Знайсці
06.03.2022 / 19:35РусŁacБел

Што паглядзець. Топ-6 украінскіх фільмаў розных часоў, каб лепш зразумець характар украінцаў і культуру краіны

Цяпер, калі да Украіны і яе народа прыцягнутая ўвага ўсяго свету, прапануем пазнаёміцца бліжэй з украінскім кінематографам. Вось шэсць вартых увагі фільмаў. 

Кадр са стужкі Сяргея Параджанава «Цені забытых продкаў». Крыніца: realnilubny.com.ua.

«Вясёлка»

Гэта самая старая стужка ў нашай падборцы. «Вясёлку» рэжысёр Марк Данскі зняў у 1943 годзе ў Сярэдняй Азіі, куды эвакуявалі Кіеўскую кінастудыю. Сцэнарый для карціны пісалі на аснове вядомай аповесці, заснаванай на сапраўднай гісторыі партызанкі Аляксандры Дрэйман. Разам з нованароджаным сынам яна была замучаная фашыстамі, бо адмовілася паведаміць каардынаты свайго атрада.

«Вясёлка» атрымала прызнанне ва ўсім свеце. Гэтая карціна мае галоўны прыз Асацыяцыі кінакрытыкаў ЗША і Найвышэйшую прэмію газеты Daily News «За лепшы замежны фільм у амерыканскім пракаце 1944 года». 

«Вясёлка» натхняла вялікіх італьянскіх рэжысёраў — прадстаўнікоў італьянскага неарэалізму: Федэрыка Феліні, Лукіна Вісконці, Рабэрта Раселіні.

«У бой ідуць адны старыя»

Культавая стужка 1973 года, цытаты з якой, як і галоўная песня «Смуглянка», шырока разышліся. «У бой ідуць адны старыя» — пранізлівая гісторыя пра эскадрыллю лётчыкаў, дзе вопытныя пілоты, так званыя «старыя», вучаць навабранцаў правілам жыцця, смерці і кахання. А калі цяжка, падымаюць сабе настрой баявымі песнямі.

Карціну здымалі на Кіеўскай кінастудыі. Леаніду Быкаву, рэжысёру і выканаўцу галоўнай ролі, стужка дала магчымасць рэалізаваць дзіцячую мару і навучыцца кіраваць самалётам.

Сцэнарый фільма шмат у чым заснаваны на рэальных падзеях: падчас вайны ў Чырвонай арміі насамрэч існавала «пяючая» эскадрылля, а гісторыя кахання герояў стужкі бярэ пачатак ад сапраўднай гісторыі двух герояў Савецкага саюза.

«Цені забытых продкаў»

«Цені забытых продкаў» зняў Сяргей Параджанаў у 1965 годзе паводле аповесці ўкраінскага пісьменніка, які ствараў у канцы ХІХ — пачатку ХХ стагоддзяў, Міхайлы Кацюбінскага.

Гэта гісторыя пра два гуцульскія роды, што даўно варожа ставяцца адзін да аднаго. У такіх абставінах нараджаецца каханне Івана і Марычкі, што паходзяць з гэтых варожых родаў, але ж век Марычкі нядоўгі.

Перад намі — гісторыя ўкраінскіх Рамэа і Джульеты, а таксама і гімн культуры Заходняй Украіны.

«Кібаргі»

2014 год, баявыя дзеянні паміж узброенымі фармаваннямі ДНР і ўкраінскай арміяй, тэрыторыя Данецкага аэрапорта. Вось месца і час, пра якія расказвае стужка «Кібаргі» (2017), — адзін з самых супярэчлівых украінскіх фільмаў апошняга часу. Ён прысвечаны гісторыі двухтыднёвага баявога дзяжурства ўкраінскіх вайскоўцаў у пашкоджаным будынку Данецкага аэрапорта (усё супрацьстаянне на яго тэрыторыі заняло шмат месяцаў).

Стужка сабрала ва Украіне рэкордную касу — больш за 8 мільёнаў грыўняў, паўмільёна з якіх стваральнікі «Кібаргаў» паабяцалі пералічыць на карысць украінскай арміі.

Водгукі крытыкаў на фільм былі розныя, але ж карціна дакладна аказалася для ўкраінцаў вельмі актуальнай. Цяпер здаецца, яна яшчэ больш важная.

«Захар Беркут»

Гэта сумесная ўкраінска-амерыканская стужка 2019 года, яе слоган — «У волі мая сутнасць». Як і мінулы фільм у нашай падборцы, «Захар Беркут» — гісторыя пра баявое супрацьстаянне, толькі ў гэты раз падзеі разварочваюцца ў 1241 годзе падчас мангольскага нашэсця. Суполка паляўнічых з Карпат абараняе мясцовыя паселішчы ад мангольскага хана, які жадае іх знішчыць.

Сцэнарый да «Захара Беркута» напісаны на аснове аднайменнай аповесці ўкраінскага класіка Івана Франко. Саўндтрэк да фільма стваралі яшчэ адны класікі, толькі сучасныя — украінскі гурт «Океан Ельзи».

«Мае думкі ціхія»

Скончым падборку стужкай пра мір. «Мае думкі ціхія» — трагікамедыя 2019 года з нешаблонным гумарам.

«Думкі» — гісторыя пра вечныя каштоўнасці, праблему бацькоў і дзяцей. У яе цэнтры — украінец Вадзім, якога маці не пускае на працу ў Канаду, але ж ён вельмі жадае эміграваць. 

Перажыванні, эмоцыі, думкі Вадзіма і яго маці — тое, што разумеюць ва ўсіх краінах і сем’ях, якія бачылі вялікія хвалі эміграцыі, то-бок і ў Беларусі таксама.

Гэта глыбокая камедыя, якая пакідае ў сэрцы смутак і дае глебу для разваг. 

Што паглядзець. «Мюнхен: на мяжы вайны» — шпіёнскі трылер пра Мюнхенскую змову, які пакідае адчуванне дэжавю

Фільм тыдня: «Лулу і Брыгз». Светлая гісторыя пра тое, як чалавек і сабака змянілі адзін аднаго

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
сакавіккрасавікмай
ПНАЎСРЧЦПТСБНД
1234567
891011121314
15161718192021
22232425262728
2930