Знайсці
21.01.2022 / 13:37РусŁacБел

Колькі грошай Расія дала Лукашэнку, пачынаючы з 2020-га? Спойлер: нашмат больш, чым вы думаеце

Афіцыйна вядома, што беларускія ўлады атрымалі ад Расіі $1,5 мільярда. Аднак гэта толькі частка, бо ў рэальнасці Расія субсідуе Беларусь не толькі жывымі грашыма, але яшчэ і ўскосна — купляючы аблігацыі, пераводзячы сродкі на будаўніцтва АЭС, якія немагчыма пракантраляваць, і, самае галоўнае — таннымі энерганосьбітамі. Калі скласці ўсе графы падтрымкі, то выходзіць адчувальная для Беларусі сума. Колькі Маскве каштавала ўтрымаць уладу Аляксандра Лукашэнкі? Лічым разам з эканамістам BEROC Змітром Круком.

Афіцыйна вядома, што жывымі грашыма Расія выдала Беларусі $1,5 млрд: па $500 мільёнаў у кастрычніку 2020-га, снежні 2020-га і чэрвені 2021-га. 

Па першым траншы фармальны крэдытор не Расія, а Еўразійскі фонд стабілізацыі і развіцця, але асноўны яго фундатар — РФ. 

Такія невялікія аб'ёмы рабілі ілюзію неахвотнай фінансавай падтрымкі Лукашэнкі з боку Пуціна. 

Але звычайна не ўлічваецца галоўны метад Расійскай падтрымкі — зніжкі на энерганосбіты, у выніку чаго Беларусь атрымлівае газ і нафту істотна танней, чым суседзі.

Па просьбе «Нашай Нівы» Дзмітрый Крук падлічыў, колькі грошай Лукашэнка мае на такіх зніжках. 

Метадалогія ацэнкі наступная: параўноўваецца рынкавая цана нафты маркі Urals і цана, па якой Urals пастаўляецца ў Беларусь.

Розніца, якая складваецца пасля падліку аб’ёмаў імпарту, лічыцца ўскосным субсідаваннем беларускіх уладаў.

Аналагічна з газам: сярэднееўрапейская гадавая цана параўноўваецца з сярэднегадавой цаной для Беларусі, розніца пасля падліку аб’ёмаў імпарту лічыцца субсідыяй.

У выніку, калі скласці нафтавую і газавую субсідыі, мы атрымаем прыкладную лічбу расійскай падтрымкі, якая не аформленая ў выглядзе крэдытаў.

Так, у 2020-м сярэднегадавая цана Urals на біржы складала $294 за тону, а для Беларусі — $243. Гэта 82,4% ад сусветных цэн, што з улікам аб’ёмаў азначае $790 мільёнаў субсідый, або 1,3% ад ВУП.

У 2021-м цана Urals за тону была $510, і $453 для Беларусі — гэта 88,7% ад сусветнай цаны, або ў валюце — адзін мільярд і $60 мільёнаў, або 1,58% ад ВУП. 

Што тычыцца газу, то ў 2020-м сярэднееўрапейская цана была $116 за тысячу кубаметраў, а цана фактычнай пастаўкі для Беларусі — $130, ці 132% ад цаны ў Еўропе.

Тады Лукашэнка за год прайграў 600 мільёнаў долараў.

Табліца падлікаў Дзмітрыя Крука па гадах — можна ўбачыць долі падтрымкі ад ВУП 

Але ў 2021-м — мала сказаць што адыграўся, бо сярэдняя цана ў Еўропе склала $384 за тысячу кубоў, а для Беларусі — $130.

Гэта толькі 39,7% ад еўрапейскай цаны, а значыць, выгада — тры з паловай мільярды долараў, або цэлых 5,2% ад ВУП.

Агулам жа за 2021 год выходзіць, што лічба падтрымкі толькі сыравіннымі субсідыямі склала 6,9% ад ВУП!

За вылікам газавых «страт» у 2020-м, памер энергетычнага субсідавання з боку Расіі ў 2020-2021 гадах складае амаль $4,7 мільярда. 

Апроч гэтага, Расія рэгулярна патроху, але купляе беларускія аблігацыі, а таксама пераводзіць грошы «на будаўніцтва АЭС». Лукашэнка неяк хваліўся, што зэканоміў і збіраўся на іх пабудаваць азотны камбінат. Але далейшы лёс зэканомленых грошай пакуль невядомы.

Калі браць і сродкі, атрыманыя па гэтых двух пунктах, то, па падліках Дзмітрыя Крука, выходзіць, што разам з купляй аблігацый, траншамі «на АЭС», наўпроставымі крэдытамі і энергасубсідыямі Лукашэнка за два гады атрымаў каля 6,7 мільярда долараў. 

Але нават з такой падтрымкай беларускі бюджэт у 2020-м меў 4 мільярды рублёў дэфіцыту. Па даных за студзень-лістапад 2021-га, дэфіцыт склаў 6,3 мільярда рублёў.

Сусветны банк назваў Беларусь найбуйнейшым даўжніком Расіі. Яна на першым месцы ў рэйтынгу з сумай пазыкі $8,1 мільярда. Праўда, гэтая сума ўлічвае толькі выдадзеныя крэдыты.

Чытайце таксама: Беларусы не вераць дзяржаве і рублю. Нацбанк паказаў статыстыку па куплі і продажы валюты

Арцём Гарбацэвіч

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера