Знайсці
17.02.2022 / 14:32РусŁacБел

Былая журналістка «СБ», якую падазраюць у зліве інфармацыі з BYSOL, атрымала стыпендыю для рэпрэсаваных у Германіі

Святлана Галуза — персона нон-грата ў колах беларускай журналістыкі пасля таго, як быў арыштаваны медыяменеджар Андрэй Аляксандраў. Цяпер пад выглядам рэпрэсаванага журналіста яна атрымала ў Германіі прытулак і стыпендыю.

Праграма «Еўрапейскага цэнтра свабоды медыя і прэсы» (ECPMF) па падтрымцы журналістаў, якія церпяць за сваю прафесію, абвясціла пра магчымасць падтрымкі для беларускіх журналістаў.

Гэтая праграма дае «бяспечнае месца для працягу расследаванняў і публікацый, адпачынку і аднаўлення», «свабодныя ад аплаты апартаменты ў Лейпцыгу», «месячную стыпендыю 1000 еўра», «страхоўку жыцця і кансультацыі псіхолага» і гэтак далей. Сярод умоваў удзелу — даказаная пагроза журналісцкай дзейнасці. 

Нечакана высветлілася, што праверку нямецкага фонду прайшла Святлана Галуза. Яна атрымала магчымасць жыць у Лейпцыгу на стыпендыю. Гэта стала вядома пасля таго, як на сайце ініцыятывы з'явіўся матэрыял з пералікам палітвязняў беларускай медыясферы за яе аўтарствам.

Святлана Галуза — гэта не асабліва вядомая журналістка «Советской Белоруссии». У 2020 годзе яна выехала ў Літву і ўладкавалася асабістай асістэнткай да Андрэя Стрыжака, кіраўніка Фонду салідарнасці BySol.

Стрыжак даверыў ёй кіраванне, у тым ліку прыватным акаўнтам у Тэлеграме, пад якім ён знаходзіўся ў рознага кшталту закрытых чатах. 

У далейшым да спецслужбаў трапілі скрыншоты з гэтага чата (на той момант Раман Пратасевіч яшчэ не быў затрыманы). У тым «кампрамаце» фігуравалі блогер Эдуард Пальчыс, былы следчы Яўген Юшкевіч, палітычны аналітык Арцём Шрайбман і гэтак далей. У фондзе сцвярджаюць, што фотаздымкі зрабіла Галуза. 

«Вельмі дзіўна цяпер чытаць тэкст яе аўтарства пра пакуты Андрэя Аляксандрава, якому прыпісваецца «фінансаванне групавых дзеянняў», — кажа Андрэй Стрыжак. — Бо я лічу, што той доступ, які ў яе быў, не выключана, і быў выкарыстаны для таго, каб яго арыштаваць.

Тое самае тычыцца гомельскіх праваабаронцаў Судаленкі і Палякова. Яна згадала пра іх на адным са стрымаў. Пасля чаго ў іх прайшлі вобшукі, і яны былі затрыманыя з абвінавачваннем у «фінансаванні пратэстаў» (гэта той артыкул, які ставіцца ў віну людзям, што дапамагалі кампенсоўваць штрафы)».

Як Стрыжак тлумачыць той факт, што нікому не вядомая, неправераная асоба з «Советской Белоруссии» атрымала доступ да яго персанальнага акаўнта і, тым самым, да канфідэнцыйных перапісак? 

«У жніўні 2020-га да нас прыходзіла шмат розных людзей: людзі з дзяржаўнага тэлебачання і газет, сілавікі і гэтак далей. Яна не вылучалася сярод іншых, усе верылі, што перамога будзе хутка, — тлумачыць Стрыжак. — Агулам працавала яна добра ў тых пытаннях, якія на яе былі ўскладзеныя». 

Не выключана, што Галуза была звязаная з Іллёй Бегуном, які прызнаны літоўскім Дэпартаментам дзяржаўнай бяспекі «непажаданай асобай у Літве». 

«Справа Бегуна застаецца самым паспяховым з вядомых выпадкаў інфільтрацыі, якія мінскаму рэжыму ўдалося выкарыстаць не толькі ў шпіёнскіх, але і ў дэзынфармацыйных мэтах», — так піша пра яго літоўская прэса. 

Бягун імкнуўся быць блізкім да работнікаў фондаў і штаба Ціханоўскай, а пасля раптоўна вярнуўся ў Беларусь, пакінуўшы ў Літве нават дакументы. 

Яму прыпісваецца збор інфармацыі і вядзенне тэлеграм-канала «Штаб Оношко», у якім дыскрэдытаваліся апазіцыйныя палітыкі. Асабліва фонды, да дзейнасці якіх ён не меў дачынення, імаверна, атрымліваючы інфармацыю ад Галузы. 

У выніку Галуза сама з'явілася на гэтым канале з відэазваротам, выліла бруд на сваіх паплечнікаў, а яе тэзісы і аўдыяпаведамленні сталі цэнтральнымі падзеямі ў шматлікіх «расследаваннях» прапаганды. 

На канале выраз «недзяржаўныя СМІ» бралі ў двукоссі і, што ў нейкім сэнсе сімвалічна, раскрывалі дэталі асабістага жыцця супрацоўніцы штаба Ціханоўскай Настассі Касцюговай, чыя маці, аналітык Валерыя Касцюгова, цяпер знаходзіцца ў зняволенні. Менавіта пра яе цяпер на нямецкім сайце кранальна піша Галуза. 

На канале, дарэчы, з'явіўся і загадкавы допіс адносна арышту актывіста Мікалая Дзядка. 

Галуза мела доступ да асабістых перапісак Стрыжака. Фота: скрыншот з канала

Пасля скандалаў Галуза перайшла да Вольгі Карач, а чым займалася да таго, як аказалася ў Лейпцыгу — невядома. 

З яе боку не гучала ні тлумачэнняў, ні прабачэнняў за датычнасць да «Штаба Аношкі».

***

«Наша Ніва» звярнулася па каментарый да самой Святланы Галузы і ў «Еўрапейскі цэнтр свабоды медыя і прэсы». Пакуль адказаў мы не атрымалі, як толькі атрымаем, адразу апублікуем.

nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера