Знайсці
04.01.2022 / 08:03РусŁacБел

«Лепш буду жыць у грузінскай вёсцы, чым у беларускай турме». Колькі беларусаў пераехала ў Грузію?

Паводле неафіцыйных звестак да зімы 2021 года Грузія ўжо прыняла каля 3-5 тысяч палітычных эмігрантаў з Беларусі. Мы даведаліся пра нюансы пражывання, працаўладкавання і легалізацыі беларусаў у гэтай краіне. 

Фота: Mostafa Meraji, unsplash.com

Чаму беларусы паехалі ў такі няблізкі свет? Прычын адразу некалькі. Сюды не трэба віза, да гэтага часу захаваліся прамыя авіязносіны, у краіне выдатны клімат, недарагое ў параўнанні з Польшчай, Літвой і нават Украінай жыццё. У дадатак да ўсяго грузінскія ўлады актыўна заяўляюць пра сваю прыхільнасць да праеўрапейскага курса і дэмакратыі.

«Людзі працягваюць з'язджаць з Беларусі ў Грузію»

Паводле звестак грузінскіх уладаў, за 11 месяцаў 2021 года ў Грузіі пабывалі каля 35 тысяч беларусаў — гэта амаль утрая больш за аналагічны перыяд мінулага года. Афіцыйных дадзеных пра тое, хто з гэтых беларусаў дадому вырашыў не вяртацца, баючыся палітычнага пераследу, няма.

Справа ў тым, што па прыездзе ў Грузію беларусам не трэба нідзе рэгістравацца. Больш за тое, бязвыезна і без неабходнасці якой-небудзь легалізацыі беларусы могуць знаходзіцца тут 12 месяцаў.

Далей можна проста «абнуліцца». Для гэтага дастаткова, да прыкладу, перасекчы мяжу з суседняй Арменіяй, Азербайджанам ці Турцыіяй, куды беларусам віза таксама не патрэбна, і зноў вярнуцца ў Грузію. Пасля гэтага ў вашым пашпарце будзе стаяць штамп аб перасячэнні мяжы. І гэта значыць, што вы без праблем можаце жыць у Грузіі яшчэ адзін год.

Фота: posibiri.ru

Каб усё ж даведацца, колькі беларусаў хаця б прыблізна сёння знаходзяцца ў Грузіі, мы пагаварылі з прадстаўнікамі беларускай дыяспары.

Як расказалі нам беларусы з Аджарскага рэгіёну (яго сталіца —Батумі), зараз там знаходзяцца некалькі тысяч суайчыннікаў:

«Нам таксама было цікава даведацца дакладныя лічбы. Мы нават звярнуліся ў гарадскую адміністрацыю. Там адказалі: «Паводле нашых звестках, цяпер у Батумі жывуць ад 2 да 5 тысяч беларусаў».

Так, разбежка вельмі вялікая. Але колькасць беларусаў у Батумі сапраўды пастаянна змяняецца. Да прыкладу, спачатку людзі прыехалі сюды з Беларусі. Потым паспрабавалі перабрацца ва Украіну ці Літву-Польшчу.

Але там жыццё нашмат даражэйшае, плюс вельмі абмежаваны тэрмін знаходжання і ёсць праблемы з легалізацыяй. Таму многія зноў вяртаюцца ў Батумі. Альбо прыязджаюць сюды перазімаваць. Узімку тут цяплей, чым у той жа Літве, кватэры каштуюць амаль у два разы танней, чым улетку, побач мора. Адсюль і такая плаваючая лічба».

На думку прадстаўніцы беларускай дыяспары ў Тбілісі Алены, у грузінскай сталіцы беларусаў менш.

«Дакладнай лічбы таксама не назаву. Але, думаю, тут нас не менш за тысячу, — гаворыць беларуска. — Магу таксама з упэўненасцю сказаць, што колькасць беларусаў у Тбілісі пастаянна павялічваецца.

Мы збіраемся кожны тыдзень, праводзім мітынгі ў падтрымку зняволеных і супраць Лукашэнкі. І кожны раз на гэтыя сустрэчы прыходзяць новыя беларусы. Людзі працягваюць з'язджаць з Беларусі ў Грузію».

«Зразумела, што трэба з'язджаць, але цягнула з рашэннем»

Фота: maxresdefault.ru

Для большасці грузінскіх экспатаў, якія перабраліся сюды ўлетку, апошняй кропляй «за пераезд у Грузію» стала затрыманне Рамана Пратасевіча. Пасля тых майскіх падзей многія набылі квіток у адзін канец.

«Я з'язджала ў апошнія дні мая, — гаворыць мінчанка Наталля. Для бяспекі родных, якія пакуль застаюцца ў Беларусі, жанчына прасіла не называць свайго прозвішча. — Пасля затрымання Пратасевіча я зразумела, што трэба з'язджаць, але неяк падсвядома яшчэ цягнула з рашэннем. А потым сталі актыўна затрымліваць маіх калег.

Я разумела, што мой арышт — гэта толькі справа часу. Грузія ў той момант ужо была адзінай краінай, куды з Мінска я магла б паляцець прамым рэйсам.

Разлік быў самы просты. У гэтай краіне мяне наўрад ці затрымаюць і яшчэ там я з большай верагоднасцю не прападу нават з адным чамаданам рэчаў і мінімальным грашовым запасам. Калі не пацягну кватэру ў горадзе, пераеду ў горную вёску. То-бок нават пры самым горшым раскладзе мне ўсё роўна будзе лепш у Грузіі, чым у беларускай турме».

У Грузіі жанчына знаходзіцца ўжо больш за паўгода. І, па яе словах, пакуль што аб сваім рашэнні яна не пашкадавала.

Што прыцягвае беларусаў у Грузіі?

Фота: tonkosti.ru

Як мы ўжо казалі, бязвыезна беларусы ў Грузіі могуць знаходзіцца цэлы год. І гэта вельмі вялікі плюс, бо такіх умоў няма ні ва Украіне, ні ў Літве, ні ў Польшчы, дзе беларусаў зараз таксама вельмі шмат.

Яшчэ ў Грузіі цёпла. Прытым цёплае не толькі надвор'е, але і людзі. Нюансы, зразумела, таксама ёсць: на вуліцах тут не так чыста, як у Беларусі, правілы дарожнага руху людзі выконваць тут не асабліва прывыкшыя, самі грузіны даволі шумныя, не вельмі абавязковыя, часам празмерна расслабленыя, але гэта толькі нюансы, якія ёсць у кожнай краіне.

У той жа час знаходжанне тут на працягу хаця б месяца цалкам можна прыраўноўваць да добрага курса рэабілітацыі — і фізічнай, і псіхалагічнай. Ёсць мора, горы, шмат недарагой сезоннай садавіны і гародніны.

У краіне сабралася даволі дружная беларуская дыяспара. У чатах для экспатаў тут усе адно аднаму дапамагаюць. Калі не справай, дык парадай дакладна.

Яшчэ адзін важны момант: у Грузіі спакойна можна пражыць без англійскай мовы, многія гавораць па-руску.

Кошты ў крамах прыкладна такія ж, як у Беларусі. Але апошнім часам растуць, асабліва на мяса, малочку, кураціну. Затое танныя сыры, хлеб, зеляніна і віно.

На дзіва, шмат якія паслугі і сэрвісы на муніцыпальным узроўні працуюць зладжана і выразна, з высокай доляй цыфравізацыі. Амаль усе праблемы з дакументамі тут можна вырашыць вельмі хутка. Хадзіць па шматлікіх інстанцыях не трэба.

Дастаткова прыйсці ў Дом юстыцыі і звярнуцца да патрэбнага спецыяліста. Самыя складаныя пытанні можна вырашыць прыкладна за паўгадзіны — без нерваў і вялікіх страт.

Спачатку прывыкнуць да гэтага беларусам няпроста. Таму яны на ўсялякі выпадак пытаюцца: «Дакладна больш нічога плаціць не трэба»?

Фота: torgeek.ru

Дарэчы, каб адкрыць рахунак у банку Грузіі, нават калі вы не рэзідэнт, дастаткова толькі пашпарта.

Яшчэ адзін цікавы нюанс: калі ў Беларусі міліцыя лёгка можа залезці ў вашыя банкаўскія рахункі і нават іх заблакаваць, то з грузінскімі банкамі такі фокус не пракатвае.

Каб даведацца пра дадзеныя грузінскага банкаўскага рахунка чалавека, нават мясцовай паліцыі спачатку трэба зрабіць запыт у банк, потым банк вельмі доўга і старанна будзе правяраць, ці сапраўды на гэта ёсць падставы. Калі яны ёсць, будзе суд. І толькі пасля адпаведнага рашэння суда паліцыя зможа атрымаць звесткі пра наяўнасць грошай у абвінавачанага.

Але, канечне, ёсць і вялікі мінус: бясплатнай медыцыны ў Грузіі не існуе. Плацяць усе, у тым ліку і грамадзяне краіны (для іх — зніжка). Гэта адваротны бок казачна нізкіх падаткаў у Грузіі.

Працадаўца цалкам вызвалены ад сацвыплат за наёмных работнікаў. Таму часцей за ўсё беларусы ў Грузіі набываюць сабе медстрахоўкі. Кошты, у параўнанні з еўрапейскімі, меншыя. 

Асобная праблема — адукацыя для дзяцей. Асабліва ў Батумі і невялікіх гарадах, бо месцаў у рускамоўных сектарах школ і дзіцячых садкоў не хапае, а беларускамоўных увогуле няма. У Тбілісі з гэтым прасцей. Канешне, у Грузіі ёсць і прыватныя школы. Але навучанне там абыходзіцца ў прыстойную суму — ад $180 да $1000 у месяц.

Афіцыйныя ўлады ведаюць гэтую праблему і прызнаюцца: да такога прытоку беларусаў яны гатовыя не былі, але паабяцалі вырашыць праблему бліжэйшым часам.

Замежнікам не трэба атрымліваць дазвол на працу

Большасць беларусаў, якія сёння жывуць у Грузіі, як правіла, добрыя спецыялісты з вышэйшай адукацыяй. Шмат хто працуе аддалена і выдатна пачуваецца са сваім заробкам у Грузіі.

Тым, у каго такой магчымасці няма, нашмат складаней. Заробкі тут невысокія, працы не хапае нават для мясцовых, пры прыёме на працу часцяком патрабуюць веданне грузінскай мовы. Але на гэтым нюансы амаль сканчаюцца.

Што тычыцца працы, то Грузія — адзіная з нямногіх краін на планеце, дзе замежнікам не трэба атрымліваць спецыяльны дазвол. А ўмовы вядзення бізнэсу моцна адрозніваюцца ад беларускіх. 

Тут вельмі нізкія падаткі. Для «іпэшнікаў» — 1% з абароту або 20% з чыстага прыбытку. Ніякіх патэнтаў і атрымання ліцэнзій. Пошліна за адкрыццё ІП складае ўсяго $7.

Фота: allgeotrip.ru

Тым, хто пакуль не ўпэўнены, прапаноўваюць мікрапрадпрымальніцтва. Гэта нешта накшталт самазанятасці.

Падыходзіць тым, чый гадавы абарот складае менш за $10 000 у год. У такім выпадку вам наогул ніякіх падаткаў плаціць не давядзецца. Калі гадавы абарот большы — трэба рэгістраваць ІП.

Каб адкрыць юрыдычную асобу (у Грузіі іх пяць відаў — заўв. «НН»), трэба заплаціць $32. Падаткі ў гэтым выпадку будуць такія: падатак на дадатковую вартасць — 18%, падатак на прыбытак — 15%.

Для афармлення ІП дастаткова прыйсці са сваім пашпартам у Дом юстыцыі і запоўніць некалькі дакументаў. Загадзя трэба будзе паклапаціцца толькі аб юрыдычным адрасе і пісьмовай згодзе ўласніка гэтага адрасу. Некаторыя вырашаюць гэтае пытанне праз уласніка кватэры, якую здымаюць.

Пасля атрымання паперы ад Дома юстыцыі, на наступны дзень трэба стаць на ўлік у падатковую. Гэта яшчэ паўгадзіны. Усё — з наступнага месяца можна пачынаць прадпрымальніцкую дзейнасць.

Тыя беларусы, у якіх былі зберажэнні, ідуць і такім шляхам: купляюць апартаменты, да прыкладу, у Батумі, і здаюць іх у арэнду.

Паводле ацэнак тых, хто ўжо набыў нерухомасць з гэтай нагоды, рэнтабельнасць такога бізнэсу — ад 5 да 15%. Падаткаў на нерухомасць у Грузіі няма, абавязковых камунальных плацяжоў — таксама. Аплачваць трэба толькі тое, што рэальна спажыў па лічыльніку, таму прастой нерухомасці ў несезон ніякіх дадатковых выдаткаў не пацягне.

Што тычыцца спецыяльнасцяў беларускіх эмігрантаў, то гэта не толькі «айцішнікі». Будаўнікі, сантэхнікі, электрыкі тут таксама ў пашане. Беларусаў хваляць за тое, што яны, як правіла, умеюць працаваць шмат і якасна.

Галоўная праблема беларусаў у Грузіі — сумневы наконт бяспекі

У жніўні гэтага года беларусы, якія пераехалі ў Грузію, не на жарт спалохаліся: у сілу ўступіла пагадненне аб супрацоўніцтве паміж службай дзяржбяспекі Грузіі і беларускім КДБ.

Фактычна гэта азначае, што цяпер беларускія спецслужбы могуць збіраць інфармацыю пра месцазнаходжанне беларуса ў Грузіі, пра тое, якія ў яго сродкі на рахунках, чым ён займаецца.

Фота: fotoload.ru

Пасля таго, як праз уступленне пагаднення ў сілу ў грузінскім грамадстве паднялася хваля пратэсту, прэм'ер-міністр Грузіі Іраклій Гарыбашвілі заявіў:

«Гэта пагадненне не выкарыстоўваецца і не будзе выкарыстоўвацца супраць грамадзян, у тым ліку грамадзян Беларусі. Гэта звычайнае рамачнае пагадненне, у рамках якога службы бяспекі супрацоўнічаюць у сувязі з транснацыянальнымі злачынствамі, тэрарызмам і гэтак далей».

Але беларусы асцерагаюцца, што нашы спецслужбы могуць выкарыстоўваць кампетэнтныя органы Грузіі. Ці ёсць падставы для хвалявання?

«Паводле грузінскіх законаў, асоб, якія пражываюць у Грузіі ці папрасілі ў краіны палітычнага прытулку, не могуць аўтаматычна экстрадзіраваць па запыце іншай краіны, — расказаў юрыст Дзіта Назаідзэ, які супрацоўнічае з «Цэнтрам правоў чалавека» ў Грузіі. — Кожны такі выпадак разглядаецца ў судзе Грузіі.

Калі высвятляецца, што пасля выдачы чалавек можа падвергнуцца катаванням або гвалту, калі на радзіме яго пераследуюць па палітычных матывах, у выдачы такога чалавека грузінскі бок адмовіць».

Па стане на 3 студзеня 2022 года прэцэдэнтаў з выдачай беларускіх грамадзян, якія з'яўляюцца палітычнымі мігрантамі ў Грузіі, зафіксавана не было.

Чытайце таксама:

«Выбар краіны быў досыць меркантыльны: меншыя падаткі і таннейшае жыццё». Колькі беларусаў пераехала ва Украіну пасля выбараў?

«Людзі пачалі перавозіць сем'і. Гэты сігнал значыць, што яны тут надоўга». Колькі беларусаў з'ехала пасля выбараў у Літву?

Толькі IT-спецыялістам і членам іх сем'яў — 22 тысячы віз. Колькі беларусаў рэлацыравалася ў Польшчу?

Nashaniva.com

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй
ананімна і канфідэнцыйна?

Клас
Панылы сорам
Ха-ха
Ого
Сумна
Абуральна
Каб пакінуць каментар, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера
Каб скарыстацца календаром, калі ласка, актывуйце JavaScript у наладах свайго браўзера