Знайсці
16.03.2022 / 17:13РусŁacБел

Топ культавых антываенных стужак, каб нагадаць сабе, наколькі каштоўны мір

Цяпер, калі ў цэнтры Еўропы ідзе жахлівая, цалкам ірацыянальная вайна, увесь свет прамаўляе антываенныя лозунгі. Мы зрабілі для вас спіс моцных антываенных фільмаў, якія не толькі нагадваюць пра каштоўнасць міру, але і тлумачаць, як застацца чалавекам нават у нечалавечых умовах.

Кадр са стужкі «Ідзі і глядзі». Крыніца: kinopoisk.ru.

«На заходнім фронце без пераменаў» (1930)

Гэтую стужку знялі па кнізе неверагоднага Эрыха-Марыі Рэмарка. Нехта мо і лічыць яго пераацэненым пісьменнікам, але «На заходнім фронце…» — адзін з несумнеўных антываенных шэдэўраў.

Рэмарк, які сам служыў у кайзераўскай арміі, выкрывае вайну праз аповед пра маладога салдата Паўля Боймера і яго сяброў на франтах Першай Сусветнай.

Найлепшая ацэнка гэтай стужкі — тое, як да яе ставіліся ў нацысцкай Германіі. Прэм’еру карціны ў адным з кінатэатраў сарваў Ёзэф Гебельс пры дапамозе 200 штурмавікоў. Нацысты кінулі ў залу дымавыя шашкі і перашкодзілі правесці сеанс. Трохі пазней намаганнямі НСДАП стужка была забароненая ў Германіі.

«Ідзі і глядзі» (1985)

Мастацкі фільм рэжысёра Элема Клімава паводле сцэнарыя Алеся Адамовіча.

Падзеі адбываюцца ў 1943 годзе ў беларускай вёсцы, якую фашысты знішчаюць разам з жанчынамі і дзецьмі. Сведка трагічных падзей — беларускі хлопчык, які за два дні супрацьпартызанскай аперацыі фашыстаў ператвараецца з вясёлага падлетка ў сядога старца.

Фільм «Ідзі і глядзі» зняты да жаху рэалістычна. Праз увесь гэты гіперрэалізм карціну глядзець няпроста, але гэта — аповед пра рэальную вайну, а не гісторыі ад прапагандыстаў.

«Жыццё як цуд» (2004)

1992 год, Боснія. Галоўны герой стужкі, інжынер Лука, хутка пасля пачатку вайны ў Югаславіі страчвае сына — таго бяруць у палон. У адказ мясцовыя жыхары захопліваюць дзяўчыну-мусульманку і прапануюць Луку абмяняць яе на сына. Але з цягам часу паміж Лукай і палоннай узнікаюць пачуцці, і галоўны герой ужо не можа ад яе адмовіцца.

Кустурыца (як бы да яго цяпер ні ставіліся) нейкім чынам зрабіў сваю антываенную карціну добрай і аптымістычнай. Ён распавядае, як моцныя пачуцці ўзнікаюць і квітнеюць нават у самых страшных абставінах. Мо гэта і ёсць той цуд, які згадваецца ў назве карціны?

«Спіс Шындлера» (1993)

Дэвіз гэтай стужкі — цытата з Талмуда: «Той, хто ратуе адно жыццё, ратуе цэлы свет». Такім чалавекам аказаўся нямецкі бізнэсмен і член нацысцкай партыі Оскар Шындлер. Ён арганізаваў у Кракаве фабрыку для вытворчасці эмаліраваных тавараў і наймаў на працу яўрэяў, якія б інакш трапілі ў канцлагер і былі б знішчаныя. Такім чынам Оскар Шындлер выратаваў амаль 1200 чалавек.

Сярод узнагарод «Спіса Шындлера» — «Оскар» і багата іншых вядомых прэмій. Рэжысёр карціны Стывен Спілберг адмовіўся ад ганарару за яе, бо лічыў, што такія грошы былі б «крывавымі». Замест гэтага Спілберг уклаў прыбытак ад стужкі ў стварэнне фонду ўспамінаў тых, хто выжыў у Халакосце.

Уся гісторыя Шындлера — рэальная. У 1980 годзе пісьменнік Томас Кенілі пачуў яе ад аднаго з тых яўрэяў, якіх якраз і выратаваў Шындлер. У выніку атрымалася кніга, рэцэнзія на якую трапіла ў рукі Спілберга.

«Хірасіма, любоў мая» (1959)

Пасляваенная Японія, Хірасіма. У страшных абставінах сустракаюцца двое. Яна — французская актрыса, што збіраецца вылятаць у Парыж, але затрымалася ў Хірасіме на здымках нейкага кіно. Ён — японскі архітэктар, які пазнаёміўся з замежнай прыгажуняй у бары.

Хуткае, мімалётнае каханне ўзнікае паміж гэтымі людзьмі. Але пры гэтым як ён, так і яна трымаюць у галаве сваё мінулае. Ён памятае пра тое, як праз ядзерны ўдар не стала ні яго горада, ні яго сям'і. Яна — як страціла каханага, акупанта, якога забілі з засады, і была дужа шчаслівая, калі ядзерны ўдар па Хірасіме спыніў вайну. Але ж такое трагічнае мінулае не перашкода для моцнага кахання.

У фільме не гучаць імёны галоўных герояў. Толькі ў самым канцы яны даюць імёны адзін аднаму — назвы гарадоў, адкуль яны родам. Яна называе яго Хірасіма, ён яе — Невер.

«Суцэльнаметалічная абалонка» (1987)

Перадапошні фільм геніяльнага Стэнлі Кубрыка. Гледачу паказваюць амерыканскую базу падрыхтоўкі навабранцаў для марской пяхоты, якім давядзецца паехаць на вайну ў В'етнам. Усё, што будучыя салдаты бачаць падчас навучання, — здзекі, прыніжэнні і гвалт, накіраваныя на тое, каб забіць у іх чалавечае і выхаваць сапраўдных забойцаў. Гэта якасць, без якой курсантам будзе цяжка вытрымліваць жахі вайны (іх гледачу таксама пакажуць).

Гэты фільм не пра аптымізм і пачуцці (але ж чорны гумар там ёсць). Хутчэй, гэта гісторыя той крывавай бойні, у якую трапілі амерыканскія падлеткі. Магчыма, калі такія гісторыі добра распавядаць і аналізаваць, такіх бойняў нарэшце не стане.

Што паглядзець. Топ-6 украінскіх фільмаў розных часоў, каб лепш зразумець характар украінцаў і культуру краіны

Фільм тыдня: «Камон Камон». Кранальная чорна-белая драма з геніяльным Хаакінам Феніксам

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера