палітыку, у якой не разумею… там я судзіць не бяруся. Майму бацьку гестапаўцы падчас вайны выпалілі зорку, было публічнае катаванне. Сагналі ўсе вакольныя вёскі, мая маці мне казала: «Будзем есці лебяду, абы вайны не было». Вось гэта я з дзяцінства памятаю. 

— Не разумею вас: вайна ж прыйшла ўжо. Ракеты з Беларусі ляцяць, беларусы гінуць.

— Я не бачыў ракет! Не магу судзіць, куды што ляціць. Я ведаю толькі што да нас з боку ЕС ляцяць санкцыі — горш, чым ракеты! Сёння што фізічнае, што псіхалагічнае ўздзеянне на асобу — гэта вайна. Супраць нас абвешчана вайна.

Я ведаю, вы гэта зараз напішаце, і паляцяць ракеты ў мой адрас.

Хаця я цяпер суджуся з Еўрасаюзам, лічу, што гэта ўсё незаконна. Нехта напісаў артыкул у нас тут, а яны прымаюць рашэнне на падставе артыкула, гэта парушае прынцыпы закона і ЕС. Пра якую дэмакратыю тут гаворка? Прыніжэнне асобы!

Працэс вось зараз ідзе аб неправамернасці санкцый у дачыненні «Амкадора», я ўсю падшыўку гартаў — што стала прычынай і гэтак далей. Дык яны свае довады робяць на падставе трызнення, якое пішуць у прэсе! Першая публікацыя па мне — ёсць такая Калінкіна. Хачу паглядзець ёй у вочы!

Там яе артыкул, называецца «Дзе чыноўнікі — пешкі». Мяне паставілі на чале кампаніі людзей, якіх я нават не ведаў! Як такое магчыма? Потым гэта далучаецца да справы, трызненне вашае, што вы пішаце. І потым гэта — матэрыял, каб увесці супраць цябе санкцыі! Апублікуеце, зноў яны будуць мяне дзяўбсці, бо шчырасць, адкрытасць — Еўропе не трэба! 

— Дык яшчэ раз. Новыя санкцыі ў сувязі з нападам на Украіну — рэч непатрэбная, лішняя? 

— Да таго ў мяне часу не было, а тут падзеі прымусілі мяне палезці ў інтэрнэт, я адкрыў — наколькі аднабока і тэндэнцыйна падаюць інфармацыю! 

— Гэта вы на сайт БелТА зайшлі? 

— На еўрапейскія СМІ! 

— А нашы нармальна падаюць? 

— А нашы падаюць вельмі прафесійна і вельмі-вельмі правільна. 

— Вы сур’ёзна зараз? 

— Я гляджу і ўкраінскую, расійскую прэсу. У жонкі сваякі ў Марыупале, у Кіеве, пад Кіевам. Для мяне гэта неабыякава. 

— У Марыупалі есці няма чаго. 

— Тое, што Еўрапейскі Саюз робіць у дачыненні да нас — гэта таксама, каб у нас есці не было чаго, каб нашы людзі галадалі, пакутавалі.

Санкцыі ўводзяць супраць нашых жывых людзей! Знішчаюць нашу беларускую нацыю. У годы вайны кожны трэці загінуў [насамрэч, паводле савецкіх падлікаў, загінула 1,6 млн жыхароў Беларусі, або 18%. — «НН»], у 1812-м кожны трэці беларус [дакладных лічбаў няма, галоўныя страты былі ад эпідэмій, якія прынесла вайна, але гісторыкі сыходзяцца, што прычынай асаблівай трагедыі Беларусі як у той вайне, так і ў Паўночнай вайне 1700 — 1721 гадоў, і ў Першай сусветнай было тое, што Беларусь выкарыстоўвалася як тэатр ваенных дзеянняў і пры гэтым не мела ўласнай дзяржаўнасці і суб'ектнасці. — «НН»], і ў Першую сусветную колькі загінула?

Гэта ўсё зрабіла Еўропа ў дачыненні да маёй нацыі. І што я павінен казаць пасля гэтага? Гэта не генацыд беларускага народу? Вы беларус увогуле?

— Кім я магу быць, гаворачы з вамі па-беларуску і з прозвішчам Гарбацэвіч? 

— Ну! Гарбацэвіч! Усе яўрэі — Гарбацэвічы, будзеце мне расказваць, хто такі Гарбацэвіч!

Вось Шакуцін 215 год — ніводнай каплі чужой крыві, толькі беларуская кроў цячэ. Праўда, з сялян, халопаў — я высвятляў свае карані, але 100% беларус! Калі вы беларус, я думаю, вас таксама перапаўняюць пачуцці. Перапаўняюць? 

— Я маю там сваякоў, я жыў у Кіеве, канечне. 

— Вайна — гэта заўсёды кепска, як бы яна ні называлася. Ведаеце што, вы зараз размясціце, будзе столькі праблем. У мяне і так была праблема з братам [брата Шакуціна арыштоўвалі па «справе медыкаў». — «НН»], са мной, потым ЕС — усё неабгрунтавана. Я стаміўся ў жыцці змагацца з несправядлівасцю, з дзяцінства змагаюся, я вынес пад свае пенсійныя годы, што шчырасць — рэч, за якую могуць пакараць. 

— Дык вашыя праблемы вырашыліся? Забарону на выезд знялі? З маёмасці арышт знялі?

— Не, канечне. Мяне называюць «кашальком Лукашэнкі», а я не магу дробныя самыя праблемы вырашыць! За што гэтыя санкцыі? За газетныя публікацыі?

Легендарны здымак — у госці да цешчы Аляксандра Лукашэнкі прыехалі Сяргей Цяцерын, спявачка Алена Ланская, тэлевядучая Паліна Шуба і Аляксандр Шакуцін.

— Вы ж разумееце, што галоўная прычына ўвядзення санкцый — не газетныя публікацыі. Галоўная прычына санкцый — фальсіфікацыі на прэзідэнцкіх выбарах, захоп улады і масавыя рэпрэсіі. 

— Я прэзідэнта чатыры гады не бачыў! Маё стаўленне да яго — прычына? Так, яно было і застаецца цвёрдым, я падзяляю гэта, калі чалавек думае пра эканоміку, развівае. Што кепскага ў жаданні, каб зрабіць народ багатым?

І я са свечкай не стаяў. Сам я галасаваў за прэзідэнта, мае блізкія сваякі галасавалі за прэзідэнта. Што мне сказаць з гэтай нагоды?

Гэта мой пункт гледжання, які не азначае, што мяне трэба ўносіць кудысьці. Я працую, зарабляю грошы, каб нашы дзеці маглі вучыцца, паступаць ва ўніверсітэты, атрымліваць адукацыю, паступаць на дактароў…

— Каб лячыць тых, каму зламаў рэбры АМАП…

— Я плаціў падаткі, навучаў, а яны з’ехалі на Захад! А мне не крыўдна? 

— Гэта такая сафістыка, і вы, і я разумеем, што не так у вашых развагах і ў чым прычына санкцый. 

— Я не разумею, я ніколі не зразумею! Вы ведаеце, што такое вытворчасць? Гэта не бізнэс-праект, гэта сацыяльны праект. Паслухайце, калі адбылося аб’яднанне дзвюх Германій, немцы ўкінулі два трыльёны даляраў, але 50% заводаў ГДР збанкрутавала [нам не ўдалося знайсці пацверджанне гэтай лічбы, насамрэч ВУП тэрыторый былой ГДР і ўзровень жыцця насельніцтва там у аб'яднанай Германіі выраслі ў разы. — «НН»]. Нармальна гэта? Ці ненармальна? 

— Якая выснова? Нельга было дапускаць аб’яднання Германіі? 

— Я пра іншае, што заводы — гэта сацыяльны праект, гэта не бізнэс-праект. Гэта хамут, які цягнеш усё жыццё. Германія не дала рады аднавіць заводы, яны помнікамі стаяць у палях гэтыя заводы, немцы гэта ведаюць. 

— Дык а хто ж давёў Беларусь да такога стану, што і ў нас заводы хутка помнікамі стануць? 

— Я ведаю, хто давёў краіну да таго, што ёсць — гэта еўрапейцы, якія зрабілі усё, каб нас апусціць. Каб мы былі голымі, галоднымі, каб былі краінай, якая ў Еўропе купляе ўсё самае перадавое, а мы — былі рабамі ў Еўропы. Яны хочуць з нас зрабіць рабоў! Каб парабкамі працавалі на іхніх заводах, не мелі ніякай самаідэнтыфікацыі. 

— Словам, хочуць зрабіць з нас тое ж самае, што і з іншымі славянамі — чэхамі, славакамі, палякамі… 

— Я там не быў, не ведаю што яны там зрабілі. Трэба працаваць. 

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
3
Ха-ха
1
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
2
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
2728293031